Паўднёва-Ўкраінская АЭС
Паўднёва-Ўкраінская АЭС — атамная электрастанцыя на поўначы Мікалаеўскай вобласьці Ўкраіны, заснаваная ў сьнежні 1982 году.
Паўднёва-Ўкраінская АЭС | |
Краіна | Украіна |
---|---|
Месцазнаходжаньне | Южнаўкраінск (Мікалаеўская вобласьць)[1] |
Пачатак будаўніцтва | 3 траўня 1975 (49 гадоў таму) |
Пачатак эксплюатацыі | 31 сьнежня 1982 (41 год таму) |
Уласьнік | Энэргаатам |
Эксплюатуючая арганізацыя | «Энэргаатам» (Кіеў) |
Тэхнічныя парамэтры | |
Колькасьць энэргаблёкаў | 3 |
Тып рэактараў | вода-вадзяны |
Дзейных рэактараў | 3 (2019 год) |
Генэруючая магутнасьць | 3 гігаваты (2019 год) |
Месцазнаходжаньне | |
Геаграфічныя каардынаты | 47° пн. ш. 31° у. д. / 47° пн. ш. 31° у. д.Каардынаты: 47° пн. ш. 31° у. д. / 47° пн. ш. 31° у. д. |
Паўднёва-Ўкраінская АЭС | |
На 2019 год налічвала 3 дзейныя энэргаблёкі, запушчаныя ў 1982, 1985 і 1989 гадах[2]. Месьціцца за 3 км на ўсход ад Южнаўкраінска[3]. За 2018 год выпусьціла 13,7 млрд кіляват-гадзіна электраэнэргіі[4]. Цеплавая магутнасьць кожнага энэргаблёка ўтрая перавышала магутнасьць яго генэратара (электраэнэргіі): 3 гігаваты цяпла на 1 гігават электрычнасьці[5]. На 23 кастрычніка 2019 году радыяцыйнае становішча ў Южнаўкраінску было на ўзроўні 0,11 мікразывэрт/гадзіна[6].
Энэргаблёкі
рэдагавацьНа 2019 год 1-ы і 2-і энэргаблёкі Паўднёва-Ўкраінскай АЭС мелі агульную машынную залю і асобныя рэактарныя аддзяленьні ў выглядзе 76-мэтровых бэтонных цыліндраў са сфэрычнымі купаламі. Ахоўная абалонка складалася з жалезабэтону. У агульнай машыннай залі знаходзіліся 2 турбагенэратары. Уздоўж залі месьціліся прылады забесьпячэньня працы турбіны і генэратара, помпы, прылады ахалоджваньня і змазкі, падзяляльнікі-параперагравальнікі. Галоўны корпус 3-га энэргаблёка ўлучаў рэактарнае аддзяленьне з гермэтычнай абалонкай, якое прымыкала вольнай і суворай зонамі да машыннай залі, прыбудовы электратэхнічных прыладаў і дэаэратарнага аддзяленьня. Машынная заля 3-га энэргаблёка зьмяшчала турбагенэратар і трубаправоды 2-га контуру. У рэактарных аддзяленьнях знаходзіліся, рэактар, парагенэратары, галоўныя цыркуляцыйныя помпы, кампэнсатар ціску, трубаправоды галоўнага цыркуляцыйнага контуру, ёмістасьці аварыйнага ахалоджваньня, перагрузачная машына, басэйны вытрымкі і перагрузкі. Прыладамі рэактарнага аддзяленьня кіравалі з блёчнага шчыта кіраваньня (БШК)[3]. На маніторы ў БШК перадаваліся паказьнікі стану энэргаблёкаў і парады па іх зьмяненьні. На магутнасьць рэактара ўплывалі шляхам вываду і ўводу ў яго актыўную зону элемэнтаў, што паглынаюць нэўтроны[7].
У 2 адмысловых карпусах месьцілася абсталяваньне для ачысткі ад крыніцаў іянізавальнага выпраменьваньня. З блёка водаачысткі ваду вярталі ў цыкль і для сілкаваньня асноўных контураў. На пляцоўцы АЭС таксама знаходзіліся дызэль-генэратары, корпус газавай гаспадаркі, пускавая кацельня, блёчныя помпавыя станцыі, сховішча слабаактыўных цьвёрдых адкідаў, трубаправоды на эстакадах, аб’яднаная змазачная гаспадарка, адкрыты разьмеркавальны апарат, каналы адводу і падводу, кіраўнічы і лябараторна-побытавы корпусы. Урэшце да АЭС прылягалі чыгунка і аўтадарога[3].
№ энэргаблёка[8] | Рэактар (мэгават/праект) | Пачатак будаўніцтва | Увод у дзеяньне |
---|---|---|---|
1 | ВВЭР 1000/302 | сакавік 1977 | 31 сьнежня 1982 |
2 | ВВЭР 1000/338 | кастрычнік 1979 | 6 студзеня 1985 |
3 | ВВЭР 1000/320 | люты 1985 | 20 верасьня 1989 |
Цеплавая схема
рэдагавацьПаўднёва-Ўкраінская АЭС мела 2-контурную схему. Першы контур быў радыяактыўным і ўлучаў вода-вадзяны энэргетычны рэактар (ВВЭР) магутнасьцю 1000 мэгават і 4 цыркуляцыйныя пятлі ахалоджваньня. Кожная пятля зьмяшчала галоўную цыркуляцыйную помпу, парагенэратар і галоўныя цыркуляцыйныя трубаправоды. Да адной з цыркуляцыйных петляў 1-га контуру прыкладаўся кампэнсатар ціску, з дапамогай якога ў контуры падтрымліваўся зададзены ціск вады. Ядзерны рэактар быў з вадой пад ціскам і корпуснага віду. Абяссоленая вада з рашчынай бору служыла цепляносьбітам для адводу вылучанай у рэактары цеплыні і запавольвальнікам нэўтронаў. У корпусе рэактара знаходзіліся актыўная зона, складнікі патоку цепляносьбіта і органы кіраваньня рэактыўнасьцю. У якасьці паліва выкарыстоўвалі нізкаўзбагачаны двухвокіс урану. Трубаправоды цыркуляцыйных петляў злучаліся з уваходнымі і выхаднымі сопламі корпуса рэактара. Вада паступала ў корпус рэактара празь ніжнія ўваходныя соплы, праходзіла ўгору праз актыўную зону, дзе адводзіла цеплыню ад цеплавыдзяляльных элемэнтаў (ЦВЭл), і падавалася да парагенэратараў празь верхнія выхадныя соплы. Вада награвалася да +288ºС на ўваходзе ў рэактар і да +320ºС на выхадзе. Ціск вады ў першым контуры складаў 160 кіляграм-сіла/см². Выдатак вады праз актыўную зону ствараўся галоўнымі цыркуляцыйнымі помпамі і складаў 80 000 м³/гадз. Абсяг вады 1-га контуру складаў 380 м³. Асноўным матэрыялам 1-га контуру была нержавейная сталь[9].
Актыўная зона рэактара складалася са 163 6-гранных цеплавыдзяляльных зборак (ЦВЗ). У кожнай ЦВЗ знаходзіліся злучаныя ў пучок і замацаваныя адлеглымі кратамі 312 цеплавыдзяляльных элемэнтаў (ЦВЭл) стрыжневага выгляду, пакрытыя цырконавым стопкам, які ня дзеліцца. Ядро ЦВЭла складалася з паліва ў выглядзе таблетак са сьпечанага двухвокісу ўрану (UO2). Гермэтычная абалонка ЦВЭла забясьпечвала захаваньне формы, папярэджвала забруджваньне цепляносьбіта вынікамі дзяленьня і замінала ржавеньню. Дыямэтар ЦВЭла складаў 9,1 мілімэтру. Перагрузку актыўнай зоны праводзілі на адлегласьці перагрузачнай машынай пры спыненым рэактары пад шаром вады. Адпрацаваныя ЦВЗ усталёўвалі ў басэйн вытрымкі на 3-5 год для зьняцьця рэшткавага цеплавылучэньня і зьніжэньня радыяактыўнасьці. Штогод амаль траціну працоўных ЦВЗ выгружалі з рэактара і дагружалі ў яго той жа лік сьвежых паліўных зборак. Абсталяваньне 1-га контуру знаходзілася ў гермэтычнай частцы жалезабэтоннай абалонкі, дзе заставаліся радыяактыўныя рэчывы[9].
Другі контур быў нерадыяактыўным і ўлучаў 4 парагенэратары, параправоды, паравую турбіну, генэратар, падзяляльнікі-параперагравальнікі, сілкавальныя помпы, трубаправоды, дэаэратара і рэгенэратыўныя падагравальнікі. Пагатоў парагенэратары былі агульным абсталяваньнем для 1-га і 2-га контураў. Празь іх вырабленая ў рэактары цеплаэнэргія перадавалася ад 1-га да 2-га контуру. Вырабленая ў парагенэратары насычаная пара з тэмпэратурай +274 °C і пад ціскам 60 кіляграм-сіла/см² паступала на турбіну, што прыводзіла ў рух ротар генэратара, які вырабляў электрычны ток. Затым пару ахалоджвалі ў кандэнсатарах турбіны цыркуляцыйнай вадой, што падавалася помпамі на блёчнай помпавай станцыі, зьвязанай праз падводны канал з Ташліцкай сажалкай ахалоджваньня. Пасьля кандэнсатара цыркуляцыйную ваду скідвалі назад у Ташліцкае вадасховішча (Арбузінскі раён). Ахалоджаную пару (кандэнсат) падавалі ў парагенэратары з дапамогай сілкавальнай помпы, што дазваляла паўтараць працэс у замкнёным цыклі[9].
Расцэнкі
рэдагавацьНа 2019 год «Паўднёва-Ўкраінская АЭС» пастаўляла ў Южнаўкраінск цеплаэнэргію па 110,28 грыўна/гігакалёрыя ($4,43)[10].
Кіраваньне
рэдагавацьНа 2019 год кіраўнік АП «Паўднёва-Ўкраінская АЭС» меў у падпарадкаваньні галоўнага бухгальтара, галоўнага інжынэра, галоўнага інспэктара, начальніка кіраўніцтва аварыйнай гатоўнасьці і рэагаваньня, сэктар памагатых і 6 аддзелаў: 1) забесьпячэньня вытворчасьці, 2) кадраў і сацыяльнага разьвіцьця, 3) капітальнага будаўніцтва, 4) фізычнай абароны і рэжыму, 5) эканомікі і фінансаў, 6) якасьці і кіраваньня. Галоўнаму інжынэру АЭС падпарадкоўваліся кіраўнік Каскаду ГЭС-ГАЭС (Аляксандраўская, Канстанцінаўская і Ташліцкая) і 9 аддзелаў: 1) агульнастанцыйных аб’ектаў; 2) мадэрнізацыі і рэканструкцыі; 3) падрыхтоўкі пэрсаналу; 4) працягу тэрміну эксплюатацыі, тэхналёгіі і інжынірынгу; 5) рамонту; 6) эксплюатацыі 1-й чаргі; 7) эксплюатацыі 2-й чаргі; 8) электраабсталяваньня і сыстэмаў кантролю і кіраваньня; 9) ядзернай і радыяцыйнай бясьпекі[11].
Гісторыя
рэдагаваць3 траўня 1975 году ў Мікалаеўскай вобласьці Ўкраінскай ССР пачалі земляныя працы для падмурку 1-га рэактара Паўднёва-Ўкраінскай АЭС. 9 верасьня 1976 году ў падмурак 1-га энэргаблёка АЭС заклалі першы кубамэтар бэтону. 31 сьнежня 1982 году запусьцілі энэргаблёк № 1. 6 студзеня 1985 году ўвялі энэргаблёк № 2. 2 красавіка 1987 году Прэзыдыюм Вярхоўнай Рады Ўкраінскай ССР ухваліў Указ аб перайменаваньні пасёлка Канстанцінаўка-2, які ўзьвялі будаўнікі АЭС, у горад Южнаўкраінск абласнога падпарадкаваньня. 16 жніўня 1987 году Савет міністраў СССР зацьвердзіў Пастанову аб прыпыненьні будаўніцтва энэргаблёку № 4 Паўднёва-Ўкраінскай АЭС. 20 верасьня 1989 году запусьцілі энэргаблёк № 3. У кастрычніку 1996 году Паўднёва-Ўкраінская АЭС ўвайшла ў склад дзяржаўнага прадпрыемства «Энэргаатам» (Кіеў). У 2000 годзе стварылі трэнажор для пэрсаналу энэргаблёка № 3. У чэрвені 2001 году ўвялі трэнажоры для супрацоўнікаў энэргаблёкаў № 1 і 2. У 2003 годзе на энэргаблёку № 2 замянілі 2 парагенэратары, а на энэргаблёку № 3 перабудавалі генэратар. У 2004-м на АЭС дасягнулі найбольшай вытворчасьці электраэнэргіі ў памеры 21,8 млрд кіляват-гадзіна. У траўні 2005 году ў актыўную зону энэргаблёку № 2 упершыню загрузілі альтэрнатыўныя цеплавядзяляльныя зборкі (ЦВЗ-А) вытворчасьці расейскага прадпрыемства «ЦВЭЛ» (Масква). У жніўні 2005 году ў энэргаблёк № 3 упершыню загрузілі 6 ЦВЗ вытворчасьці амэрыканскага прадпрыемства «Ўэстынгхаўс» (Крэнбэры, штат Пэнсыльванія)[12].
У 2008 годзе на энэргаблёку № 3 замянілі генэратар, для якога выкарыствалі абмотку ротара і статара вытворчасьці францускага прадпрыемства «Альстом» (Сэнт-Ўэн-сюр-Сэн, дэп. Сена-Сэн-Дэні). У сакавіку 2010 году ў актыўную зону рэактара энэргаблёка № 3 усталявалі поўную перагрузачную партыю з 42 ЦВЗ ад «Ўэстынгхаўс». У сакавіку 2011 году на энэргаблёку № 3 загрузілі 2-ю партыю ЦВЗ ад «Ўэстынгхаўс» (ЦВЗ-Ў), якія склалі звыш паловы паліўных зборак у рэактары. У жніўні 2011 году першую такую партыю ЦВЗ загрузілі на энэргаблёку № 2. У 2012 годзе скончылі перабудову водаачышчальнага абсталяваньня, якую пачалі ў траўні 2004 году[12]. У чэрвені 2012 году 2-і і 3-і энэргаблёкі спынілі ў сувязі з пашкоджаньнем супрацоўнікамі Паўднёва-Ўкранскай АЭС ядзернага паліва, якое паставіла амэрыканскае прадпрыемства «Ўэстынгхаўс» (Крэнбэры, штат Пэнсыльванія). 25 кастрычніка 2013 году аўтаматычная абарона адключыла 2-і энэргаблёк Паўднёва-Ўкраінскай АЭС, хоць радыяцыйны фон складаў 11 мікрарэнтген у гадзіну[13].
28 лістапада 2013 году Калегія Дзяржаўнай інспэкцыі ядзернага рэгуляваньня Ўкраіны (ДІАРУ) прызнала абгрунтаваным тэрмін бясьпечнага выкарыстаньня энэргаблёка № 1 цягам наступных 10 гадоў да 2 сьнежня 2023 году. У лютым 2014 году абнавілі 4 асьпірацыйныя пасты для радыяцыйнага нагляду. У сакавіку 2015 году на энэргаблёку № 3 пераабсталявалі машыну перагрузкі ядзернага паліва, што дазволіла працаваць зь некалькімі яго відамі. Адначасна ў энэргаблёк загрузілі партыю дужых ЦВЗ «Ўэстынгхаўс» (ЦВЗ-УД). 7 сьнежня 2015 году Калегія ДІАРУ ўхваліла працяг выкарыстаньня энэргаблёка № 2 да 31 сьнежня 2025 году. 2 жніўня 2016 году ў вайсковую частку 3044, што ахоўвае АЭС, паставілі 10 бронекабінаў. 2 сьнежня 2016 году на ўсіх 3-х энэргаблёках усталявалі замяральнікі выкідаў вугляроду-14 і трыту[12].
Кіраўнікі
рэдагаваць- Віктар Каваленка (1 сакавіка 1975 — 25 ліпеня 1976)
- Уладзімер Фукс (26 ліпеня 1976 — 1 сакавіка 1998)
- Леанід Карчагін (2 сакавіка 1998 — 7 верасьня 1999)
- Барыс Білык (8 верасьня 1999 — 4 студзеня 2007)
- Вісарыён Кім (5 студзеня 2007 — жнівень 2012)
- Вячаслаў Кузьняцоў (выканаўца абавязкаў; жнівень 2012 — студзень 2014)
- Уладзімер Лісьнічэнка (ад 19 сакавіка 2014 году)[14]
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Кантакты (укр.) // АП «Паўднёва-Ўкраінская АЭС», 2019 г. Праверана 23 кастрычніка 2019 г.
- ^ Паўднёва-Ўкраінская АЭС (укр.) // АП «Паўднёва-Ўкраінская АЭС», 2019 г. Праверана 23 кастрычніка 2019 г.
- ^ а б в Асноўныя будынкі і збудаваньні (укр.) // АП «Паўднёва-Ўкраінская АЭС», 2019 г. Праверана 23 кастрычніка 2019 г.
- ^ Графікі ТЭП (укр.) // АП «Паўднёва-Ўкраінская АЭС», 22 кастрычніка 2019 г. Праверана 23 кастрычніка 2019 г.
- ^ Парамэтры энэргаблёкаў (укр.) // АП «Паўднёва-Ўкраінская АЭС», 23 кастрычніка 2019 г. Праверана 23 кастрычніка 2019 г.
- ^ Радыяцыйны стан (укр.) // АП «Паўднёва-Ўкраінская АЭС», 23 кастрычніка 2019 г. Праверана 23 кастрычніка 2019 г.
- ^ Сыстэмы кіраваньня і кантролю (укр.) // АП «Паўднёва-Ўкраінская АЭС», 2019 г. Праверана 23 кастрычніка 2019 г.
- ^ Атамная энэргетыка Ўкраіны (укр.) // АП «Паўднёва-Ўкраінская АЭС», 2019 г. Праверана 23 кастрычніка 2019 г.
- ^ а б в Тэхнічныя характарыстыкі (укр.) // АП «Паўднёва-Ўкраінская АЭС», 2019 г. Праверана 23 кастрычніка 2019 г.
- ^ Тарыфы (укр.) // АП «Паўднёва-Ўкраінская АЭС», 2019 г. Праверана 23 кастрычніка 2019 г.
- ^ Арганізацыйнай будова кіраваньня (укр.) // АП «Паўднёва-Ўкраінская АЭС», 2019 г. Праверана 23 кастрычніка 2019 г.
- ^ а б в Гісторыя ў падзеях і датах (укр.) // АП «Паўднёва-Ўкраінская АЭС», 2019 г. Праверана 23 кастрычніка 2019 г.
- ^ Паўднёва-Ўкраінская АЭС спыніла працу // Зьвязда : газэта. — 26 кастрычніка 2013. — № 203 (27568). — С. 1. — ISSN 1990-763x.
- ^ Кіраўніцтва ПУАЭС (укр.) // АП «Паўднёва-Ўкраінская АЭС», 2019 г. Праверана 23 кастрычніка 2019 г.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Тэхніка-эканамічныя паказьнікі (укр.) // АП «Паўднёва-Ўкраінская АЭС», 2019 г. Праверана 23 кастрычніка 2019 г.
- Навіны, тэленавіны, весьнік «Энэргетык» (укр.)
Гэта — накід артыкула пра Ўкраіну. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |