Аляксандар Уласаў
Аляксандар Уласаў (28 жніўня 1874, Вялейка — 11 сакавіка 1941, Марыінск, Кемераўская вобласьць, РСФСР (?)) — беларускі грамадзка-палітычны дзяяч, публіцыст, палітык і сэнатар міжваеннай Польскай Рэспублікі, эканаміст.
Аляксандар Уласаў лац. Alaksandar Ułasaŭ | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся: |
16 жніўня 1874 |
Памёр: |
11 сакавіка 1941 (66 гадоў) |
Партыя: | |
Адукацыя: | |
Жыцьцяпіс
рэдагавацьНарадзіўся 28 жніўня 1874 году ў Вялейцы. Вучыўся ў духоўнай сэмінарыі ў Пінску, у Мікалаеўскай гімназіі ў Ліпаве, пазьней — у Рыскім тэхнічным унівэрсытэце (1899—1905).
У сьнежні 1904 году заснаваў першую беларускую палітычную партыю — Беларускую сацыялістычную грамаду — і зьўляўся сябрам ейнага Цэнтральнага камітэту. У 1908 годзе — адзін з заснавальнікаў выдавецтва «Наша Хата».
Зь сьнежня 1906 году і да траўня 1914 году зьяўляўся галоўным рэдактарам газэты «Наша Ніва». За гэты час Уласаў прыцягнуў да супрацоўніцтва з газэтай таленавітых беларускіх літаратараў, сярод якіх быў і Янка Купала, які пазьней стаў новым рэдактарам газэты.
За сваю грамадзка-палітычную дзейнасьць і публікацыі ў 1909 годзе быў асуджаны царскімі ўладамі да 4 месяцаў зьняволеньня.
Браў удзел у Першым Усебеларускім зьезьдзе. У 1918 годзе ўвайшоў у склад Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, праз год аднавіў дзейнасьць Беларускага навуковага таварыства ў Вільні «Наша хатка». Уласаў выдаваў таксама часопісы «Лучынка» для дзяцей і «Саха» для сялянаў.
На момант заключэньня Рыскай дамовы 1920 году знаходзіўся ў Радашкавічах, якія апынуліся ў выніку дамовы на тэрыторыі міжваеннай Польскай Рэспублікі. Пазьней у Радашкавічах Уласаў стварыў беларускую гімназію імя Францішка Скарыны, узначальваў Таварыства беларускай школы. У 1922—1927 гадах меў мандат сэнатара першага тэрміну са сьпісу Блёку нацыянальных меншасьцяў у польскім Сэнаце. Адзін з заснавальнікаў Беларускага каапэратыўнага банку[1][2].
У кастрычніку 1939 году быў арыштаваны НКВД і перавезены ў Менск. У лістападзе 1940 году асуджаны на 5 гадоў канцлягераў за «шпіёнска-правакатарскую дзейнасьць». Памёр у зьняволеньні 11 сакавіка 1941 году у г. Марыінск Кемераўскай вобласьці РСФСР.
Творы
рэдагаваць- К. Кастравіцкі і Г. Татур. // Беларускі шлях : газэта. — 1918, 26 траўня. — № 51. — С. 1.
- Беларуская Рада — прадстаўніца Беларусі
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Пінскі аддзел Беларускага кааператыўнага банка ў Вільні (1926–1932 гг.): утварэнне і дзейнасць А.С. ГОРНЫ, А.Л. ІЛЬІН // Известия Гомельского государственного университета имени Ф. Скорины, № 1 (94), 2016.
- ^ Горны А. Рэгіянальныя структуры беларускага нацыянальнага pyxy ў Заходняй Беларусі (1921—1939 гг.) // Беларускі гістарычны часопіс. № 6, 2021. С. 19
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Уладзімер Арлоў. Аляксандар Уласаў // Беларуская служба Радыё Свабода
- 68 гадоў таму памёр Аляксандр Уласаў // Наша Ніва, 11 сакавіка 2009 г.
- Вугельчыкі з попелу — Уладзімер Содаль // Наша Ніва, №33, 2000 г.
- Лявон Луцкевіч, Галіна Войцік. Аляксандар Уласаў.