Андрэй Цеханавецкі
Андрэ́й Станісла́ў Цеханаве́цкі (па-польску: Andrzej Stanisław Ciechanowiecki; 28 верасьня 1924, Варшава, II Рэч Паспалітая — 2 лістапада 2015, Лёндан, Вялікабрытанія[3]) гербу «Дуброва» — польскі навуковец, беларусіст, мэцэнат, філянтроп. Заснавальнік Фундацыі імя Цеханавецкіх у Варшаве (1986), ганаровы прафэсар Акадэміі прыгожых мастацтваў у Варшаве, сябар Польскай акадэміі ведаў.
Жыцьцяпіс
рэдагавацьНарадзіўся ў Варшаве ў сэнатарскай сям’і, якая паходзіла зь беларускіх земляў, што пасьля Рыскага міру апынуліся па савецкі бок. Бацька, Ежы Станіслаў (1893—1930), быў дыпляматам у Польшчы; маці — Матыльда з Асяцімскіх-Гутэн-Чапскіх (1900—1991).
Андрэй Цеханавецкі навучаўся ў пачатковай школе імя Мікалая Рэя, пасьля ў гімназіі і ліцэі імя Стэфана Баторыя. У 1939 зь сям’ёй пераехаў на ўсход і ўдзельнічаў у Верасьнёўскай кампаніі дабраахвотнікам.
Вярнуўшыся ў 1940 року ў Варшаву, падпольна здаў іспыты і пачаў вывучаць эканоміку і гісторыю мастацтваў у падпольным Унівэрсытэце заходніх земляў. Браў удзел у Варшаўскім паўстаньні, а пасьля здушэньня ўдзельнічаў у арганізацыі «Вольнасьць і незалежнасьць(pl)».
Застаўся ў камуністычнай Польшчы, служыў у Міністэрстве замежных справаў. Каб скончыць адукацыю, вярнуўся ў Кракаў, дзе скончыў Гандлёвую акадэмію (1947) і факультэт гісторыі мастацтва Ягелонскага ўнівэрсытэту (1950). У тым жа року быў арыштаваны і ў 1952 асуджаны да 10 гадоў зьняволеньня за «дапамогу шпіёнам і працяг АК-аўскай дзейнасьці». 6 сакавіка 1956 вызвалены, пасьля й рэабілітаваны.
У 1959 року выехаў з Польшчы. Навучаўся ў Тубінгенскім унівэрсытэце, у 1960 абараніў дысэртацыю на доктара філязофіі па тэме «Міхал Казімер Агінскі і ягоная „сядзіба музаў“ у Слоніме» (па-нямецку выйшла ў Кёльне і Грацы ў 1961 р., беларускі пераклад — у 1993 і 2006).
З 1961 року жыў у Вялікабрытаніі.
З 1988 Андрэй Цеханавецкі, нашчадак князёў Мсьціслаўскіх і Заслаўскіх, зьвярнуўся да Беларусі і спрычыніўся да рэстаўрацыі шматлікіх славутасьцяў краіны, найперш рэзыдэнцыі Радзівілаў у Нясьвіжы. Клапаціўся пра палац Цеханавецкіх у Бачэйкаве Бешанковіцкага раёну[4]. Быў ганаровым старшынём беларуска-польскай камісіі па справах супольнай культурнай спадчыны, ганаровым маршалкам Згуртаваньня беларускай шляхты, ганаровым сябрам Міжнароднага згуртаваньня беларусістаў, Інстытуту гісторыі беларускай Акадэміі навук і ПЭН-цэнтру, віцэ-прэзыдэнтам Ангельска-беларускага таварыства ў Лёндане.
У 1995 з-за няшчаснага выпадку ў Цэханавецкага адмовілі ногі. Памёр 2 лістапада 2015 року ў Лёндане.
Беларускія пераклады
рэдагаваць- Міхаіл Казімір Агінскі і яго «сядзіба музаў» у Слоніме / Анджэй Цеханавецкі; пераклад зь нямецкай мовы У. Сакалоўскага; навуковы рэдактар перакладу і аўтар прадмовы А. Мальдзіс. — Мн., 2006.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Montagu J. Andrew Stanislaus [Andrzej Stanisław Ciechanowiecki (1924–2015)] (анг.) // The Burlington magazine / R. Shone, F. Spalding, R. Fry — United Kingdom: 2016. — Vol. 158, Iss. 1356. — P. 204. — ISSN 0007-6287; 2044-9925
- ^ Bibliothèque nationale de France Andrzej Ciechanowiecki // data.bnf.fr (фр.): плятформа адкрытых зьвестак — 2011.
- ^ Zmarł Andrzej Ciechanowiecki (пол.) Culture.pl Праверана 16 лютага 2016 г.
- ^ У Лёндане памёр прафэсар Анджэй Цеханавецкі Людзі. Радыё «Свабода» (3 лістапада 2015). Праверана 17 лютага 2016 г.
Літаратура
рэдагаваць- Гардзіенка Н. Беларусы ў Вялікабрытаніі / пад рэд. А. Гардзіенкі. — Мн.: 2010.
- Dunin S., Rabucha A., Sikorska-Kulesza J. Ciechanowieccy herbu Dąbrowa. — Warszawa: 1997.