Азёры (заказьнік)
«Азёры» — рэспубліканскі краявідны заказьнік Беларусі, заснаваны ў 1990 годзе ў Гарадзенскім і Шчучынскім раёнах.
«Азёры» | |
Белае возера (чэрвень 2021 г.) | |
Плошча | 215,82 км² |
---|---|
Краіна | Беларусь |
Геаграфічныя каардынаты | 53° пн. ш. 24° у. д. / 53° пн. ш. 24° у. д.Каардынаты: 53° пн. ш. 24° у. д. / 53° пн. ш. 24° у. д. |
Месцазнаходжаньне | Гарадзенскі і Шчучынскі раёны |
Утварэньне | 1990 |
«Азёры» |
Створаны для захаваньня вадазбору ракі Котра і рэдкіх відаў жывёлаў і расьлінаў. Пераважаюць падтаежныя барэальныя і водна-ледавіковыя краявіды з эолавымі і камавымі градамі ды азёрамі: Белае, Зацкава, Малочнае і іншымі. Раўнінны, пласкахвалісты рэльеф спалучаецца з астраўкамі камавых узгоркаў, западзінамі і катлавінамі азёраў. Пераважаюць дзярнова-падзолістыя глебы і хваёвыя ды вытворныя дробналістыя лясы. Сярод 320 відаў ссудзінных расьлінаў у Чырвоную кнігу Беларусі занесеныя: горны купальнік, звычайная мнаганожка, кучаравая лілея, сон-трава, чарамша і іншыя. Сярод 130 відаў птушак у Чырвонай кнізе былі: пардва, кулік-селянец, даўгахвостая кугакаўка[1], сокал-дрымлюк, сокал-пустальга, каршачок, малая паганка, скапа, чорны бусел і іншыя. На 2004 год плошча заказьніка складала 218,52 км²[2].
17 чэрвеня 2011 году Савет міністраў Рэспублікі Беларусь зацьвердзіў Пастанову № 794 «Аб некаторых пытаньнях здабычы торфу і аптымізацыі сыстэмы асабліва ахоўных прыродных тэрыторыяў», паводле якой адвёў 270 гектараў «Сьвятога» торфарадовішча ад заказьніка торфапрадпрыемству «Верцялішкі». Да лістапада 2013 году мясцовыя жыхары Гарадзенскага і Шчучынскага раёнаў сабралі звыш 17 000 подпісаў за вяртаньне адведзеных земляў у склад заказьніка. У адказ 2 інстытуты Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі — Інстытут прыродакарыстаньня і Інстытут экспэрымэнтальнай батанікі — прапанавалі скараціць ужо адведзеную плошчу новай торфараспрацоўкі да 191 гектару. Дасьледнікі абодвух інстытутаў прыйшлі да высновы, што торфараспрацоўка пагражала пераўтварэньнем у сапрапэлевыя балоты азёрам Глінец і Шчуч’е, дзе ўжо адбыўся замор рыбы, а Доўгаму возеру — паніжэньнем узроўню вады. На грамадзкім слуханьні ў вёсцы Азёры Гарадзенскага раёну загаднік катэдры батанікі Гарадзенскага ўнівэрсытэту Алег Созінаў зьвярнуў увагу на тое, што вывад дзялянкі заказьніка для торфарспрацоўкі ў 2011 годзе парушаў 12-ы артыкул Закону Рэспублікі Беларусь «Аб асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях»[3].
-
Туман над Чортавым возерам (9 траўня 2020 году)
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Чырвоная кніга Рэспублікі Беларусь // Дзяржаўная інспэкцыя аховы жывёльнага і расьліннага сьвету пры прэзыдэнце Рэспублікі Беларусь , 2023 г. Праверана 21 красавіка 2023 г.
- ^ П.І. Лабанок. Азёры // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2004. — Т. 18. Кн. 1: Дадатак: Шчытнікі — Яя. — С. 330. — 472 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0295-4
- ^ Барыс Пракопчык. З чым застанецца Сьвятое балота // Зьвязда : газэта. — 12 лістапада 2013. — № 212 (27577). — С. 1, 2. — ISSN 1990-763x.
Гэта — накід артыкула пра Беларусь. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |