Агамічнае пісьмо
Агамі́чнае пісьмо (па-старажытнаірляндзку: ogam, вымаўл. [ˈɔɣam]) — раньнесярэднявечная альфабэтная сыстэма пісьма, у асноўным ужываная для запісу архаічнаірляндзкае мовы, а таксама яе пазьнейшае формы, старажытнаірляндзкай мовы. Да цяперашняга часу дайшло прыкладна 400 помнікаў раньніх формаў агамічнага пісьма, знойдзеных на тэрыторыі востраву Ірляндыя і захаду Вялікабрытаніі, большасьць зь іх сканцэнтраваная на поўдні Ірляндыі, у той час як найбольшая колькасьць помнікаў агамічнага пісьма па-за Ірляндыяй назіраецца ў графстве Пэмбрукшыр, што на захадзе Ўэйлзу[1][2][3].
Пераважная большасьць надпісаў агамічнымі пісьмом выкананая на камені і зьяўляюцца асабістымі імёнамі. Акрамя архаічнаірляндзкай і старажытнаірляндзкай моваў, пісьмо таксама выкарыстоўвалася для перадачы імёнаў этнасаў, зь якімі кантактавалі старажытныя гэлы (продкі ірляндцаў), з прычыны чаго помнікі агамічнага пісьма таксама маюць надпісы на старажытнаскандынаўскай, старажытнавалійскай, лацінскай і пікцкай мовах.
Часам агамічнае пісьмо згадваецца пад тэрмінам «кельцкі дрэвавы альфабэт», які заснаваны на позьнесярэднявечнай гэльскай традыцыі атаясамліваньня кожнае літары з пэўным дрэвам, вядомай як брыхарогам (ст.-ірл. Bríatharogam).
Гісторыя
рэдагавацьСамыя раньнія пісьмовыя помнікі агамічным пісьмом датуюцца IV ст. н.э., але іншыя гісторыкі высоўваюць гіпотэзы, што пісьмо магло быць вынайдзенае блізу І ст. да н.э.[4][5] У гістарыяграфіі агамічнае пісьмо падразьдзяляецца на дзьве стадыі — агамічнае пісьмо, якое ўжывалася для запісу архаічнаірляндзкае мовы й такім чынам існавала да VI ст. н.э., і пазьнейшыя формы, якія выкарыстоўваліся для запісу наступнае формы архаічнаірляндзкае мовы, старажытнаірляндзкай.
Іншыя спэцыялісты мяркуюць, што ў архаічнаірляндзкай мове існавалі фанэмы, для якіх выкарыстоўваліся сымбалі, умоўна пазначаныя як H і Z, таксама, на іх думку, была страчаная фанэма, што пазначалася сымбалямі NG.
Амаль з часу свайго ўзьнікненьня агамічнае пісьмо пранікае ва Ўэйлз дзякуючы ірляндзкім пасяленцам на захадзе гэтага рэгіёну. Некаторыя з агамічных надпісаў Ўэйлзу зьяўляюцца ірляндзка-лацінскімі білінгвамі[6].
Прыкладна з VI ст. з эвалюцыяй мовы адлічваецца ўмоўная мяжа пераходу архаічнаірляндзкае мовы ў старажытнаірляндзкую[7]. З пачатку VIII ст. пачынаецца паступовы заняпад агамічнага пісьма, якое выцясьняе лацінскі альфабэт.
Паходжаньне
рэдагавацьСучасная гістарыяграфічная навука не прыйшла да адзінае высновы наконт першапачатковае функцыі агамічнага пісьма. Паходжаньне агамічнага пісьма, хутчэй за ўсё, выводзіцца як адаптацыя іншага тыпу пісьмовасьці[8]. На цяперашні час найбольш распаўсюджанымі гіпотэзамі паходжаньня пісьма зьяўляюцца спробы зьвязаць агамічнае пісьмо з лацінскім альфабэтам, германскімі рунамі або старажытнагрэцкім альфабэтам. Гіпотэза пра паходжаньне з лацінскага альфабэту ўпісваецца ў культурны ўплыў Рымскай імпэрыі зь Вялікабрытаніі на Ірляндыю ў IV ст. н.э. Германскія руны, у сваю чаргу, тлумачаць існаваньне сымбаляў, транскрыбаваных як H, Z, U, W, якія не ўжываліся ў архаічнаірляндзкай мове й не былі вядомыя лацінскаму ды старажытнагрэцкаму альфабэтам, але разам з тым германскія руны не былі распаўсюджаныя ў дастатковай ступені нават у кантынэнтальнай Эўропе.
Існуе гіпотэза, паводле якой агамічнае пісьмо першапачаткова ўяўляла сабою таемнае пісьмо, распрацаванае ў мэтах схаваньня інфармацыі ад асобаў, знаёмых з лацінскім альфабэтам[9][10]. Гэтая гіпотэза пастулюе стварэньне агамічнага пісьма ў асяродзьдзі друідаў або навукоўцаў на фоне небясьпекі ўварваньня рымлянаў, што, верагодна, стала адным са стымулаў для стварэньня тайнапісу. Тым ня менш, наяўнасьць лаціна-агамічных білінгваў ва Ўэйлзе надаюць падставы меркаваць, што агамічнае пісьмо зьяўлялася лёгкім для расшыфроўкі[11].
Іншыя меркаваньні ўзводзяць першасную функцыю агамічнага пісьма да хрысьціянскіх суполак раньнесярэднявечнай Ірляндыі, якія імкнуліся мець асаблівую сыстэму пісьма дзеля запісу кароткіх паведамленьняў на архаічнаірляндзкай мове, акрамя таго, вынаходніцтву асаблівае сыстэмы пісьма замест прыстасаваньня лацінскага альфабэту магла паспрыяць цяжкасьць у перадачы гайдэльскае фаналёгіі лацінскім альфабэтам[12]. Хрысьціянства ў Ірляндыі вядомае прынамсі з IV ст. н.э., пра існаваньне якога сьведчыць місія ірляндзкага біскупа Палядыюса ў 431 годзе.
Ірляндзкім археолягам Робэртам Макалістэрам была высунутая тэорыя, што карані агамічнага пісьма сыходзяць у Цызальпінскую Галію (сучасны паўночны захад Італіі), дзе пісьмо было распрацаванае каля IV ст. да н.э. гальскімі друідамі на аснове старажытнагрэцкага альфабэту ў якасьці формы таемнага пісьма. Паводле гэтай жа тэорыі мяркуецца, што першапачаткова агамічнае пісьмо перадавалася на дрэве або жэстамі, пасьля чаго па пранікненьні на Ірляндыю яно стала выбівацца на камянёх[13]. У сваёй аргумэнтацыі Р. Макалістэр зьвяртае ўвагу на падабенства сымбаляў агаму на старажытнагрэцкі альфабэт, але праціўнікі гіпотэзы адзначаюць прыставанасьць сымбаляў агамічнага пісьма менавіта пад патрэбы архаічнаірляндзкае мовы[14].
Тэорыя Макалістэра заснаваная перш за ўсё на складзе агамічнага пісьма, якое ўтрымлівае чатыры групы знакаў, у кожнай зь якой знаходзіцца па пяць сымбаляў, якія складаюцца з аднаго да пяці рысак. Іншыя дасьледчыкі, такія як Р. Турнэйзэн і Ж. Вандрыес, меркавалі, што агамічнае пісьмо магло выцякаць зь нейкае сыстэмы падліку, якая засноўвалася на лічбах дваццаць і пяць[15][16][17].
Існаваньне разнастайнага гэльскага фальклёру, які меў псэўдагістарычныя паданьні аб паходжаньні гэлаў, абумовіла таксама народнае тлумачэньне паходжаньня агамічнага пісьма. Г.зв. Слоўнік навукоўца (VII ст.) і Кніга захопаў (псэўдагістарычны манускрыпт ХІ ст.) выводзілі паходжаньне пісьма да часу пасьля падзеньня Бабілёнскае вежы, разам з чым узьнікла таксама архаічнаірляндзкая мова. Згодна з паданьнем, прадстаўленым у Слоўніку навукоўца, кароль Скіфіі Феніс Фарсадзь выправіўся са Скіфіі разам з Годзелам Мак Эхерам, Ірам Мак Немам і сьвітай з 72 навукоўцаў, у выніку чаго яны дайшлі да Бабілёнскае вежы, дзе Феніс Фарсадзь загадаў сьвіце вывучыць усе знойдзеныя ў Вежы мовы. Пасьля дзесяці гадоў пошукаў Феніс з кожнае знойдзенае мовы стварыў берла тобадзе — «абраную мову», якой даў назву годзелк паводле свайго спадарожніка Годзела Мак Эхера (легендарнае тлумачэньне паходжаньня саманазвы старажытнаірляндзкае мовы, Goídelc), акрамя таго, паводле паданьня, Феніс вынайшаў новую пісьмовасьць пад назвай Бехе-Луш-нунь, якая пазьней стала вядомай як агамічнае пісьмо. Паданьне тлумачыць таксама назвы дваццаці пяці сымбаляў агамічнага пісьма: згодна зь легендай, Феніс даў кожнаму сымбалю імя дваццаці пяці найлепшых навукоўцаў уласнае сьвіты. Іншая легендарная хроніка, г.зв. Кніга Огамаў, прыпісвае стварэньне пісьма гэльскаму божышчу Огму, які меў добрыя ўменьні ў вершаскладаньні і задумаў стварыць сыстэму пісьма, недаступную для прасталюднікаў. Згодна з гэтым паданьнем, першая літара пісьма была названая ў гонар бярозы, пра якую апавядалася ў першым тэксьце агамічным пісьмом, складзеным Огмам.
Склад
рэдагавацьУ дакладнейшым дачыненьні пад тэрмінам «агамічнае пісьмо» вядомы толькі спосаб запісу, уласна склад сымбаляў агамічнага пісьма ў гэлаў быў вядомы пад выразам Бех-луш-нінь (ст.-ірл. Beith-luis-nin), які быў утвораны паводле назваў трох першых сымбаляў пісьма (аналягічным чынам утворанае слова «альфабэт»). Тым ня менш, насамрэч парадак сымбаляў агамічнага пісьма меў выгляд BLFSN; на думку Р. Макалістэра, першапачатковым парадкам сымбаляў быў BLNFS, што ўпісвалася ў ягоную тэорыю аб гальскіх каранёх агамічнага альфабэту. Пазьней большая частка дасьледчыкаў адрынула тэорыі Макалістэра, адным зь іншых тлумачэньняў назвы стала гіпотэза, што слова nin зь літаральным значэньнем «расшчэпленая галіна» таксама азначала любы сымбаль пісьма, у выніку чаго выраз Beith-luis-nin атрымлівае значэньне «знакі Бех і Луш».
Іншай гіпотэзай стала здагадка, што слова Luis зьяўлялася абрэвіятурай знакаў LVS, з прычыны чаго выраз Beith-luis-nin трэба разумець як парадак знакаў BLVSN, што амаль супадае з рэальным парадкам сымбаляў агамічнага пісьма (гл. вышэй)[18][19].
Першапачаткова агамічнае пісьмо падразьдзялялася на чатыры групы знакаў, вядомых як aicmí (форма множнага ліку ад aicme «сям’я»), кожная зь якіх утрымлівала па пяць сымбаляў, вядомых як feda. Кожная група знакаў мела назоў паводле першага знаку ў гэтай групе з даданьнем слова aicme (Aicme Beithe, Aicme hÚatha, Aicme Muine, Aicme Ailme). У пазьнейшай традыцыі пісьма былі ўведзеныя пяць новых сымбаляў, вядомых як forfeda, якія пазначалі фанэмы, адсутныя ў першапачатковым агамічным пісьме. Акрамя гэтага, Кніга Огамаў згадвае ажно прыкладна сто сымбаляў агамічнага пісьма, якія ўжываліся ў тайнапісных патрэбах. Уласна тэкст агамічным пісьмом мог запісвацца як вэртыкальна, так і гарызантальна, у апошнім выпадку вэртыкальны тэкст паварочваўся правым бокам уніз.
Ніжэй прыведзенае апісаньне сымбаляў агамічнага пісьма паводле іх групы. Справа прыведзеная іх традыцыйная лацінская транскрыпцыя паводле старажытнаірляндзкае мовы, пасьля чаго прыведзеная назва сымбалю, ягоная гукавая нагрузка і этымалёгія назвы сымбалю.
- Сымбалі з вэртыкальнымі рысамі зьлева й бакавымі гарызантальнымі рысамі:
- Сымбалі з вэртыкальнымі рысамі справа й бакавымі гарызантальнымі рысамі:
- Сымбалі з вэртыкальнымі рысамі й дыяганальнымі папярочнымі рысамі:
- Сымбалі з вэртыкальнымі рысамі й гарызантальнымі пэрпэндыкулярнымі рысамі:
- Сымбалі forfeda:
- EA ébad;
- OI óir;
- UI uillenn;
- P, пазьней — IO pín (гл. ніжэй);
- X або Ch (loch), пазьней — AE emancholl (гл. ніжэй).
Сымбаль для выбухнога зычнага /p/ хутчэй за ўсё адсутнічаў з прычыны яго страты ў пракельцкай мове і ягонай адсутнасьці ў архаічнаірляндзкай мове (у пазьнейшых кельцкіх мовах, такіх як прабрыцкая й гальская зычны /p/ узьнікнуў зноў, але архаічнаірляндзкая мова належала да іншае групы кельцкіх моваў — г.зв. Q-кельцкіх, дзе гэты гук быў заменены на /kʷ/. У архаічнаірляндзкай /p/ узьнікнуў толькі ў запазычваньнях з лаціны). І наадварот, у агамічным пісьме ёсьць сымбаль, які ўмоўна перадаецца q — ён пазначаў якраз лябіявэлярны /kʷ/, які ў Q-кельцкіх адпавядаў P-кельцкаму (да якіх належалі прабрыцкая й гальская) /p/. Варта адзначыць, што ў старажытнаірляндзкай мове /kʷ/ спрасьціўся да /k/.
Зь пяці сымбаляў групы forfeda толькі першы, вядомы як ébad, рэгулярна зьяўляўся ў агамічных тэкстах. Гэты сымбаль трансьлітараваўся як K[20]. Астатнія сымбалі гэтае групы, за выняткам сымбалю emancholl, у першапачатковых агамічных тэкстах паўстаюць толькі адзін раз[21]. Абмежаванае выкарыстаньне сымбаляў гэтае групы падштурхнула аўтараў агамічных тэкстаў пераасэнсаваць значэньне сымбаляў pín ды emancholl пад значэньне дыфтонгаў[22]. У сваю чаргу, гэта спрычынілася да зноў узьніклай адсутнасьці сымбалю для /p/, для чаго быў вынайдзены новы, пад назвай peithboc.
Назвы сымбаляў
рэдагавацьРукапісная традыцыя заклала назвы для кожнага з сымбаляў агамічнага пісьма. Кожны сымбаль меў назву, адпаведную таму ці іншаму віду дрэва, гэтая заканамернасьць была падрабязна апісаная ў Слоўніку навукоўца й Кнізе Огаму, у прыватнасьці, у Слоўніку навукоўца прыводзіцца апісаньне адпаведнасьці сымбаляў кожнаму віду дрэва, дзе заўважаецца, што некаторыя з гэтых відаў зьяўляюцца невядомымі і толькі пяць сымбаляў маюць шырокавядомыя дрэвавыя адпаведнікі (beith «бяроза», fearn «алешына», saille «вярба», duir «дуб», coll «ляшчына»). Першая літара назвы дрэва, якое атаясамлівалася зь літарай, супадала з гэтай літарай (напрыклад, сымбаль для d меў назву duir «дуб»). Часам мяркуецца, што атаясамліваньне сымбаляў агамічнага пісьма зь відамі дрэваў паўстала празь зьнешняе падабенства гэтых сымбаляў з дрэвамі або расшчэпленай галінай.
Некаторыя назвы сымбаляў мелі некалькі значэньняў, пры гэтым толькі восем сымбаляў мелі адназначныя назвы, зьвязаныя з дрэвамі. Іншыя назвы, якія маглі мець некалькі значэньняў, прыведзеныя ніжэй. Існавала практыка наданьня эпітэтаў назьве таго ці іншага сымбалю, у выніку чаго назва сымбалю атрымлівала некалькі значэньняў.
- Beith, ст.-ірл. Beithe — «бяроза»;
- Luis. Зьвязваецца са словам luise «полымя» або lus «трава»;
- Fearn, ст.-ірл. Fern, арх.-ірл. *wernā — «вольха»;
- Sail «вярба»;
- Nion, ст.-ірл. Nin — «разгалінаваньне, гарышча». Традыцыйна зьвязвалася з uinnius «ясень»;
- Uath, ст.-ірл. Úath — «жах, страх», традыцыйна зьвязвалася з баярышнікам. Першапачатковая этымалёгія назвы літары, а таксама яе гукавая нагрузка невядомая, на думку МакМануса, пазначала галосную [y]. Як мяркуе П. Схрэйвэр, слова зьяўляецца кагнатам лацінскаму pavere[23];
- Dair «дуб»;
- Tinne, мэтафарычнае значэньне — «зьлітак», традыцыйнае — «падуб» (назва дрэва);
- Coll «ляшчына»;
- Ceirt, ст.-ірл. Cert. Зьвязваецца з валійскім perth «куст», лацінскім quercus і ўзыходзіць да праіндаэўрапейскага *perkwos. У мэтафарычнай практыцы блыталася з ceirt «ануча». Паводле Слоўніка навукоўца — aball «яблык»;
- Muin. Мэтафарычна зьвязвалася з muin, якое мела значэньні «шыя, любоў, павага, хітрасьць, выкрут», традыцыйна зьвязвалася з finemhain «паўзучая расьліна»;
- Gort «поле», традыцыйна зьвязвалася таксама з edind «плюшч»;
- nGéadal, ст.-ірл. Gétal, у мэтафарычнай традыцыі зьвязвалася са значэньнем «забойства», якое, у сваю чару, мажліва зьяўляецца кагнатам gonid «забівае» і ўзыходзіць да праіндаэўрапейскага *gwen-, традыцыйна зьвязвалася зь сямействам дрокавых або папарацевідных. У архаічнаірляндзкай мове пазначала, хутчэй за ўсё, лябіявэлярны зычны [ɡʷ];
- Straif, ст.-ірл. Straiph «сера». Гукавае значэньне невядомае, але імаверна, штосымбаль пазначаў сьвісьцячыя рэфлексы зычных спалучэньняў /st/ або /sw/. Традыцыйна зьвязвалася з draighin «цёрн»;
- Ruis. Літаральнае значэньне — «чырвань», згадвалася таксама як trom «бузіна»;
- Ailm. Значэньне не ўсталяванае, верагодна, «хвоя». Паводле Слоўніка навукоўца — crand giuis .i. ochtach «піхта, хвоя»;
- Onn «ясень», у Слоўніку навукоўца — aiten «улекс»;
- Úr. Паводле мэтафарычных традыцыяў зьвязвалася са значэньнямі «зямля, гліна, глеба», у Слоўніку навукоўца — fraech «эрыка»;
- Eadhadh, ст.-ірл. Edad — невядомае значэньне. У Слоўніку навукоўца — crand fir no crithach «асіна»;
- Iodhadh, ст.-ірл. Idad. Значэньне невядомае, мажліва, форма слова ibhar «ціс ягадны», меркавана нададзенае традыцыйна;
Урэшце, у Слоўніку навукоўца таксама згаданыя чатыры сымбалі з групы forfeda. Eabhadh (ст.-ірл. Ebhadh) зьвязваецца з crithach «асіна»; Ór «золата», традыцыйна — feorus no edind «брызгліва, плюшч»; Uilleann (ст.-ірл. Uilleand) «локаць», традыцыйна — edleand «бружмель» і Pín (ст.-ірл. Iphin), зьвязваецца з традыцыйным spinan no ispin «агрэст, шып».
Пісьмовыя помнікі
рэдагавацьАсноўны масіў пісьмовых помнікаў агамічным пісьмом прасочваецца ўласна на востраве Ірляндыя, а таксама ва Ўэйлзе, меншая канцэнтрацыя помнікаў прыпадае на востраў Мэн, Шатляндыю, адзіночны ўзор агамічнага пісьма быў знойдзены ў мястэчку Сылчэстэр, ангельскае графства Гэмпшыр. Гэтыя пісьмовыя помнікі галоўным чынам зьяўляюцца тэрытарыяльнымі або манумэнтальнымі пазнакамі. Апроч указальных мэтаў, агамічнае пісьмо таксама выкарыстоўвалася для перадачы паведамленьняў або ў магічных мэтах, Кніга Огамаў таксама сьведчыць пра выкарыстаньне агамічнага пісьма ў мэтах гаспадарчага ўліку. Існуюць сьведчаньні ўжываньня знакаў агамічнага пісьма ў якасьці мовы жэстаў. Сватаньне да Этайн, адзін з тэкстаў г.зв. Ірляндзкага міталягічнага цыклу (збор празаічнай і вершаванай дахрысьціянскай міталёгіі Ірляндыі мяжы І і ІІ тыс. н.э.), згадвае выкарыстаньне сымбаляў агамічнага пісьма ў магічных мэтах.
На VI ст. прыпадае камень у гонар караля валійскае дзяржавы Давэд Вортыпорыюса, гэты надпіс зьяўляецца практычна адзінай фіксацыяй уласнага імя вядомай гістарычнай асобы агамічным пісьмом[24].
Мова агамічных надпісаў пераважна архаічнаірляндзкая, першая вядомая форма кельцкага маўленьня на тэрыторыі востраву Ірляндыя. Акрамя гэтага, агамічным пісьмо выконваліся надпісы на пазьнейшай форме мовы — старажытнаірляндзкай мове, а таксама на некаторых геаграфічна блізкіх мовах рэгіёну, як то валійскай і, верагодна, пікцкай. На апошняй мове, у прыватнасьці, складзены г.зв. камень з Лунастынгу (Шэтландзкія астравы). Некаторым іншым агамічным помнікам пісьмовасьці Шатляндыі прыпісвалася старажытнаскандынаўская мова[25], але гэтая гіпотэза не атрымала дастатковую колькасьць аргумэнтаў, каб лічыцца апрабаванай.
Помнікі агамічнага пісьма ўмоўна падразьдзяляюцца на два храналягічныя этапы: архаічны, падчас якога сымбалі выразаліся пераважна на левым краі камянёў, і схалястычны, калі паралельна з выбітымі надпісамі на камянёх пачынаюцца зьяўляцца якасна новыя рукапісныя надпісы. У агульнай складанасьці вядома каля 380 помнікаў архаічнага этапу агамічнага пісьма, большасьць зь якіх адшуканая ў гістарычным рэгіёне Ірляндыі Манстэр (поўдзень востраву), пры гэтым больш за іх траціну засяроджаная ў графстве Керы (паўднёвы захад востраву), дзе месьцілася былое гэльскае пляменнае каралеўства Корку-Дубне. З VI ст. пачынаецца г.зв. схалястычны пэрыяд, калі паралельна з каменнымі надпісамі зьяўляюцца рукапісныя помнікі. Падчас схалястычнага пэрыяду дзякуючы гэльскім перасяленцам агамічнае пісьмо пранікае ў Шатляндыю, дзе яно было засвоенае піктамі ў патрэбах пісьмовае фіксацыі ўласнае мовы — пікцкай.
Падчас хрысьціянізацыі гэлаў, а таксама іхных культурных кантактаў з кантынэнтальнай Эўропай усё большае значэньне атрымлівае лацінскі альфабэт, які паступова выцясьняе агамічнае пісьмо. Апошняе фрагмэнтарна выкарыстоўвалася ў рукапісных нататках ажно да XVI ст. Самым позьнім прыкладам ужываньня агамічнага пісьма ў Ірляндыі лічыцца надмагільны камень у вёсцы Агені (графства Тыпэрэры, паўднёвы ўсход Ірляндыі), які датуецца 1802 годам. Па выхадзе агамічнага пісьма з ужытку пісьмо захоўвала свае функцыі пры навучаньні гэльскіх паэтаў і навукоўцаў, да нядаўняга часу лацінскія літары ірляндзкага й шатляндзкага альфабэтаў мелі назвы, запазычаныя з сыстэмы найменьня сымбаляў агамічнага пісьма (гл. вышэй).
Сучаснае выкарыстаньне
рэдагавацьУ цяперашнія часы агамічнае пісьмо набыло пэўны розгалас сярод брытанскіх групаў нэаязычнікаў.
У 1948 годзе за аўтарстваі ангельскага пісьменьніка Робэрта Грэйвза было выдадзенае міталягічнае фэнтэзі «Белая багіня» (анг. The White Goddess). Зьмест кнігі ў вялікай ступені быў заснаваны на дасьледаваньнях Робэрта Макалістэра, пасьля чаго Грэйвз уласнаручна разьвіў сваю міталягічную канцэпцыю, згодна зь якой першапачатковай прарадзімай кельтаў быў рэгіён Эгейскага мора, дзе яны належалі да Народаў мора, адкуль кельты данесьлі свае рэлігійныя вучэньні да Брытанскіх астравоў у выглядзе шыфру, які й уяўляў сабой агамічнае пісьмо. Пасьля гэтага Грэйвз прыступіў да дасьледаваньня дрэвавых асацыяцыяў сымбаляў агамічнага пісьма, у выніку чаго пісьменьнік прыйшоў да высновы, што сымбалі агамічнага пісьма ўтвараюць своеасаблівы арбарыстычны магічны каляндар[26]. Палажэньні Грэйвза былі адрынутыя дасьледчыкамі, у тым ліку самім Р. Макалістэрам, але яны былі з энтузіязмам прынятыя ў нэаязычніцкіх рухах. Апроч таго, Грэйвз падтрымаў гіпотэзы аб парадку сымбаляў BLNFS (гл. вышэй), пасьля чаго яны былі падхопленыя нэаязычніцкімі пісьменьнікамі нягледзячы на рэзкае адмаўленьне спэцыялістаў. Некаторыя арганізацыі нэаязычнікаў ставяць спробы варажбы з удзелам сымбаляў агамічнага пісьма.
У верасьні 1999 году з рэлізам вэрсіі 3.0 агамічнае пісьмо было дададзенае ў стандарт Unicode[27]. У гэтым стандарце блёк сымбаляў агамічнага пісьма прадстаўлены ў частцы U+1680–U+169F. У 1997 годзе былі вызначаныя назвы сымбаляў агамічнага пісьма ў гэтай сыстэме, у прыватнасьці, яны выкарыстоўваюцца ў сыстэмах Unicode Standard і Irish Standard 434:1999.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Forsyth, K. 1 // Abstract: The Three Writing Systems of the Picts / Black et al. — Celtic Connections: Proceedings of the Tenth International Congress of Celtic Studies. — East Linton: Tuckwell Press, 1999. — С. 508.
- ^ Richard A. V. Cox. The Language of the Ogam Inscriptions of Scotland. — Dept. of Celtic, Aberdeen University. — ISBN 0-9523911-3-9
- ^ O'Kelly, Michael J. Early Ireland, an Introduction to Irish Prehistory. — Cambridge University Press, 1989. — С. 251.
- ^ O'Kelly 1989, p. 250.
- ^ Carney, James. The Invention of the Ogam Cipher 'Ériu'. — Dublin: Royal Irish Academy, 1975. — С. 57.
- ^ MacKillop J. Ogham // The Ogham Stone.
- ^ Thurneysen, Rudolf. A Grammar of Old Irish. — Dublin: Dublin Institute for Advanced Studies, 1980. — С. 8-11.
- ^ Macalister, R.A.Stewart. The Secret Languages of Ireland. — Armagh: Craobh Rua Books, 1997.
- ^ Carney, J. 22 // The Invention of the Ogam Cipher. — Ériu, 1975. — С. 62-63.
- ^ MacNeill, E. 39 // Archaisms in the Ogham Inscriptions. — Proceedings of the Royal Irish Academy. — Dublin: С. 33-53.
- ^ Thurneysen, R. A Grammar of Old Irish. — Dublin: Dublin Institute for Advanced Studies. — С. 9-10.
- ^ MacManus 1988, pp. 7, 41, 1991.
- ^ Macalister, R. A. S. The Secret Languages of Ireland. — Cambridge University Press, 1937. — С. 27-36.
- ^ McManus 1988, pp. 22–23, 1991.
- ^ Vendryès J. 4 // L'écriture ogamique et ses origines. — Études Celtiques. — 1941. — С. 110-113.
- ^ Thurneysen R. Zum ogam. — Beiträge zur Geschichte der deutschen Sprache und Literatur. — 1937. — С. 196-197.
- ^ McManus 1988, p. 11, 1991.
- ^ McManus 1988, pp. 36, 167, 1991.
- ^ B. Ó Cuív. 31 // Irish words for Alphabet. — С. 101.
- ^ McManus, § 5.3, 1991.
- ^ Macalister CIIC, Vol. I.
- ^ MacManus 1988, §7.13–14, 1991.
- ^ McManus 1991:37.
- ^ The Welsh Academy Encyclopedia of Wales. — Cardiff: niversity of Wales Press, 2008.
- ^ Cox R. The Language of Ogham Inscriptions in Scotland. — 1999.
- ^ Graves 1961, p. 165.
- ^ Registration #208 – Ogham (анг.). Unicode (1999). Праверана 30 ліпеня 2014 г.
Літаратура
рэдагаваць- Carney, James. 22 // The Invention of the Ogam Cipher. — Ériu. — Dublin: Royal Irish Academy, 1975.
- Düwel, Klaus. Runenkunde. — Stuttgart — Weimar: Metzler, 1968.
- Forsyth, Katherine. The Ogham Inscriptions of Scotland: An Edited Corpus, PhD Dissertation. — Harvard University, 1996.
- Gippert, Jost; Hlaváček, Ivan; Homolka, Jaromír. Ogam. Eine frühe keltische Schrifterfindung. — Praha: Charles University, 1992. — ISBN 80-901489-3-X
- Macalister, Robert A. S. The Secret Languages of Ireland. — Cambridge University Press, 1937.
- Macalister, Robert A. S. Corpus inscriptionum insularum celticarum. — 1st ed. — Dublin: Stationery Office, 1945-1949.
- McManus, Damian. 37 // Ogam: Archaizing, Orthography and the Authenticity of the Manuscript Key to the Alphabet. — Ériu. — Dublin: Royal Irish Academy, 1988.
- McManus, Damian. A Guide to Ogam. — Maynooth: 1991. — ISBN 1-870684-17-6
- MacNeill, Eoin. 39 // Archaisms in the Ogham Inscriptions. — Proceedings of the Royal Irish Academy. — Dublin: .
- O'Brien, Michael A., ed.; Kelleher, John V. 1 // Corpus Genealogiarum Hiberniae. — Dublin: DIAS, 1962. — ISBN 0901282316
- Raftery, Barry. 99 // A Late Ogham Inscription from Co. Tipperary. — Journal of the Royal Society of Antiquaries of Ireland. — 1969.
- Swift, C. Ogam Stones and the Earliest Irish Christians. — Maynooth: Dept. of Old and Middle Irish, St. Patrick's College, 1997. — ISBN 0-901519-98-7
- Sims-Williams, Patrick. 37 // The Celtic Inscriptions of Britain: Phonology and Chronology, c. 400–1200. — Oxford: Blackwell Publishing, 2003. — (Publications of the Philological Society). — ISBN 1-4051-0903-3
- Thurneysen, Rudolf. 61 // Zum Ogam. — Beiträge zur Geschichte der deutschen Sprache und Literatur. — 1937.
- Vendryès, Joseph. 4 // L'écriture ogamique et ses origines. — Études Celtiques. — 1941.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Апісаньне агамічнае пісьмовасьці, а таксама збор тэматычных спасылак (анг.), Omniglot
- Фота й надпісы некаторых помнікаў агамічнага пісьма з трансьлітарацыяй (анг.), TITUS
- Некаторыя прыклады пікцкіх агамічных надпісаў лацінскай трансьлітарацыяй (анг.), Pictish Ogham Inscriptions