Аляксандар Шыдлоўскі
- Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Шыдлоўскі.
Алякса́ндар Канстанці́навіч Шыдло́ўскі (1911, в. Мінкі, цяпер Смаргонскі раён, Гарадзенская вобласьць, Беларусь — 2002, Горадня, Беларусь) — беларускі кампазытар.
Аляксандар Шыдлоўскі | |
Дата нараджэньня | 18 чэрвеня 1911 |
---|---|
Месца нараджэньня | вёска Мінкі, Ашмянскі павет, Віленская губэрня, Паўночна-Заходні край, Расейская імпэрыя |
Дата сьмерці | 26 верасьня 2002 (91 год) |
Месца сьмерці | Горадня, Беларусь |
Месца пахаваньня | |
Месца вучобы | |
Прафэсія | дасьледнік, выкладнік |
Месца працы | |
Гады дзейнасьці | 1940—1971 |
Жанры | вальс, гімн, раманс |
Гурты | Беларускі дзяржаўны ансамбль песьні і танцу |
Узнагароды | Заслужаны дзяяч культуры Беларусі (1960) |
Заслужаны дзяяч культуры Беларусі (1960)[1]. Ганаровы грамадзянін Горадні і Смаргоні. Аўтар звыш 200 песьняў, сярод якіх найбольшую славу атрымала песьня «Колькі ў небе зор»[2].
Жыцьцяпіс
рэдагавацьНарадзіўся ў сялянскай сям’і, дзе было 5 дзяцей. З пачаткам Першай сусьветнай вайны разам з родзічамі выехаў у Сімбірск. У 1921 годзе вярнуўся зь сям’ёй у родную вёску, што патрапіла ў склад Сярэдняй Літвы. Навучаўся ў школе ў Смаргоні (Віленская зямля). Працягваў навучаньне ў Віленскай і Клецкай беларускіх гімназіях (Нясьвіскі павет, Наваградзкае ваяводзтва, Заходняя Беларусь). У сьнежні 1927 году ў Вільні ўступіў у рабоча-сялянскі камітэт «Змаганьне», які Камуністычная партыя Заходняй Беларусі стварыла для выбарчай кампаніі ў Сойм Польскай Рэспублікі. З 1928 году працаваў інструктарам Віленскага акруговага камітэту камсамолу Заходняй Беларусі. У 1930 годзе абраўся дэлегатам ад сялянскай моладзі на Кангрэс у Бэрлін (Нямеччына)[2].
У 1930—1936 і 1937 гадох быў зьняволены ўладамі Польскай Рэспублікі за ўдзел у народна-вызвольным руху Заходняй Беларусі. З 1940 году артыст Беларускага дзяржаўнага ансамблю песьні і танцу, якім кіраваў Рыгор Шырма. У 1950 годзе скончыў Маскоўскі ўнівэрсытэт (Расейская СФСР) па спэцыяльнасьці навуковы работнік у галіне гістарычных навук. З 1951 году выкладаў у школе ў Горадні (Беларуская ССР). У 1960—1971 гадах быў кіраўніком Дому народнай творчасьці Гарадзенскай вобласьці. У 1964 годзе выдаў зборнік «Песьні»[1].
Пры канцы 1960-х гадоў напісаў песьню «Колькі ў небе зор», якую прысьвяціў сваёй жонцы Варвары Яфімаўне. Песьня атрымала шырокую славу, бо першым яе выканаўцам стаў хор Палаца культуры Менскага трактарнага заводу. Пагатоў Аляксандар Шыдлоўскі двойчы замяняў словы 2-й страфы песьні для больш сучаснага гучаньня[3]. Агулам напісаў звыш 200 песьняў, сярод якіх найбольшую вядомасьць атрымалі «Песьня пра Гродна», «Ой, ты, Нёман родны», «Там, пад гаем», «Ой, зайграйце музыкі» і «Гродзенскі вальс»[2].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б Шыдлоўскі Аляксандар // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2004. — Т. 18. Кніга 1. — С. 8. — 472 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0295-4
- ^ а б в Шыдлоўскі Аляксандар Канстанцінавіч // Гарадзенская абласная бібліятэка, 2018 г. Праверана 1 чэрвеня 2019 г.
- ^ Міхась Шавыркін. Колькі ў небе зор // Зьвязда : газэта. — 12 кастрычніка 2013. — № 193 (27558). — С. 8. — ISSN 1990-763x.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Аляксандар Шыдлоўскі. Колькі ў небе зор // Вікікрыніцы, 1 чэрвеня 2019 г. Праверана 1 чэрвеня 2019 г.