Адэноіды

пухлінападобныя разрастаньні насаглотачнай міндаліны ў выніку яе запаленьня

Адэноіды (грэц. ἀδήν + εἶδοςзалоза + падобны) — пухлінападобныя разрастаньні насаглотачнай міндаліны ў выніку яе запаленьня.

Адэноіды
Сымптомы цяжкае дыханьне праз нос
Ускладненьні няправільны прыкус, ангіна і гаймарыт
Звычайна праяўляецца 10-дзённы насмарк і храп падчас сну
Прычыны рэсьпіраторная інфэкцыя
Фактары рызыкі запаленьне носа, горла і глоткі
Прафіляктыка загартоўваньне і заняткі фізкультурай
Лячэньне інгаляцыі і выдаленьне міндаліны
Лекі кроплі для насаглоткі і вітаміны
Адэноіды ў Вікісховішчы

Бываюць пераважна ў дзяцей 3—10 гадоў, а таксама ў грудных дзяцей. Узьнікненьню спрыяе інфэкцыя. Асноўнай прыкметай служыць цяжкае дыханьне праз нос. Часта праяўляюцца хваробай сярэдняга вуха, паслабленьнем памяці і ўвагі, парушэньнем сну і начным нетрыманьнем брулёў. Таксама адзначаюцца няправільнае разьмяшчэньне зубоў на верхняй сківіцы (адсюль няправільны прыкус), высокае паднябеньне, згладжаная носавуснавая складка, адкрыты рот і вузкі нос. Пры хірургічным лячэньні міндаліны выдаляюць амбуляторна[1].

Адэноіды спрыяюць запаленьню дырхі і дыхнікаў, а таксама выклікаюць алергію і дыхнікавую астму. Павялічваюць пагрозу ўзьнікненьня ангіны і запаленьня лёгкіх. Узьнікненьню хваробы садзейнічаюць: запаленьне носа, горла і глоткі, рэсьпіраторная інфэкцыя і адзёр, кохлік і шкарлятына. Таксама шкодзяць перакормліваньне, запыленасьць і побытавыя хімікаты ў паветры. Пра хваробу могуць сьведчыць больш як 10-дзённая працягласьць насмарку і цяжкага дыханьня носам, храп падчас сну і недачуваньне. Супраць запаленьня прапісваюць кроплі для насаглоткі, вітаміны і інгаляцыі. Для прадухіленьня хваробы карысна праводзіць загартоўваньне змалку, заняткі фізкультурай і своечасовае лячэньне хваробаў верхніх дыхальных шляхоў[2].

  1. ^ Адэноіды // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1996. — Т. 1: А — Аршын. — С. 146. — 552 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0036-6
  2. ^ Сьвятлана Барысенка. «Хранічныя» міндаліны будзем выдаляць // Зьвязда : газэта. — 15 студзеня 2014. — № 6 (27616). — С. 8. — ISSN 1990-763x.