Карэйская вайна
Карэ́йская вайна́, Вайна ў Карэ́і — баявыя дзеяньні на Карэйскім паўвостраве ў 1950—1953 роках паміж узброенымі сіламі КНДР пры падтрымцы СССР і КНР з аднаго боку, і войскамі Паўднёвай Карэі пры падтрымцы ЗША і амэрыканскіх хаўрусьнікаў пад эгідай Савету Бясьпекі ААН з другога.
Карэйская вайна
(한국전쟁) (조선전쟁) | |||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Марская пяхота ЗША палоніць кітайскіх камуністаў; Бамбавік Б-26; Сілы ААН адыходзяць праз 38-ю паралель; Паўднёвакарэйскія ўцекачы; Атака марскіх пехацінцаў | |||||||||||
| |||||||||||
Супернікі | |||||||||||
![]() | |||||||||||
Камандуючыя | |||||||||||
Колькасьць | |||||||||||
![]() ![]() ![]() ![]() ![]() ![]() ![]() ![]() ![]() ![]() ![]() ![]() ![]() ![]() ![]() ![]() ![]() Агулам: 941 356 — 1 139 518 | ![]() ![]() ![]() Агулам: 1 066 000 | ||||||||||
Страты | |||||||||||
900 000 — 1 800 000 | 1 500 000 — 3 800 000 | ||||||||||
У Паўночнай Карэі вайна называецца Айчыннай вызваленчай (па-карэйску: 조국해방전쟁), у Паўднёвай — Інцыдэнтам 25 чэрвеня (кар. 6·25 사변).
ПерадумовыРэдагаваць
Пасьля перамогі над імпэрскай Расеяй у вайне 1904—1905 рокаў Японія зрабіла Карэю сваім пратэктаратам, а ў 1910 року анэксавала яе.
У 1919 року карэйскія ўцекачы ў Кітаі ўтварылі ўрад у выгнаньні і пры падтрымцы кітайскіх нацыяналістаў вялі барацьбу зь японскімі акупантамі.
Пасьля сканчэньня ваенных дзеяньняў у Эўропе СССР уступіў у вайну зь Японіяй на баку хаўрусьнікаў. У жніўні 1945 року было вырашана падзяліць Карэю на савецкую і амэрыканскую зоны акупацыі ўздоўж 38-й паралелі.
Плянавалася, што пасьля пяцігадовага супольнага кіраваньня СССР і ЗША ўтвораць у 1950 року незалежную Карэю. Аднак супраць Аб’яднанай савецка-амэрыканскай камісіі пачаліся выступленьні карэйцаў. Амэрыканскае вайсковае кіраваньне спрабавала забараніць страйкі і ўвяло ваеннае становішча.
Празь недзеяздольнасьць Аб’яднанай камісіі ўрад ЗША прапанаваў правесьці ў Карэі выбары пад эгідай ААН. Савецкі Саюз і карэйскія камуністы адмовіліся ад удзелу, і ў траўні 1948 року выбары адбыліся ў паўднёвай частцы Карэі. Праз тры месяцы, у жніўні, свае выбары правяла Паўночная Карэя.
15 жніўня 1948 року была ўтвораная Рэспубліка Карэя (або Паўднёвая Карэя) на чале з прэзыдэнтам Лі Сын Манам; у савецкай зоне акупацыі паўстала камуністычная ўлада Кім Ір Сэна.
Сілы бакоўРэдагаваць
Да 1950 акупацыйныя сілы СССР і ЗША, якія ўдзельнічалі ў разгроме японскіх войскаў у Карэі, былі ў асноўным выведзеныя з гэтай краіны. Аднак дзеля падтрыманьня рэжымаў Паўночнай і Паўднёвай Карэі на паўвостраве і ў непасрэднай блізкасьці заставаліся дастаткова значныя савецкія і амэрыканскія сілы.
З савецкага боку — сілы Далёкаўсходняй вайсковай акругі і Ціхаакіянскага флёту, кантынгент у паўночна-ўсходнім Кітаі, група вайсковых дараднікаў у КНДР (246 чал. па штаце, фактычна — 148), больш за 4000 вайсковых спэцыялістаў. Карэйская народная армія налічвала дзесяць пяхотных дывізіяў, адну танкавую брыгаду, матацыклетны полк. Народна-вызваленчая армія Кітаю была зьвязана вайной з гаміньданаўскімі сіламі ў Кітаі і не магла ўзяць удзелу ў Карэйскай вайне на першым этапе.
З амэрыканскага боку — 7-ы флёт (каля 300 караблёў), дзьве паветраныя арміі на авіябазах у Японіі і Філіпінах — тактычная 5-я і стратэгічная 20-я, на базах у непасрэднай блізкасьці ад Карэі — тры пяхотныя дывізіі і адна бранятанкавая армія. У Паўднёвай Карэі працавала амэрыканская дарадніцкая група з 500 чал. Армія Паўднёвай Карэі мела восем пяхотных дывізіяў, мясцовыя абарончыя і пагранічныя часткі.
Былыя хаўрусьнікі па Другой сусьветнай вайне знаходзіліся ў стане неафіцыйнага ваеннага супрацьстаяньня, якое магло ў любы час прывесьці да прамога сутыкненьня. Да лета 1950 напружаньне па лініі міжкарэйскага разьмежаваньня вырасла максымальна.
Хада ваенных дзеяньняўРэдагаваць
25 чэрвеня 1950 бясконцыя пагранічныя канфлікты ўздоўж 38-й паралелі перарасьлі ў вайну. На пачатку ліпеня ЗША правялі праз Савет Бясьпекі ААН рашэньне пра стварэньне камандаваньня войск ААН для абароны свайго паўднёвакарэйскага хаўрусьніка. Рашэньне Савету Бясьпекі падтрымалі (а пазьней накіравалі свае войскі ў Карэю) Вялікабрытанія, Францыя, Бэльгія, Нідэрлянды, Грэцыя, Новая Зэляндыя, Аўстралія, Канада, Індыя, Тайлянд, Этыёпія, Калюмбія, Філіпіны, Японія.
На першым этапе Карэйская народная армія прарвала абарону паўднёвакарэйскіх войск і да сярэдзіны верасьня захапіла амаль усю тэрыторыю Карэі.
На другім этапе амэрыканскія і паўднёвакарэйскія сілы высадзілі ў раёне Сэулу бранятанкавы корпус, перайшлі ў наступ у тыле войск КНДР і перахапілі стратэгічную ініцыятыву. Карэйская народная армія была вымушана адыходзіць на поўнач краіны. Урад КНДР запрасіў у СССР непасрэдную ваенную дапамогу сіламі проціпаветранай абароны і рэактыўнай зьнішчальнай авіяцыі.
З набліжэньнем вайны да граніц СССР і КНР у кастрычніку 1950 у вайну ўступілі так званыя «кітайскія народныя добраахвотнікі» ў складзе 12 дывізіяў 13-й армейскай групы Народна-вызваленчай арміі Кітаю агульнай колькасьцю каля 200 тыс. чал. Да канца лістапада кітайска-паўночнакарэйскія сілы адкінулі праціўніка за 38-ю паралель і нават занялі Сэул.
З канца 1950 у вайне ўдзельнічаў пад выглядам авіяцыі КНР 64-ы зьнішчальны авіяцыйны корпус Вайскова-паветраных сіл СССР (35 лётчыкам, у тым ліку беларусам Я. М. Стэльмаху, Л. К. Шчукіну прысвоена званьне Героя Савецкага Саюзу). Усяго з савецкага боку прыняло ўдзел у вайне каля 40 тыс. чал. Загінула больш за 300 ваеннаслужачых.
У наступныя месяцы вайны фронт стабілізаваўся па лініі 38-й паралелі. 27 ліпеня 1953 падпісана пагадненьне аб перамір’і.
Вынікі вайныРэдагаваць
У асноўным захавалася даваенная дэмаркацыйная лінія, да КНДР адышоў горад Кэсон, а да Паўднёвай Карэі некалькі невялікіх населеных пунктаў.
У вайне загінула па розных ацэнках ад 3 да 5 млн чал., значна разбурана гаспадарка, моцна пацярпелі ўсе гарады.
За маштаб супрацьстаяньня, у які былі ўцягнуты мацнейшыя краіны сьвету, вайна часам афарыстычна называецца «Трэцяй сусьветнай карэйскай вайной». Як першы вялікі ўзброены канфлікт з пачатку Халоднай вайны, Карэйская вайна стала мадэльлю лякальнай вайны, у якой дзьве звышдзяржавы ваююць паміж сабой на абмежаванай тэрыторыі без прымяненьня ядзернай зброі.