Беларускі нацыянальны камісарыят
Беларускі нацыянальны камісарыят (Белнацкам) — аддзел Народнага камісарыяту па справах нацыянальнасьцяў (Наркамнац) Савету народных камісараў РСФСР. Старшыня А. Р. Чарвякоў.
Утварэньне
рэдагавацьБеларускі нацыянальны камісарыят быў утвораны дэкрэтам Савету народных камісараў РСФСР 31 студзеня 1918 году ў Петраградзе, пасьля нарады прадстаўнікоў левых беларускіх арганізацыяў — БСДРП, Петраградзкага аддзяленьня БСГ, левых эсэраў і вайсковых арганізацыяў Кранштату і Фінляндыі. На той нарадзе і прагучала рашучае патрабаваньне стварыць Беларускі нацыянальны камісарыят пры Наркамнацы РСФСР на ўзор утвораных летувіскага, габрэйскага, мусульманскага, армянскага ды іншых камісарыятаў. За галоўную мэту Белнацкам паставіў сабе стварэньне беларускае савецкае дзяржаўнасьці. Арыентавацца было на каго — 25 сьнежня 1917 году адбылося абвяшчэньне УССР. На момант стварэньня дзейнасьцю Белнацкама кіравалі А. Р. Чарвякоў, В. Скарынка, З. Ф. Жылуновіч.
Культурніцкая дзейнасьць
рэдагавацьУвосень 1918 году камісарыят складаўся з 6 аддзелаў (агітацыйна-палітычнага, культурна-асьветніцкага, па справах уцекачоў, выдавецкага, аддзела працы, ліквідацыйнага аддзелу) і канцылярыі. Белнацкам меў аддзяленьні ў Віцебску, Смаленску, Петраградзе, а таксама прадстаўнікоў у Воршы, Арле, Калузе, Саратаве, Тамбове[1]. Найбольш плённую дзейнасьць Белнацкам распачаў у Маскве. Тут, дзякуючы ягоным намаганьням, былі выдадзены 17 кніг, зь іх 10 - на беларускай мове. Белнацкам стварыў у Маскве Беларускае культурна-навуковае таварыства, Беларускі народны ўнівэрсытэт, былі нават адчынены дзьве школкі для беларускіх дзетак… З удзелам працаўнікоў камісарыяту былі створаныя Вышэйшыя курсы па беларусазнаўстве ў Петраградзе. Белнацкам удзельнічаў таксама ў стварэньні Беларускага вольнага эканамічнага таварыства і Таварыства аматараў беларускага народнага мастаціва ў Петраградзе. Вялікае значэньне меў выхад друкаваных органаў Белнацкаму — газэты «Дзяньніца» (яна стала першай савецкай газэтай на беларускай мове) і часопісу «Чырвоны шлях»[1].
Абвяшчэньне дзяржаўнасьці
рэдагавацьНягледзячы на «Дэклярацыю правоў народаў Расеі», урад РСФСР не пайшоў далей пазыцыяў «абласьніцтва» ў вырашэньні нацыянальнага пытаньня. Камісія ВЦВК РСФСР прапанавала на тэрыторыі былой царскай Расеі ліквідаваць нацыянальны падзел і стварыць, акрамя Маскоўскае, ячшэ тры вобласьці (камуны): Заходнюю, Паўночную і Ўральскую. Заходнюю вобласьць было прапанавана стварыць у складзе Смаленскай, Віцебскай, Магілеўскай, Чарнігаўскай, Менскай, Віленскай і Ковенскай губэрняў з абласным цэнтрам у Менску.
На такіх пазыцыях стаяла і кіраўніцтва Паўночна-Заходняга абкаму РКП(б), аблвыканкаму і СНК Заходняй вобласьці і фронту. Яны лічылі Беларусь тэрытарыяльнай адзінкай РСФСР. Іх погляды фармаваліся пад уплывам ідэі сусьветнай сацыялістычнай рэвалюцыі, а ў самавызначэньні народаў, утварэньні нацыянальных дзяржаваў, межах бачылі перашкоду на шляху да яе. Яны аргумэнтавалі гэта тым, што беларусы ня ёсьць самастойнай нацыяй, таму прынцып самавызначэньня ім не падыходзіць.
Іншую пазыцыю заняў Белнацкам. Яго кіраўнікі А. Чарвякоў, З. Жылуновіч і іншыя лічылі неабходным стварэньне рэспублікі на савецкай аснове, у цеснай сувязі з РСФСР. Гэтую пазыцыю падтрымлівалі беларускія сэкцыі РКП(б), арганізаваныя зь ліку ўцекачоў-беларусаў у Петраградзе, Маскве, Саратаве ды іншых гарадох. Белнацкам разгарнуў шырокую працу па стварэньні нацыянальнай дзяржаўнасьці, разьвіцьцю беларускай культуры, зладзіў у Маскве два зьезды ўцекачоў-беларусаў.
Белнацкам падтрымліваў цесную сувязь з урадам Савецкай Расеі, у тым ліку з Народным камісарыятам замежных справаў (НКЗС) РСФСР. Відавочна з санкцыі расейскага камісарыяту дзеячы Белнацкаму ў красавіку—траўні 1918 году зладзілі на неакупаваных немцамі землях Беларусі сходы, канфэрэнцыі ды мітынгі пад лёзунгамі непрыманьня палітыкі Рады і Ўраду БНР, адданасьці савецкай уладзе ў Расеі і жаданьня знаходзіцца зь ёй у саюзе ці фэдэрацыі. 17 кастрычніка 1918 НКЗС РСФСР прапанаваў Белнацкаму накіраваць сваіх прадстаўнікоў на тэрыторыі, вызваленыя ад нямецкай акупацыі, з мэтай арганізацыі там урадавых устаноў[1].
27 лістапада 1918 адбылося пасяджэньне камітэтаў маскоўскае Беларускае сэкцыі РКП(б), на якім была прынята пастанова ў самыя сьціслыя тэрміны склікаць Усебеларускую канфэрэнцыю сэкцыяў РКП(б) з адным пытаньнем: стварэньне дзяржаўнасьці для Беларусі.
21—23 сьнежня 1918 году ў Маскве адбылася канфэрэнцыя беларускіх сэкцыяў РКП(б). На ёй было абранае Цэнтральное бюро беларускіх камуністычных сэкцыяў РКП(б), старшынём якога стаў Зьміцер Жылуновіч. Канфэрэнцыя прызнала неабходным стварэньне Часовага рабоча-сялянскага ўраду Беларусі. Цэнтральнаму бюро было даручана пасьля прызначанай на канец 1918 VI Паўночна-Заходняй канфэрэнцыі РКП(б) склікаць Усебеларускі зьезд камуністаў і стварыць нацыянальны партыйны цэнтар.
21 сьнежня 1918 году ў Маскве, у доме № 24 па вул. Шчусева (былы Гранатавы завулак), дзе на той час месьціўся Белнацкам, пачала работу канфэрэнцыя Беларускіх сэкцыяў РКП(б), у якой узялі ўдзел прадстаўнікі шасьці сэкцыяў (Маскоўскае, Менскае, Петраградзкае, Саратаўскае, Тамбоўскае і Невельскае). ЦК РКП(б), улічваючы прапановы ЦБ беларускіх сэкцый і Белнацкаму, 24 сьнежня прыняў рашэньне пра неабходнасьць стварэньня Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. 27 сьнежня адбылася нарада работнікаў Белнацкаму, ЦБ беларускіх сэкцыяў і прадстаўнікоў Паўночна-Заходняга абкаму РКП(б). На ёй былі вырашаныя пытаньні ўтварэньня ўраду Савецкай Беларусі ў складзе 16 чалавек (старшыні і 15 чальцоў), вызначэньні межаў краіны, а таксама было вырашана стварыць Цэнтральнае бюро КП(б) Беларусі на аснове Паўночна-Заходняга абласнога камітэту РКП(б). З. Жылуновічу і А. Чарвякову было даручана падрыхтаваць Маніфэст Часовага рэвалюцыйнага рабоча-сялянскага ўраду.
30 сьнежня 1918 году ў Смаленску адбылася VI Паўночна-Заходняя абласная канфэрэнцыя РКП(б), якая вырашыла перайменаваць сябе ў Першы зьезд Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі (КП(б)Б) і абрала кіроўны орган — Цэнтральнае Бюро КП(б)Б. Канфэрэнцыя прыняла пастанову пра межы Беларусі. У адпаведнасьці зь ёй, у склад рэспублікі ўваходзілі Менская, Магілёўская, Смаленская, Віцебская, Гарадзенская губэрні з часткамі прылеглых да іх тэрыторыяў, населеных пераважна беларусамі. 1 студзеня 1919 году быў абнародаваны Маніфэст Часовага Рабоча-Сялянскага Ўраду Савецкай Беларусі пра ўтварэньне Савецкае Сацыялістычнае Рэспублікі Беларусі, пра стварэньне мясцовых нацыянальных органаў самакіраваньня, пра фармаваньне беларускіх вайсковых адзінак[2]. Гучалі нават прапановы аб неадкладным стварэньні беларускага ўраду, але больш разважлівыя галовы адхілілі іх, лічачы, што «перасаліць» у такой рызыкоўнай задуме — значыць сапсаваць усю справу. 7 студзеня Часовы рабоча-сялянскі ўрад ССРБ пераехаў у Менск.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б в Взаимоотношения БССР и РСФСР в 1919—1921 гг.: противоречивое партнёрство (рас.)
- ^ Турук Ф. Белорусское движение.- М., 1921.- С. 125 - 129. (рас.)
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Генадзь Прыбытка, Абвяшчэньне БССР і Масква(недаступная спасылка)
- Создание Белорусской Советской Социалистической Республики (рас.)