Барыс Хамайда (нар. 8 студзеня 1948, Віцебск, Беларусь) — праваабаронца, ганаровы сябра праваабарончага цэнтру «Вясна», галоўны рэдактар газэты «Выбар», актывіст партыі КХП БНФ.

Біяграфія

рэдагаваць

Нарадзіўся ў Віцебску 8 студзеня 1948 году. Скончыў 8 клясаў у СШ №9 г. Віцебску, потым вучыўся ў вячэрняй. І працаваў на станкабудаўнічым заводзе імя Кірава. Пайшоў у войска. Служыў у дывізіі, якая дысьляцыравалася ў Вільні.

Пасьля арміі паступіў на юрфак БДУ і ўладкаваўся ў народны суд Чыгуначнага раёну г. Віцебска судовым выканаўцам. Працаваў у аблвыканкаме г. Віцебска кансультантам па прававой прапагандзе. Агульны стаж працы ў юрыдычных органах каля 15 гадоў.

У 1986 годзе зьехаў у Сібір — на заробкі. Тры гады працаваў на станцыі Цюмень. Вярнуўся дадому і на заробленыя грошы зарэгістраваў у 1991 г. газэту «Выбар», адно зь першых дэмакратычных выданьняў Віцебска. Практычна з самага пачатку Б. Хамайда быў галоўным рэдактарам газэты.

У 1994 годзе ў газэце «Выбар» надрукавалі верш Славаміра Адамовіча «Убей прэзідэнта». Супраць галоўнага рэдактара Барыса Хамайды і члена рэдакцыйнага савету газэты Ўладзімера Плешчанкі(be) распачалі крымінальную справу. Спачатку яна была ўзбуджаная як «тэрарызм», потым перакваліфікавалі — «абраза прэзыдэнта». Славамір Адамовіч адседзеў 10 месяцаў у СІЗА. А Ул. Плешчанка і Б. Хамайда былі пад падпіскай аб нявыезьдзе[1].

18 студзеня 1990 году ўдзельнічаў у стварэньні гарадзкога клюбу выбаршчыкаў «За дэмакратычныя выбары». Гэта была першая афіцыйна зарэгістраваная грамадзкая арганізацыя ў Віцебску. Б. Хамайда стаў адным з трох сустаршыняў клюбу. У 1994-м гарвыканкам не перарэгістраваў статут клюбу «За дэмакратычныя выбары», і Міністэрства інфармацыі скасавала пасьведчаньне аб рэгістрацыі газэты «Выбар».

З 1997-га году распаўсюджвае ў самым цэнтры гораду Віцебска незалежныя газэты, улёткі, бел-чырвона-белыя сьцягі, герб «Пагоня».[2] За правядзеньне несанкцыянаваных пікетаў Барыса Хамайду безьліч разоў затрымлівалі, судзілі, штрафавалі. Адседзеў больш за 100 сутак адміністрацыйных арыштаў. Сума адміністрацыйных штрафаў Барыса Хамайды пераваліла ўжо за сто мільёнаў.

Неаднаразова заклікаў да байкоту выбараў.[3][4] У 2016 г. адбылася прэм’ера дакумэнтальнага фільма «Выбар Барыса Хамайды»[5]. У фільме распавядаецца пра гісторыю газэты, якую Б. Хамайда зарэгістраваў за ўласныя грошы, заробленыя цяжкай фізычнай працай у Сібіры; пра тое, як ён прыкаваў сябе ланцугом да батарэі, калі рэдакцыю гвалтам высялялі з памяшканьня; пра тое, што права на выбар — самы галоўны атрыбут свабоды.[6]

Узнагароды

рэдагаваць

Ляўрэат прэміі Алеся Адамовіча за актыўную бескампрамісную палітычную дзейнасьць па абароне дэмакратыі і правоў чалавека.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць