Ангельская кухня
Анге́льская ку́хня ў наш час не карыстаецца вялікай папулярнасьцю ў сьвеце, але аказала пэўны ўплыў на фармаваньне комплексу страваў, уласьцівых агульнаэрапейскай кулінарыі (напрыклад: ростбіф, біфштэкс). Сярод арыстакратыі Рэчы Паспалітай асобныя стравы ангельскай кухні пачалі распаўсюджвацца ў другой палове XVIII стагодзьдзя (у гэты час распаўсюдзілася мода на портэр), спачатку пры пасярэдніцтве францускай кухні, пазьней дзякуючы высокай рэпутацыі ангельскай культуры ў эпоху прамысловай рэвалюцыі. У сярэдзіне XIX стагодзьдзя з Ангельшчыны прыйшла мода на нятлустую сьвініну (бэкон), гарбату (асабліва на адмысловы спосаб яе падачы, г. зв. «гарбату па-ангельску»), сэндвічы, ром, пудынгі (асабліва плам-пудынг) і іншыя. У Ангельшчыне была вынайдзеная блізкая да сучаснай кухонная пліта, якая пачала распаўсюджвацца ў заможных дамах у 1830-х гадах пад назвай «ангельскай». Самастойная рэцэпцыя беларускай шляхтай ангельскіх звычаяў спынілася пасьля падаўленьня паўстаньня 1863 году.
У другой палове XX стагодзьдзя Ангельшчына найбольш прычынілася да распаўсюджваньня ў Эўропе кулінарных традыцыяў сваіх былых калёніяў (асабліва Індыі, напрыклад кары) ды іншых неэўрапейскіх краінаў (Кітаю, Японіі) і сёньня зьяўляецца самай касмапалітызаванай у гастранамічным сэнсе нацыяй у Эўропе. З уласна ангельскіх традыцыйных страваў захоўваюцца пудынгі, якія гатуюць і як асноўныя (мясныя, крупяныя, гародніныя) і як дэсэртныя (салодкія фруктовыя) стравы. Г. зв. «чорны пудынг» на самой справе зьяўляецца аналягам беларускай крывянкі. Папулярнай нацыянальнай стравай зьяўляецца вадкая аўсяная каша — порыдж, якую звычайна ядуць на сьняданьне. Ангельшчына мае разьвітую малочную гаспадарку, вырабляе некалькі славутых гатункаў нацыянальных сыроў (стылтан, ўэнзьлідэйл і інш.); на пачатку XX стагодзьдзя вялікую папулярнасьць мела імпартаванае зь Беларусі дзісенскае масла. Ангельцы спажываюць вельмі мала хлеба, але шмат рыбы і морапрадуктаў (асабліва любяць смажаную рыбу са смажанай бульбай, «фіш-энд-чыпс»), мяса нятлустых гатункаў (з соўсамі — мятным, кетчупам і г. д.). Найбольш папулярнымі стравамі ў грамадзкім харчаваньні ў апошнія дзесяцігодзьдзі зьяўляюцца асарты з крэветак, стэйк «гарні» і «шварцвальдзкі» вішнёвы торт.
Глядзіце таксама
рэдагавацьЛітаратура
рэдагавацьГэты артыкул створаны з дапамогай матэрыялаў з: Алесь Белы, праект «Наша ежа».
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьАнгельская кухня — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў