Бі́блія Яку́ба Ву́йка (па-польску: Biblia Jakuba Wujka) — пераклад Бібліі на польскую мову, выдадзены ў 1599 року. Названы паводле выканаўцы перакладу, езуіцкага ксяндза Якуба Вуйка. Ягоная Біблія заставалася асноўным тэкстам польскіх набажэнстваў да сярэдзіны XX стагодзьдзя. Пасьля 1965 яго замяніла Біблія Тысячагодзьдзя.

Біблія Якуба Вуйка
Першае выданьне Новага Запавету (1593)
Поўная назва: Biblia to jest Księgi Starego y Nowego Przymierza według Łacińskiego przekładu starego, w kościele powszechnym przyjętego, na Polski ięzyk z nowu z pilnością przełożone, z dokładaniem textu Żydowskiego y Greckiego, y z wykładem Katholickim, trudnieyszych miejsc, do obrony wiary swiętej powszechnej przeciw kacerstwóm tych czasów należących: przez D. Iakuba Wuyka z Wągrowca, Theologa Societatis Iesu.
Іншыя назвы: Біблія Вуйка, Вуек
Скарачэньне: Wuj.
Мова: Польская
Поўная Біблія апублікаваная: 1599
Апакрыфічныя кнігі: Тавіта, Юдыт, 1 Макабэйская, 2 Макабэйская, Мудрасьці, Мудрасьць Сыраха, Баруха
Перакладзеная з: Вульгата
Мова крыніцы: Лацінская
Канон: Каталіцкі
Рд. 1:1–3

Na początku stworzył Bóg niebo y źiemię. A źiemiá byłá pusta i próżna: y ciemności były nád głębokośćią: á Duch Boży unaszał się nád wodámi. Y rzékł Bóg: «Niech się zstanie świátłość.»

Ян. 3:16

Abowiem ták Bóg umiłował świát, że Syná swégo iednorodzonégo dał: áby wszelki kto wierzy weń, nie zginął, ále miał żywot wieczny.

Пераклад

рэдагаваць

У 1584 року езуіты і прымат Польшчы Станіслаў Карнкоўскі прыйшлі да высновы пра неабходнасьць стварэньня новага перакладу Бібліі, паколькі Біблія Леапаліты 1561 року саступала сучасным пратэстанцкім перакладам[1][2].

Пасьля атрыманьня адпаведнай згоды папы Грыгорыюса XIII для перакладу быў абраны Якуб Вуек, ужо вядомы сваімі выдатнымі перакладамі асобных частак Пісаньня для гаміліяў[1]. У адрозьненьне ад ранейшых варыянтаў заданьнем Якуба Вуйка мела быць выкананьне перакладу, «які б не саступаў будучым перакладам, а праўдай і шчырасьцю выкладу пераўзышоў усе іншыя».

Пераклад адбываўся з лацінскай вэрсіі, прыпісванай Гераніму Стрыдонскаму — г. зв. Вульгаты, якая на Трыдэнцкім саборы ў 1546 року была прызнаная афіцыйным тэкстам Рыма-каталіцкае царквы.

Пераклад Вуйка абапіраўся на лёвэнскай рэдакцыі Вульгаты, але перакладнік выкарыстоўваў таксама гэбрайскі Стары і грэцкі Новы Запаветы з тэксту Антвэрпэнскай паліглёты[3][4]. У 1593 Вуек дакладна прыстасаваў тэкст свайго перакладу да тэксту «клемэнтынскай Вульгаты»[5].

У 1593 выйшаў пераклад Новага Запавету, перадрукаваны з папраўкамі і псальмамі ў 1594, пасьля яшчэ чатыры разы ў XVII стагодзьдзі. Поўны пераклад быў скончаны ў 1595, аднак езуіты мелі яго пераправерыць з мэтаю даставаньня да клемэнтынскай Вульгаты. Праца рэвізійнае камісіі заняла некалькі гадоў, і афіцыйны пераклад выйшаў толькі праз два гады па сьмерці Якуба Вуйка, у 1599. Унесеныя рэвізійнай камісіяй зьмены былі даволі значныя і шматлікія, аднак тым ня меней гэты пераклад стаў вядомы як пераклад Вуйка.

Пераклад замяніў няўдалую Біблію Леапаліты і выконваў ролю асноўнага польскага перакладу 367 рокаў, аж да зьяўленьня Бібліі Тысячагодзьдзя як першага каталіцкага перакладу на польскую мову з арыгіналу (1965).

Характарыстыка

рэдагаваць
 
Пачатак 6 разьдзелу Кнігі Выхаду зь першага выданьня 1599 року. Імя Божае пададзенае як «Аданай»
 
Другое выданьне са збораў Віленскага ўнівэрсытэту
 
Тытульны аркуш выданьня 1599 року

У аснову перакладу палегла лацінская Вульгата, дапрацаваная з улікам вядомых у XVI стагодзьдзі грэцкіх тэкстаў (напрыклад, Textus Receptus), а ўсе разьбежкі былі апісаныя ў камэнтарох. Гэта было істотна для перакладу, паколькі недасканалае веданьне сьвятым Геранімам іўрыту, а найперш зьяўленьне вялікай колькасьці памылак перапісчыкаў за амаль тысячагодзьдзе прывяло да таго, што ў шмат якіх месцах Вульгата была ўвогуле незразумелая і нават бессэнсоўная. Недахопы Вульгаты былі вядомыя, паколькі ў XV і XVI стагодзьдзях дасьледнікі (Лярэнца Вальля, Якаб Ляфэўр(fr), Эразм Ратэрдамскі) неаднакроць паказвалі на іх (асабліва ў тэксьце Старога Запавету), а таксама рабілі ўласныя пераклады, аднак ніводзін зь іх не здабыў прызнаньня і ня здолеў замяніць Вульгату. Вуек падаваў у камэнтарох значэньне арыгінальнага тэксту (гэбрайскага ці грэцкага), такім чынам палягчаючы разуменьне тэксту.

Прадмовы да асобных кнігаў зьмяшчалі даволі востра сфармуляваныя меркаваньні пра пратэстанцкія пераклады, якія адлюстроўвалі тагачасныя каталіцкія погляды.

Розныя часткі цытаваліся польскімі паэтамі, у тым ліку Адамам Міцкевічам і Юльюшам Славацкім[2]. Яна таксама была галоўнай каталіцкай Бібліяй на польскай мове, пакуль у 1965 годзе не зьявілася Біблія Тысячагодзьдзя. Яна таксама была важнай крыніцай для першай пратэстанцкай Бібліі на польскай мове — Гданьскай 1632 году[1].

Мова перакладу

рэдагаваць

Тэкст перакладу захоўваў уласьцівыя арыгіналу адцэньні сэнсу, захаваных і ў Вульгаце. Прыкладам такой руплівасьці можа быць, напрыклад, выкарыстаньне ў перакладзе Кнігі Роду словаў mąż / mężyna (бел. муж / му́жава) як адпаведнік лацінскаму vir / virgo. У сучасных перакладах выкарыстоўваецца mężczyzna / niewiasta або kobieta (бел. мужчына / маладуха або кабета), што не адпавядае такому зьвязу мужчыны за жанчынай, які выкарыстаны ў арыгінале. Зь іншага боку, гэта падвяргала перакладніка крытыцы з прычыны ўжываньня нэалягізмаў. Большасьць зь іх, тым ня меней, былі прынятыя Касьцёлам і рэдактарамі перакладу, што спрычынілася да ўзбагачэньня і «плястычнасьці» польскае мовы.

Вуек карыстаўся працамі сваіх папярэднікаў — у тым ліку і пратэстанцкімі перакладамі — з пункту гледжаньня мовы. Ён захоўваў старыя выразы і даўнюю рэлігійную тэрміналёгію, адкідаючы «галоўным чынам новаўвядзеньні, невядомыя старым хрысьціянам тэрміны, якія новавернікі ўносяць, каб з касьцёлам каталіцкім нічога агульнага ня мець».

Мова перакладу вылучаецца прастатою, а разам з тым паважным і нават адухаўлёным стылем. Біблія Вуйка лічыцца адным з найбольш істотных твораў польскага Адраджэньня і значным штуршком да разьвіцьця пісьмовай мовы[1][2].

Пераклады дваццатага стагодзьдзя таксама не адкідалі Вуйкавы традыцыі перакладу. Некаторыя грунтаваліся на ім, напрыклад пераклад Новага Запавету Яўгеніюша Дамброўскага, іншыя сьвядома ўнікалі Вуйкавага стылю, напрыклад пераклад Сэвярына Кавальскага ці Біблія Тысячагодзьдзя.

Выданьні

рэдагаваць
  • 1593 — Новы Запавет
  • 1594 — Новы Запавет з выпраўленьнямі, што надаюць большую адпаведнасьць да Вульгаты
  • 1599 — уся Біблія
  • 1962 — тэкст у рэдакцыі Ўладыслава Лёгна
  • 1999 — трансьлітарацыя тыпу «B» арыгінальнага тэксту XVI стагодзьдзя і прадмовы, апрацаваў кс. Януш Франкоўскі

Бібліяй Вуйка карысталіся хрысьціяне розных вызнаньняў. Заснаванае ў 1816 року Польскае біблійнае таварыства ужо ў першы год дзейнасьці распаўсюдзіла 18 тысячаў асобнікаў перакладу. Таварыства перавыдавала яго без камэнтароў і другакананічных кніг да 60-х рокаў XX стагодзьдзя.

  1. ^ а б в г Grzegorz Kubski, Wzór biblijnej polszczyzny, Przewodnik Katolicki, 1 August 2007.
  2. ^ а б в Stanisław Koziara, Biblia Wujka w języku i kulturze polskiej
  3. ^ Maria Kossowska, Biblia w języku polskim, Księgarnia św. Wojciecha, Poznań 1968, t. I, s. 323.
  4. ^ Poliglota antwerpska w Sieci
  5. ^ Maria Kossowska, Biblia w języku polskim, Księgarnia św. Wojciecha, Poznań 1968, t. I, s. 340.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

  Біблія Якуба Вуйкасховішча мультымэдыйных матэрыялаў