Атаммаш
Каардынаты: 47°29′45″ пн. ш. 42°13′41″ у. д. / 47.49583° пн. ш. 42.22806° у. д.
«Атаммаш» — дзяржаўнае машынабудаўнічае прадпрыемства Расеі, заснаванае ў сьнежні 1976 году ў Валгадонску (Растоўская вобласьць).
«Атаммаш» | |
рас. «Атоммаш» | |
Тып | філія |
---|---|
Заснаваная | 18 сьнежня 1976 (48 гадоў таму) |
Заснавальнікі | Міністэрства цяжкага, энэргетычнага і транспартнага машынабудаваньня СССР |
Уласьнікі | Атамэнэргамаш[d] |
Краіна | Расея |
Разьмяшчэньне | Растоўская вобласьць |
Адрас | Валгадонск, Жукаўская шаша, д. 10[1] |
Ключавыя фігуры | Раўшан Абасаў[2], Раман Емяльянаў[3] |
Галіна | прамысловасьць |
Прадукцыя | ядзерны рэактар, парагенэратар, пастка расплаву, цыркуляцыйныя помпа і трубаправод, рэактары гідраачысткі, ізамэрызацыі і рыформінгу, рэктыфікацыйная, насадкавая і брагаперагонная калёны, калёны ачысткі кандэнсатаў і вытворчасьці перакісу вадароду |
Абарачэньне | ▼1,76 млрд рас.руб. (2010 год; $57,743 млн) |
Лік супрацоўнікаў | 2500 (2016 г.)[4] |
Матчына кампанія | АТ «АЭМ-тэхналёгіі» (Санкт-Пецярбург) |
На 2019 год філія «Атаммаш» мела 3 віды вытворчага абсталяваньня для выпуску корпуснага абсталяваньня атамных электрастанцыяў:
- мэханаапрацоўвальнае — 2 паземна-фрэзэрныя станкі «Інсэ» зь лічбавым праграмным кіраваньнем (ЛПК) і паваротным сталом з паземным ходам стойкі на 27,8 мэтру і вэртыкальным ходам бабкі на 7,5 мэтру пры памеры стала 6,5х6,5 мэтру і грузападымальнасьці 400 тонаў; партальна-карусельны станок ВД-22 (ТВБ 550/450) ад італьянскага «Інсэ» (Брэшыя, рэгіён Лямбардыя) з папярочна-высоўным сталом і дыямэтрам пляншайбы стала 8 мэтраў для апрацоўкі выраба вагой да 400 тонаў, дыямэтрам да 10,5 мэтру і вышынёй да 7,8 мэтру; 3-шпіндзельныя станкі глыбокага сьвідраваньня з ЛПК ад нямецкага ТАА «Колб» (Людвігсбург, зямля Бадэн-Вюртэмбэрг) для сьвідраваньня трубных дошак, з працоўнай зонай 6х4,3 мэтру, глыбінёй сьвідраваньня да 1,1 мэтру і найбольшым дыямэтрам сьвідраваньня да 65 мм; паземна-расточны станок 1ФБВ нямецкага ТАА «Шыс» (Ашэрсьлебэн, зямля Саксонія-Ангальт) з глёбусным сталом ПТІФЦ ад «Інсэ»;
- зварачнае — парталы, кансолі і маніпулятары для аўтаматычнай зваркі кольцавых швоў пад слоем флюса, наплаўкі цыліндраў дыямэтрам да 6,5 мэтру і зваркі прадольных швоў даўжынёй да 8 мэтраў пры таўшчыні зварвальных частак да 40 см; устаноўкі электрашлакавай зваркі для швоў даўжынёй да 10 мэтраў і таўшчынёй да 30 см, што дазваляе зварваць сфэрычныя днішчы;
- цеплапрэсавае — 3-валкавая лістазгінальная машына «Шыс» з дыямэтрам верхняга валка 1,8 мэтру для згінаньня ліставой загатоўкі шырынёй да 4,5 мэтру і таўшчынёй ліста да 35 см; гідраўлічны лісташтампавальны прэс з найбольшым высілкам на 15 120 тона-сілаў для штампаваньня днішча дыямэтрам да 5 мэтраў і таўшчынёй ліста да 38 см; камэрныя газавыя печы, у тым ліку шахтавыя, і закалкавы комплекс[5].
Агульная плошча філіі «Атаммаш» складала 170 гектараў, на якіх месьціўся інжынэрны асяродак і 5 корпусаў з вытворчай плошчай на 67,06 га. Прадпрыемства валодала грузавым прычалам на Цымлянскім вадасховішчы з кранамі агульнай грузападымальнасьцю на 1350 тонаў. Для АЭС «Атаммаш» вырабляў: рэактары, парагенэратары, пасткі расплаву, галоўныя цыркуляцыйныя помпы і трубаправоды, мэталаканструкцыі і трубаправодную арматуру. Для газанафтахіміі выпускалі: 3 віды рэактараў (гідраачысткі, ізамэрызацыі і рыформінгу) і 8 відаў калёнаў — рэктыфікацыйныя, насадкавыя, брагаперагонныя, ачысткі кандэнсатаў, вытворчасьці перакісу вадароду[4].
Мінуўшчына
рэдагаваць26 лістапада 1969 году Савет міністраў СССР зацьвердзіў Пастанову «Аб будаўніцтве Валгадонскага заводу цяжкага машынабудаваньня» (ВЗЦМ). У 1974 годзе ў Валгадонску (Расейская СФСР) пачалі будаваць завод «Атаммаш». 18 сьнежня 1976 году пусьцілі 1-ю чаргу корпуса № 3. У сьнежні 1978 году скончылі 1-ю чаргу вытворчага корпусу № 1. У 1979 годзе ў 1-м вытворчым корпусе прадпрыемства пачаўся выраб корпуса рэактара. 1 кастрычніка 1981 году на Паўднёва-Ўкраінскую АЭС (Южнаўкраінск, Мікалаеўская вобласьць, Украінская ССР) адправілі корпус 1-га Данскога рэактара. Да Чарнобыльскай катастрофы 26 красавіка 1986 году (Кіеўская вобласьць) завод «Атаммаш» вырабіў 13 корпусаў рэактараў і звыш 100 адзінак корпуснага абсталяваньня рэактарнай устаноўкі, у тым ліку парагенэратары, кампэнсатары ціску, перагрузачныя машыны, ахоўнае і перасоўвальнае абсталяваньне. У 1985 годзе гадавая вытворчасьць дасягнула 4 вода-вадзяных энэргетычных рэактараў магутнасьцю 1000 мэгават (ВВЭР-1000)[6]. Аднак на АЭС паставілі толькі 7 корпусаў рэактараў: на 2-і і 3-і энэргаблёкі Паўднёва-Ўкраінскай АЭС, 1-ы і 4-ы блёкі Балакоўскай АЭС (Саратаўская вобласьць, РСФСР), 1-ы блёк Растоўскай АЭС пад Валгадонскам, 1-ы блёк Хмяльніцкай АЭС (Няцешын, Украінская ССР), 4-ы блёк Запароскай АЭС (Энэргадар, УССР) і 1-ы блёк Крымскай АЭС (Шчолкіна, УССР)[7].
На заводзе засталося 5 незапатрабаваных корпусаў рэактараў з унутрыкорпусным абсталяваньнем. У 1991 годзе Вытворчае аб’яднаньне «Атаммаш» перайшло на выраб нафтагазавага і мэталюргічнага абсталяваньня. У 1993 годзе прадпрыемства пераўтварылі ў ААТ і прыватызавалі. У 1997 годзе «Атаммаш» стаў даччыным прадпрыемствам ААТ «Энэргамашкарпарацыя» (Масква) і пачаў выпуск абсталяваньня для будаўніцтва газатурбінных ЦЭЦ. У 2010 годзе дзяржаўны «Ашчадбанк» спагнаў запазычанасьць ААТ «Энэргамашкарпарацыя» праз суд. У выніку ў сьнежні 2012 году «Атаммаш» пераўтварылі ў філію дзяржаўнага ЗАТ «АЭМ-тэхналёгіі» (Санкт-Пецярбург). Тады ў Валгадонску аднавілі вытворчасьць рэактараў і парагенэратараў. Таксама сталі выпускаць корпусы галоўных цыркуляцыйных помпаў і пасткі расплаву для 4 АЭС: Новаваронескай, Ленінградзкай, Растоўскай і Беларускай. У жніўні 2013 году для Новаваронескай АЭС-2 паставілі транспартны шлюз. У кастрычніку 2013 году для Беларускай АЭС (Астравецкі раён) даставілі пастку расплаву. У 2013 годзе «Атаммаш» набыў зварачныя галоўкі для аўтаматычнай зваркі і абсталяваньне аднаслойнай электрашлакавай наплаўкі. У 2014 годзе вытворчасьць пераабсталявалі прыладамі лічбавага праграмнага кіраваньня (ЛПК). У 2015 годзе мадэрнізавалі адзіны ў Расеі гідраўлічны лісташтапмавальны прэс магутнасьцю 15 000 тонасілаў, што дазваляў штампаваць днішчы дыямэтраў да 5 мэтраў і таўшчынёй ліста да 380 см. Таксама мадэрнізавалі камэрныя газавыя печы, у тым ліку шахтавыя. Для адновы вырабу парагенэратараў пусьцілі аўтаматычную лінію згінаньня трубаў на 11 000 цеплаабменных зьмеявікоў. Урэшце збудавалі ўчастак чыставой зборкі парагенэратараў, дзе цеплаабменныя зьмеявікі прыварвалі да калектара цепланосьбіта. У кастрычніку 2015 году выпусьцілі корпус рэактара для 1-га энэргаблёка Беларускай АЭС, які стаў 1-м пасьля 29-гадовага перапынку. У сьнежні 2015 году вырабілі парагенэратары для Растоўскай АЭС[6].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Кантакты (рас.) // АТ «АЭМ-тэхналёгіі», 2019 г. Праверана 30 красавіка 2019 г.
- ^ Абасаў Раўшан Мубарызавіч (рас.) // АТ «АЭМ-тэхналёгіі», 2019 г. Праверана 30 красавіка 2019 г.
- ^ Емяльянаў Раман Аляксандравіч (рас.) // АТ «АЭМ-тэхналёгіі», 2019 г. Праверана 30 красавіка 2019 г.
- ^ а б Нафтахімічнае абсталяваньне, вырабленае і пастаўленае філіяй АТ «АЭМ-тэхналёгіі» «Атаммаш» (рас.) // АТ «АЭМ-тэхналёгіі», 2016 г. Праверана 30 красавіка 2019 г.
- ^ Тэхналягічныя магчымасьці Валгадонскай філіі (рас.) // АТ «АЭМ-тэхналёгіі», 2019 г. Праверана 30 красавіка 2019 г.
- ^ а б Валгадонская філія (рас.) // АТ «АЭМ-тэхналёгіі», 2019 г. Праверана 30 красавіка 2019 г.
- ^ Рэфэрэнцыі «Атаммаш» з 1981 па 2003 год (рас.) // АТ «АЭМ-тэхналёгіі», 2019 г. Праверана 30 красавіка 2019 г.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- СМІ пра Валгадонскую філію (рас.) // АТ «АЭМ-тэхналёгіі», 2019 г. Праверана 30 красавіка 2019 г.
- Вакансіі «Атаммашу» (рас.)
Гэта — накід артыкула па эканоміцы. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |