Бандароўна
«Бандаро́ўна» — паэма Янкі Купалы, завершаная 24 чэрвеня 1913 году. Першая з паэмаў, напісаных Янкам Купалам улетку 1913 году ў Акопах. Упершыню надрукаваная ў газэце «Наша Ніва» 19 ліпеня 1913 году. Чарнавы аўтограф паэмы з закрэсьленым аўтарскім прысьвячэньнем: «Паўліне Мядзёлцы» захоўваецца ў Літаратурным музэі Янкі Купалы.[1]
«Бандароўна» | |
па-беларуску: Бандароўна | |
Малюнак М.Басалыгі да паэмы Янкі Купалы «Бандароўна» (1978) | |
Жанр: | паэма |
---|---|
Аўтар: | Янка Купала |
Мова арыгіналу: | беларуская |
Год напісаньня: | 1913 |
Публікацыя: | 1913 |
Электронная вэрсія |
Вытокі
рэдагавацьУ аснове сюжэту паэмы — тры варыянты народнае песьні пра Бандароўну, запісаныя на Гарадзеншчыне, Ашмяншчыне і Случчыне.[2] Моцны матывамі гераізацыі, гарадзенскі варыянт твора ўяўляе сабой гістарычную песьню аб пагібелі сумленнай прыгажуні Бандароўны. У ашмянскім і слуцкім варыянтах расповяд пра Бандароўну — гэта сямейна-побытавая песьня маралізатарскага зьместу.[1]
Асноўныя сюжэтныя зьвеньні паэмы ўзятыя з гарадзенскага варыянту, вядомага яшчэ па запісах Я.Чачота.[3] Гарадзенскі варыянт абумовіў і рытміка-інтанацыйную аснову паэмы, якая стала адным з клясычных узораў засваеньня Купалам фальклёрнае спадчыны, ідэйна-мастацкага яе асэнсаваньня і пераўтварэньня ў новую ідэйна-эстэтычную каштоўнасьць. Акцэнты асуджэньня Бандароўны як нявернай палюбоўніцы пана ўзятыя з ашмянскага і слуцкага варыянтаў, як і шэраг сюжэтных элемэнтаў і матываў, асабліва выкарыстаных для характарыстыкі вобразу пана Патоцкага.[1]
Апісаньне
рэдагаваць
«Дужы ты з сваім багацьцем, |
Я. Купала
З паэмы «Бандароўна» |
Па сваёй форме паэма — гераічнае паданьне, песьня-сага. На аснове сюжэтных вузлоў, вобразаў і матываў усіх трох варыянтаў народнае песьні Я.Купала заглыбіў пачатковы сюжэт фальклёрнае першакрыніцы сацыяльна, псыхаэмацыянальна, нязьмерна ўзмацніў яго экспрэсію. Паэма ўяўляе сабой нацыянальны эпас героікі з апафеозам гераічнай сьмерці і справядлівай помсьце, з узьвялічэньнем і паэтызацыяй цнатлівасьці і гордае непакорнасьці, з услаўленьнем народу-бунтара. У аснову паэмы аўтар паклаў не канфлікт паміж героямі, як у народных песьнях пра Бандароўну, а канфлікт паміж народам і прыгнятальнікам, паміж тыранам і свабодай.[1]
Аўтар захаваў народна-песенны прыём зацікаўленага, але староньняга апяваньня падзей і лёсу. Пры гэтым Я.Купала не ўхіляўся ад увядзеньня ў плынь аб’ектывізаванага апяваньня элемэнтаў суб’ектыўнага суперажываньня з гераіняй. Эмацыянальная сіла паэмы ў багацьці паэтычных фарбаў. Яна ўвабрала ў сябе як традыцыйна-народную фальклёрную вобразнасьць, так і арыгінальную, характэрную Купалу рамантыку. Аўтар выкарыстаў у паэме традыцыйна-народныя выслоўі, устойлівыя словазлучэньні, паэтычныя формулы, характэрныя народнай казцы або гутаркавай мове. Шырока ўведзены ў паэму прыём паралелізму.[1]
Водгукі
рэдагавацьКанчатковы вынік, які выцякае з аналізу кампазыцыйнага пабудаваньня і стылю… паэмаў («За што», «На куцьцю», «Курган», «Бандароўна», «Магіла льва»), зводзіцца да таго, што гэтымі творамі Я. Купала ўвёў беларускую літаратуру ў галіне гэтага жанру ў агульнае рэчышча літаратуры эўрапейскай. | ||
Пераклады і мастацкія ўвасабленьні
рэдагавацьНа расейскую мову паэму пераклалі А. Пракоф’еў і С. Родаў, на ўкраінскую — А. Малышка, Т. Масэнка. Ілюстравалі паэму Ф. Бараноўскі, М. Басалыга, М. Бельскі, Ю. Герасіменка, А. Кашкурэвіч, Я. Раманоўскі, В. Шаранговіч. Паводле матываў твору Г. Гарэлава напісала сымфанічную паэму.[1] Вобразы паэмы ляглі ў аснову спэктаклю «Янка Купала. Кругі раю» Рэспубліканскага тэатру беларускае драматургіі.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б в г д е Янка Купала: Энцыкл. даведнік. — Мн., БелСЭ, 1986. — Артыкул «Бандароўна (паэма)». — С. 62—63.
- ^ Зьмешчаныя ў «Матэрыялах для вывучэньня побыту і мовы рускага насельніцтва Паўночна-Заходняга краю» П.Шэйна.
- ^ «Вясковыя песенькі з-над Нёмана і Дзьвіны», Вільня, 1846.
- ^ Янка Купала. «Магіла льва» (з народнага падання). 1913 Праверана 3 лістапада 2012 г.
Літаратура
рэдагаваць- Янка Купала: Энцыкл. даведнік / БелСЭ; Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн., БелСЭ, 1986. — 727 с, 26 л. іл.; Артыкул «Бандароўна (паэма)» / Аўтар — А.Лойка — С. 62—63.
- Арочка, М. Беларуская савецкая паэма. — Мн., 1979. — С.29—30.
- Бярозкін, Р. Свет Купалы; Звенні. — Мн., 1981. — С.104—106.
- Лазарук, М. Беларуская паэма ў другой палавіне ХІХ—пачатку ХХ стагоддзя. — Мн., 1970.
- Лойка, А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд. Ч.2. — Мн., 1980. — С.168—173.
- Навуменка, І. Янка Купала. — Мн., 1980. — С.86—88.
- Ярош, М. Янка Купала і беларуская паэзія. — Мн., 1971. — С.117—120.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Паэма «Бандароўна» на сайце Янка Купала
- Паэма Я.Купалы «Бандароўна»: кароткі зьмест і мастацкія асаблівасьці / Т.Грамадчанка на сайце slowo.ws
- Водгук на паэму Я.Купалы «Бандароўна». Ідэйны зьмест. Сутнасьць канфлікту. Фальклёрная аснова на сайце Водгукі на вершы беларускіх паэтаў
- Водгук на паэму Я.Купалы «Бандароўна» на сайце Водгукі на вершы беларускіх паэтаў
- Водгук на паэму Я.Купалы «Бандароўна». Услаўленьне Бандароўны на сайце Водгукі на вершы беларускіх паэтаў