Балеслаў III Крывавусны
Балеслаў III Крывавусны (па-польску: Bolesław III Krzywousty; 20 жніўня 1085, Кракаў — 28 кастрычніка 1138, Сахачаў, Польшча) — князь польскі (з 1102 году), прадстаўнік дынастыі Пястаў. Балеслаў III быў другім сынам князя Ўладзіслава I Германа й Юдзіты Чэскай, дачкі чэскага караля Ўратыслава II.
Балеслаў III Крывавусны Bolesław III Krzywousty | |
Партрэт працы Яна Матэйкі | |
Князь Польшчы | |
Папярэднік | Уладзіслаў I Герман і Зьбігнеў |
Наступнік | Уладзіслаў II Выгнанец |
Асабістыя зьвесткі | |
Нарадзіўся | 20 жніўня 1085, Кракаў |
Памёр | 28 кастрычніка 1138, Сахачаў |
Дынастыя | Пясты |
Жонка | Сбыслава Сьвятаполкаўна |
Бацька | Уладзіслаў I Герман |
Маці | Юдзіта Чэская |
Барацьба за сталец
рэдагавацьПасьля сьмерці Ўладзіслава Германа разгарнулася доўгатэрміновая барацьба за уладу ў Польшчы паміж ягонымі двума сынамі — Зьбігневам і Балеславам III. У гэтай барацьбе Балеслаў абапіраўся на частку буйной польскай арыстакратыі, духавенства й дробнае рыцарства, а таксама на зьвяз з Кіеўскай Русьсю й Вугоршчынай. Зьбігнеў, у сваю чаргу, спадзяваўся на падтрымку імпэратара Сьвятой Рымскай імпэрыі, князя Чэхіі й князей Заходняга Памор’я. У 1106 годзе Зьбігнеў атрымаў паразу ад войскаў Балеслава й зьбег у Памор’е. Дзякуючы гэтай перамозе Балеслаў да 1108 году усталяваў сваю ўладу на ўсіх польскіх землях.
Аднак Зьбігнеў зьвярнуўся па дапамогу да імпэратара, і ў 1109 годзе ў Польшчу ўварвалася дзесяцітысячная армія Генрыха V. Балеслаў здолеў разьбіць нямецкае войска ў Глугаўскай бітве[2] й зьняць аблогу з Уроцлава. Чэская армія таксама была выцесьненая з краіны. У хуткім часе Балеслаў дамогся міра зь імпэрыяй і Чэхіяй, а свайго старэйшага брата ён асьляпіў у 1112 годзе.
Падпарадкаваньне Памор’я
рэдагавацьСпыненьне канфліктаў зь імпэрыяй дазволіла Балеславу III заняцца падпарадкаваньнем Памор’я, улада польскіх князёў над якім ужо на працягу стагодзьдзя зьяўлялася толькі намінальнай[3]. У 1113 годзе войска Балеслава захапіла паморскую крэпасьць Накло й аднавіла княскую ўладу на тэрыторыі ўздоўж ракі Натэц. Наступны этап барацьбы за падпарадкаваньне Памор’я прыйшоўся на 1116—1119 гады, калі польскія войскі захапілі Гданьск і падпарадкавалі Ўсходняе Памор’е.
Асноўная барацьба, аднак, разгарнулася за Заходняе Памор’е, адну з найбольш разьвітых польскіх тэрыторыяў з заможнымі аўтаномнымі гарадамі, як то Шчэцін, Волін, Калобжэг, і з моцным нямецкім уплывам. У 1121 годзе польскія войскі захапілі Шчэцін, а на наступны год акупавалі Руген. Заходнепаморскія князі прызналі сюзэрэнітэт Польшчы. З мэтай пашырэньня цэнтральнай улады Балеслаў III распачаў актыўную хрысьціянізацыю паморскіх зямель. Пры дапамозе бамбэрскага эпіскапа Атона ён зьвярнуў у 1124—1125 гадох паганцаў, якія складалі большую частку насельніцтва Памор’я, у каталіцтва. У 1128 годзе было ўтворана Паморскае эпіскапства ў Воліне, пазьней яно было перанесена ў Камень Паморскі.
Аднак польскаму ўплыву ў Памор’е пагражалі набіраючыя моц нямецкія княствы паўночна-ўсходняй часткі Сьвятой Рымскай імпэрыі: Брандэнбург, Саксонія, Мэйсэн, а таксама Магдэбурскае архіэпіскапства. У 1127 годзе пад іхным ціскам князь Заходняга Памор’я Вартыслаў прызнаў сюзэрэнітэт імпэратара й выступіў супраць Польшчы. У адказ Балеслаў III, аб’яднаўшыся з Даніяй, у 1129 годзе ўварваўся на чале польска-дацкага войска на тэрыторыю Заходняга Памор’я й хутка захапіў усю тэрыторыю. Вартыслаў зьбег з краіны, а землі за Одэрам і Руген адыйшлі да Даніі, усходняя частка княства — да Польшчы. Аднак поўнасьцю аднавіць сваю ўладу ў Балеслава не атрымалася, бо ён быў сканцэнтраваны на падзеях у Кіеўскай Русі й Вугоршчыне.
Удзел у міжусобіцах у Кіеўскай Русі й Вугоршчыне
рэдагавацьБудучы зьвязаным шлюбам з дачкой Сьвятаполка Ізяславіча, вялікага князя Кіеўскага, Балеслаў III неаднаразова ўмешваўся ўва ўсобіцы рускіх князёў і ваяваў з Уладзімерам Манамахам[4].
Няўдала таксама скончылася ўмяшаньне Балеслава ўва ўнутраныя канфлікты ў Вугоршчыне. Польскі князь падтрымаў прэтэнзіі герцага Барыса супраць караля Бэлы II Сьляпога. У 1132 годзе войскі Балеслава III былі разгромленыя Бэлай II у бітве пры Шаё. Адначасова ў Сылезію ўварваліся чэскія войскі, саюзныя да вугорскага караля. Балеслаў III быў вымушаны ў 1135 годзе прызнаць Бэлу II каралём Вугоршчыны.
Статут Балеслава Крывавуснага
рэдагавацьПерад сваёй сьмерцю ў 1138 годзе Балеслаў апублікаваў свой тэстамэнт, вядомы як Статут Балеслава Крывавуснага. У адпаведнасьці зь ім Польская дзяржава падлягала падзелу паміж сынамі Балеслава III: старэйшы Ўладзіслаў атрымліваў Сылезію, другі сын Балеслаў — Мазовію й ўсходнюю Куявію, Мешка — вялікую частку Вялікай Польшчы з Познаню, а малодшы Генрык — Сандамір і Люблін. Астатняя частка тэрыторыі Польшчы (Кракаўская зямля, Серадзка-ленчыцкая зямля, заходняя Куявія й ўсходняя частка Вялікай Польшчы) павінны былі ўтварыць асаблівы надзел, які б перадаваўся старэйшаму князю з роду Пястаў. Такім чынам, фармавалася сыстэма сэньёрату: Польшча драбнілася на асобныя княствы, якія намінальна падпарадкоўваліся старэйшаму ў родзе князю, які атрымліваў тытул вялікага князя Кракаўскага й, у дадатак да сваіх спадчынных земляў, цэнтральны надзел[5]. Яму таксама павінна было непасрэдна падпарадкоўвацца Памор’е. Вялікі князь Кракаўскі павінен быў адказваць за зьнешнюю палітыку польскіх земляў, займацца арганізацыяй абароны краіны й царкоўнымі пытаньнямі. Фактычна Статут Балеслава Крывавуснага больш, чым на 200 гадоў замацаваў ў Польшчы фэадальную раздробленасьць і пацягнуў страту такіх польскіх тэрыторый, як Сылезія й Памор’е.
Папярэднік Уладзіслаў I Герман |
Князь польскі 1102—1138 |
Наступнік Уладзіслаў II Выгнанец |
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б в г Bolesław III Wrymouth // https://pantheon.world/profile/person/Bolesław_III_Wrymouth
- ^ K. Kmąk Wojna polsko-niemiecka 1109
- ^ S. Arnold: Historia Polski do połowy XV wieku. ст. 29.
- ^ Полное собранiе русскихъ лѣтописей. Лѣтопись по Воскресенскому списку, ст. 25
- ^ S. Szczur: Historia Polski — średniowiecze. ст. 128
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьБалеслаў III Крывавусны — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Балеслаў на Genealogics.org (анг.)
- Dalewski Z., Zientara E., Wchodzą w życie statuty Bolesława Krzywoustego (wywiad) (пол.)
- Grabski A., Wojny o przyłączenie Pomorza na początku XII w. (пол.)
- Grabski A., Wojny pomorskie Bolesława Krzywoustego. Początek wojen pomorskich Bolesława Krzywoustego (1102—1108) (пол.)