Валянцін Арловіч

беларускі фізык-вынаходнік

Валянці́н Анто́навіч Арло́віч (нар. 1947, Краснае, цяпер Маладэчанскі раён, Менская вобласьць, Беларусь) — беларускі фізык-вынаходнік.

Валянцін Арловіч
Дата нараджэньня 2 студзеня 1947 (77 гадоў)
Месца нараджэньня Краснае, Радашкавіцкі раён, Маладэчанская вобласьць, Беларуская ССР, Савецкі Саюз
Месца вучобы Фізычны факультэт БДУ (1969)
Занятак фізык
Навуковая сфэра лазэрная фізыка
Месца працы Нацыянальная акадэмія навук Беларусі
Вядомы як стваральнік лазэраў з плаўнай перабудовай частасьці
Навуковая ступень доктар навук (1990)
Навуковы кіраўнік Павал Апанасевіч
Узнагароды
Мэдаль Францішка Скарыны
Мэдаль Францішка Скарыны
прэмія Камсамолу Беларусі (1978), Дзяржаўная прэмія Беларусі (2000), прэмія Капцюга (2017)

Доктар фізыка-матэматычных навук (1990) і прафэсар (1993)[1]. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (НАНБ, 2003). Ляўрэат прэміі Камсамолу Беларусі (1978), Дзяржаўнай прэміі Беларусі (2000) і прэміі Капцюга (2017). Узнагароджаны мэдалём Францішка Скарыны (2007). Стварыў цьвёрдацельныя і газавыы лазэры з плаўнай перабудовай частасьці ў бачным, ультрафіялетавым і інфрачырвоным дыяпазонах[2]. Кіраўнік Беларускага рэспубліканскга фонду фундамэнтальных дасьледаваньняў (БРФФД, 2000—2014), пры якім беларускія фізыкі бралі ўдзел у стварэньні мэгаўстановак у складзе Вялікага гадроннага калайдэра і досьледах, якія прывялі да адкрыцьця базона Гігса[3]. На 2022 год быў акадэмікам-сакратаром Аддзяленьня фізыкі, матэматыкі і інфарматыкі НАНБ (зь 2014 году)[2].

Жыцьцяпіс

рэдагаваць

У 1969 годзе скончыў фізычны факультэт БДУ і працаўладкаваўся дасьледнікам у Інстытут фізыкі Акадэміі навук Беларускай ССР[1]. Пазьней стаў малодшым, старэйшым, вядучым і галоўным навуковым супрацоўнікам Інстытут фізыкі. У 1978 годзе атрымаў прэмію Камуністычнага саюзу моладзі Беларусі за дасьледаваньне пераўтварэньня лазэрнага выпраменьвньня і распрацоўку крыніцаў кагерэнтнага сьвятла з плаўнай перабудовай частасьці ў бачным, ультрафіялетавым і інфрачырвоным дыяпазонах[2]. У 1990 годзе атрымаў навуковую ступеню доктара фізыка-матэматычных навук. У 1993-м стаў прафэсарам. Распрацаваў шэраг спосабаў кагерэнтнай спэктраскапіі камбінацыйнага расьсеяньня сьвятла. Дасьледаваў уплыў квантавых шумоў на нелінейна-аптычныя працэсы. Стварыў некалькі цьвёрдацельных і газавых лазэраў[1].

У 1994 годзе стаў загаднікам лябараторыі Інстытуту фізыкі імя Барыса Сьцяпанава, а ў 1998-м — намесьнікам кіраўніка ў навуковай працы Інстытуту. У 2000 годзе абраны сябрам-карэспандэнтам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (НАНБ) і ўзнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй Беларусі за дасьледаваньне нелінейна-аптычных зьяваў і стварэньне шэрагу крыніцаў лазэрнага выпраменьваньня. У 2003 годзе ўзначаліў Беларускі рэспубліканскі фонд фундамэнтальных дасьледаваньняў (БРФФД) і быў абраны акадэмікам НАНБ. У 2007-м быў узнагароджаны мэдалём Францішка Скарыны[2]. Да 2013 году на пасадзе старшыні БРФФД падтрымаў стварэньне беларускімі навукоўцамі мэгаўстановак «Атляс» і «ЦМС» у складзе Вялікага гадроннага калайдэра і фізычную праграму досьледаў, якія прывялі да адкрыцьця базона Гігса. У гэтых праектах удзельнічалі навукоўцы Інстытуту фізыкі НАНБ, Нацыянальнага цэнтру фізыкі часьцінак высокіх энэргіяў БДУ і Навукова-дасьледчага інстытут ядзерных праблемаў БДУ. 16 красавіка 2013 году паведаміў, што беларускія навукоўцы возьмуць удзел ва ўдасканаленьні паскаральніка элемэнтарных часьцінак цягам наступных 2-х гадоў, пакуль Вялікі адронны калайдэр быў спынены[3].

У 2014 годзе стаў акадэмікам-сакратаром Аддзяленьня фізыкі, матэматыкі і інфарматыкі НАНБ[2]. 21 чэрвеня 2017 году Прэзыдыюм Сыбірскага аддзяленьня Расейскай акадэміі навук узнагародзіў Арловіча і Ўладзімера Дашкевіча зь Інстытуту фізыкі НАНБ, а таксама Мікалая Куляшова і Віктара Кісяля з БНТУ прэміяй Капцюга за цыкль працаў «Дасьледаваньне фундамэнтальных асаблівасьцяў лазэрнай генэрацыі 3-валентных іёнаў эўропу ў анізатронных крышталічных матрыцах падвойных малібдатаў і вальфраматаў»[4].

Навуковая дзейнасьць

рэдагаваць

На 2022 год напісаў каля 500 навуковых працаў і зрабіў 9 вынаходзтваў у галіне лазэрнай фізыкі і нелінейнай оптыкі, спэктраскапіі і фотафізыкі, фотабіялёгіі і лазэрна-аптычнага прыборабудаваньня. Дасьледавў вымушанае камбінацыйнае расьсейваньне (ВКР), канкурэнцыю нелінейна-аптычных эфэктаў і макраскапічныя праявы квантавых шумоў і у флюктуацыях выпраменьваньня ВКР. Выявіў і вывучыў узьнікненьне шэрагу відаў салітонаў ВКР і ўтварэньне выпраменьваньня са звышгаўсавай статыстыкай, павелічэньне спэктральнага кантрасту і ўзьнікненьне імпульсных нестабільнасьцяў пры ВКР. Атрымаў пераўтварэньне пры ВКР частасьці выпраменьваньня, што дазволіла пабудаваць цьвёрдацельныя пераўтваральнікі ВКР на прыкладзе мінілазэраў безупыннай дыёднай напампоўкай, а таксама безупынныя і фэмтасэкундныя лазэры ў крышталёвым асяродзьдзі. Распрацаваў спосабы нелінейнай спэктраскапіі нана-фэмтасэкунднага часавага вырашэньня. Стварыў спэктромэтры кагерэнтнага і спантаннага камбінцыйнага расьсейваньня, з дапамогай якіх дасьледаваў узаемадзеяньне мэтаалапарфірынаў з рашчынальнікамі, ДНК і ДНК-мадэлявальнымі злучэньнямі. Прапанаваў схемы рэзанатараў для некалькіх відаў лазэраў, на аснове якіх стврыў частотны лазэр, які безупынна перабудоўвае выпраменьваньне ў межах 0,26—8,1 мікрамэтраў. Таксама стварыў крыніцы бясьпечнага для зроку выпраменьваньня, цьвёрдацелы вузкапалосны лазэр, які перабудоўваецца ў межах 188—1800 нанамэтраў[2].

  1. ^ а б в Арловіч Валянцін Антонавіч // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1996. — Т. 1: А — Аршын. — С. 483. — 552 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0036-6
  2. ^ а б в г д е Арловіч Валянцін Антонавіч // Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, 2022 г. Праверана 1 лютага 2022 г.
  3. ^ а б Андрэй Асфура. Беларускія вучоныя могуць удасканаліць Вялікі адронны калайдэр // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 16 красавіка 2013 г. Праверана 1 лютага 2022 г.
  4. ^ Калектыў беларускіх і сыбірскіх вучоных стаў ляўрэатам прэміі імя акадэміка В. А. Капцюга 2017 года // Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, 21 чэрвеня 2017 г. Праверана 1 лютага 2022 г.