Абыяк
«Абыяк» — італьянская кінакамэдыя 2011 году аб вылучэньні на выбары мэра Марына ды Сопра калябрыйскага мафіёзі Чэта Ля Квалунквэ (італ. qualunque — «абыякі»).
«Абыяк» | |
італ. Qualunquemente | |
Жанр | камэдыя |
---|---|
Рэжысэр | Джуліё Манфрэдонія |
Сцэнарыст | П’ера Герэра |
Прадусар | Дамэніко Пракачы |
У ролях | Антоніё Албанэзэ, Сэргіё Рубіні |
Кампазытар | Банда Асірыс |
Апэратар | Рабэрто Форца |
Мантаж | Сэсілія Занусо |
Вытворчасьць | «Фанданго» |
Распаўсюд | 01 Distribution[d] |
Дата выхаду | 21 студзеня 2011 (13 гадоў таму) |
Працягласьць | 96 хвілінаў |
Краіна | Італія |
Мова | Італьянская |
Прыбытак | 15 869 тыс. эўра |
Старонка на IMDb | |
Афіцыйны сайт |
Дзея
рэдагавацьВяртаньне да справаў
рэдагавацьШэсьць мужчынаў паляць за сталом і праглядаюць фатаздымкі асуджаных. Яны абіраюць партрэт паголенага Чэта Ля Квалунквэ з цыгарэтай у вуснах. Чэта выходзіць з самалёта ў чырвонай кашулі і белым касьцюме. Былы сукамэрнік Піно «Іншаземец» сустракае яго каля лётнішча з таблічкай «Зь вяртаньнем дадому, Чэта». Чэта прадстаўляе яму сваю наложніцу Ізабэлу дус Сантус пад мянушкай «Рэч» і яе чарнаскурую дачку. Піно вязе іх дадому на дарагім ўсюдыходным самаходзе. У дарозе яны трапляюць у корку на ўсю ноч праз дарожна-транспартнае здарэньне. У далейшым падарожжы Чэта спыняе самаход, каб спаражніць мачавік пры дарозе. Пры гэтам ён згадвае, што навакольная зямля належыць яму, і кідае цыгарэту на траву, якая імгненна загараецца. Дома яго жонка Кармэн, убачыўшы мужа з наложніцай і крапіўніцай, вяртаецца ў асабняк з нараканьнямі. Сын Мэло абдымае бацьку і тлумачыць засмучанасьць маці 4-гадовай адсутнасьцю тэлефанаваньняў. Чэта заўважае, што падчас яго адзінага званка лінія была занятай. У доме пад крыкі жонкі ён дадае, што сям’я перадусім, і выпраўляе сына гуляць з новапрыбылай сястрой і сабакам. У працяг Чэта кажа Піно, што яму так не ставала сям’і, што давялося завесьці яшчэ адну. Затым ён кліча жонку, каб тая хутка прыгатавала каву. Тая імгненна перастае крычаць і прыносіць яму кубак на сподку. Тады Чэта знаёміць жонку і наложніцу. Ізабэла называе сваё імя, аднак Чэта настойвае на мянушцы і наракае на залішні цукар у каве.
Пад крыкі жонкі і наложніцы Чэта адпачывае ў абкружанай трыма статуямі ваньне зь іконамі і карцінамі на сьценах. Піно паведамляе аб свары Кармэн і «Рэчы» на кухні. Чэта загадвае падаць халат і называе нармальным тое, што ў сем’ях здараюцца спрэчкі. Затым ён згадвае, што ягоная сям’я ёсьць пашыранай, і называе Піно адсталым за неразуменьне. Апрануты Чэта вяртаецца праз калідор, дзе на сьценах толькі ягоныя партрэты. Піно называе Чэта прыгажуном і дадае, што найпрыгажэйшае ў ім хаваецца пад вопраткай. Заўважыўшы бойку на кухні, Чэта цьвердзіць, што Кармэн і «Рэч» моцна пасябруюць.
У кавярні знаёмцы Чэта ўзгадваюць яго ад’езд на 4 гады ў Паўднёвую Амэрыку праз абвінавачаньне ў адмываньні грошай. Затым адзін знаёмец адзначае, што атрымлівае пэнсію інваліда стараньнямі Чэта, хоць насамрэч здаровы. Пасьля Чэта распавядае, што Вэнэсуэла найбольш багатая на дзяўчатаў, якія ў 10 гадоў выглядаюць на жанчынаў.
Чэта з супрацоўнікамі прыяжджае на будоўлю вёскі, якая вядзецца на развалінах старажытнага гораду этрускаў. Яму кажуць, што мэрыя пярэчыць будаўніцтву, аднак Чэта дзівіцца няўдзячнасьці за будоўлю новага паселішча на месцы старога. Раптам прыбягае бялявы ангелец, які сваёй мовай наракае на адсутнасьць вады ў прыбіральні. Чэта дзівіцца яго мове і называе дзікуном. Піно гоніць ангельца прэч. Затым Чэта знаходзіць прымальным сьцёк каналізацыйнай вады ў мора.
У піцэрыі супрацоўнікі кажуць Чэта, што ёсьць пагроза зноса вёскі дзеля пабудовы археалягічнага парка. Аднак Чэта кажа праектавальніку, што такі адмаз, як незаконнасьць пабудовы вёскі ня пройдзе. Чэта заўважае ў сваёй піцэрыі лейтэнанта Каваляро зь сям’ёй і падыходзіць павітацца. Каваляро падыходзіць да стойкі для поўнага разьліку, хоць Чэта настойвае на бясплатнасьці або прынамсі зьніжцы. Пры гэтым Каваляро дзівіць прысутных патрабаваньнем таварнага чэка, які ў выніку падліку жонкі Чэта складае 5 эўра.
Прапанова стаць мэрам
рэдагавацьСедзячы ў цяньку ля басэйна рахункавод наракае на крызіс і падаткі з €2 тыс. за 4 гады. Пасьля згадкі неабходнасьці плаціць падаткі Чэта кажа, што падаткі, як наркотык, зацягваюць ад адной спробы, таму іх нельга плаціць. Іншы супрацоўнік згадвае аб нядаўнім арышце за забойства суседа. Праектавальнік бядуе, што аднятую ў ягоных сяброў зямлю аддалі пад збудаваньне жытла для бедных. Чэта называе такія падзеі неверагодным сорамам, трызьненьнем і бязладзьдзем. Праектавальнік падкрэсьлівае, што збудаваныя Чэта без узгадненьня вёска і піцэрыя таксама пад пагрозай. Рахункавод дадае, што паліцыя, карабінэры, фінансавая служба і музэй мастацтваў дзеяць бяссташна. Затым супрацоўнікі кажуць Чэта, што настаўнік дэ Сантыс, які трымаецца правілаў, вылучыўся на пасаду мэра і перайшоў на бок закона. Яны заклікаюць Чэта стаць мэрам. Той кажа, што яму патрэбны час падумаць.
Тройчы скарыстаўшы любошчы прастытуткі для развагаў, Чэта едзе зь Піно да сваіх піцэрыі ды вёскі, збудаваных на месцы леса і магілаў з калёнамі адпаведна. Ён цьвердзіць, што акультурыў абодва месцы сваёй працай. Уначы Чэта паліць у ложку, дзе адначасна наложніца сьпіць, а жонка на тую шэптам сварыцца. Чэта кажа, што жонка адстала ад жыцьця, і заклікае яе перастаць замінаць сну наложніцы. Зранку Чэта паведамляе ў кавярні аб сваім вылучэньні на пасаду мэра пад воплескі паплечнікаў. Адзін з паплечнікаў са згоды Чэта пасылае СМС, у выніку якога праз дарогу падрываецца танны малалітражны самаход суперніка дэ Сантыса. Прыбегшаму дэ Сантысу Чэта паведамляе аб сваім удзеле ў выбарах.
Падрыхтоўка да выбараў
рэдагавацьНа родавай вечарыне стрыечная сястра просіць Чэта ўзяць на працу яе сына, які працуе афіцыянтам, хоць скончыў Балёнскі ўнівэрсытэт. Чэта абяцае прызначыць яго пасьля выбараў консулам. Затым Чэта прамаўляе аб вылучэньні, каб адказаць на заклік да волі з судовых заляў і турэмных камэраў з боку сяброў, несправядліва названых злачынцамі і вымушаных сьпешна пакінуць родны дом пад покрывам ночы. Калі ён заяўляе аб вылучэньні ад імя сямейных каштоўнасьцяў, ягоная жонка б’е паднос, бо наложніца ўваходзіць з уласным.
У доме жонка робіць выгляд, што плача, і заяўляе Чэта, што ў яго ня можа быць дзьвюх жонак. Чэта называе Кармэн занудай і кажа, што ёй нічым не дагодзіш і гэтак хутка й дзьвюх палюбоўніцаў нельга будзе мець. Праз сыход Чэта ад адказу на запыт аб паходжаньні дочкі наложніцы, Кармэн сыходзіць у другі дом Чэта. Тым часам Мэло прадстаўляе бацьку сваю дзяўчыну Ляўру. Аднак той не ўхваляе плоскасьць яе грудзей і азадка настолькі, што яму балюча за сына. Затым Чэта паведамляе сыну, што хутка стане мэрам, Мэло адпаведна — ягоным намесьнікам. Ён дакарае сына яздой на скутэры ў шлеме, бо могуць падумаць, што ён баязьлівец. Адначасна бацька кажа, што ўсё аддаў дзеля сына і ўсяму яго навучыў: пасадзіў за стырно ў 11 год, у 12 год навучыў біцца ў школе з тымі, хто не даваў сьпісваць. У настаўленьне ён заклікае не прапускаць на скрыжаваньні, бо пазьней могуць прыціснуць. Урэшце Чэта паведамляе, што за 2 дні да выбарчай кампаніі ім варта пабываць на рыбалцы і паляваньні.
Назаўтра Чэта прыводзіць сына да знаёмай прастытуткі ў чырвоным парыку і згадвае, што сам ёй карыстаўся. Ён заклікае Мэло не прымушаць бацьку чырванець. На рыбалцы Мэло ня вывудзіў рыбу. Чэта кідае зь яхты ў мора гранату, і рыба ўсплывае на паверхню. Мэло ловіць яе сачком. На паляваньні Чэта падстрэльвае сабаку (Джэкі), які належаў Мэло. Дома Піно паведамляе, што Мэло прывязаўся да Джэкі. Чэта кажа Піно, што гэтым разам падстрэліў Джэкі незнарок, і заклікае ні да каго не прывязвацца. Тут жа Піно паведамляе Чэта аб жаніцьбе на Сьвятлане ў наступным месяцы. Чэта пагаджаецца быць сьведкам на вясельлі. На сабачай магіле Чэта даведваецца, што сын трэці год навучаецца на І курсе геадэзічнага факультэта. Ён заклікае ня плакаць, бо сабака быў такі хілы, што нават не кусаўся. Затым Чэта кажа, што не засмуціўся б нават ад сьмерці свайго кузэна.
Агітаваньне
рэдагавацьЧэта і Піно пачынаюць выбарчую кампанію раздачай жанчынам у бікіні паветраных шарыкаў на пляжы. Затым яны бяруць заняты пажаратушэньнем самалёт для агітацыйных палётаў. Падчас раздачы бэнзаваўчэраў на €10 Чэта даводзіцца слухаць радыёвыступ дэ Сантыса. Назаўтра Піно заклейвае перадвыбарчую рэкляму суперніка гнеўнымі патрэтамі Чэта. На прэс-нарадзе Чэта заяўляе, што зоймецца праграмай у апошнюю чаргу і абвяшчае сямейны склад сваёй выбарчай каманды, адзін з удзельнікаў якой выходзіць зь вязьніцы праз 2 тыдні. Чэта выказваецца за ўваход палітыкаў у жанчынаў, а не жанчынаў — у палітыку. Пасьля нарады Чэта і Піно купаюцца ў саўне з трыма аголенымі жанчынамі. Тым часам Мэло сьлязьліва тлумачыць Ляўры расставаньне старой закалкай бацькі.
Зранку ў кавярні праектавальнік чытае заяву дэ Сантыса ў газэце. Рахункавод кажа аб адмоўным выніку грамадзкага апытаньня. Чэта пагаджаецца з прапановай «калекі» прыцягнуць у якасьці адмыслоўца сваяка яго стрыечнай сястры, які браў удзел у разбурэньні Бэрлінскага муру. Адмысловец Джэрардо Салерно прылятае з апулійскага гораду Бары ў чорным касьцюме. Чэта, Піно і «калека» адвозяць яго да гасьцініцы, ля якой Джэры прызначае сустрэчу на 7 гадзіну раніцы для атрыманьня €20 тыс. авансу. А 7:15 рахункавод перадае грошы. На параду Джэры Піно перавозіць «Рэч» з дачкой у другі дом, а Чэта ў новым касьцюме прагульваецца з жонкай па ажыўленай вуліцы. На просьбу сына наведаць выстаўку карцінаў Чэта вязе яго пастраляць. Чэта адмаўляецца плаціць падаткі, аднак наведвае тэатар, дзе засынае.
На наступны дзень у касьцёле Чэта заклікае сьвятара прамаўляць цішэй падчас ягонай тэлефоннай размовы. Затым ён заклікае за сябе галасаваць і абяцае адрэстаўраваць касьцёл. У перадвыбарчым штабе Джэры адзначае адставаньне на 5 пунктаў ад суперніка. Чэта прапануе забіць дэ Сантыса. Аднак Джэры згадвае пра ўдзел у выбараў 12 супернікаў. Тады Чэта кажа, што 12 забойстваў будуць завялікім марнатраўствам. Кармэн паведамляе па тэлефоне аб вобшуку дома лейтэнантам Каваляро наконт піцэрыі. Зранку Чэта прывозіць сына ў вязьніцу і заклікае ня плакаць, бо падарыў яму піцэрыю. Пры плачы Кармэн над фатаздымкам сына Чэта заяўляе, што турма ёсьць школай жыцьця, як унівэрсытэт. На вясельле Піно і Сьвятланы Чэта прыводзіць «Рэч». Джэры згадвае неабходнасьць быцьця на людзях толькі з жонкай і адвозіць «Рэч» у другі дом. Тая цалуе яго на разьвітаньне.
На сустрэчы з выбарцамі Чэта заяўляе, што нічога не зьбіраецца рабіць на пасадзе мэра, і называе заявы аб бедных трызьненьнем. Ён абяцае працаўладкаваць за галасаваньне ў сваю падтрымку і заўважае ў адказ на водгук дэ Сантыса, што дастаткова ўменьня ставіць птушачку ў патрэбным месцы, каб не памерці з голаду. Чэта кажа аб непатрэбнасьці вучэльняў і абсталяваных лякарняў і заяўляе, што меў сувязь з 16 тыс. жанчынаў, якая шмат каштавала, аднак была вартай таго, бо каханьне перадусім.
На тэледэбатах Чэта называе прамову дэ Сантыса лухтой. Дэ Сантыс абураецца, аднак тэлевядоўца Калёджэро просіць у Чэта выбачэньня ад імя дэ Сантыса і заклікае дэ Сантыса памаўчаць. Чэта ў выступе абяцае выбарцам ажыцьцяўленьне ўсіх жаданьняў: касаваньне рахункаў за газ і асьвятленьне, збору за вываз сьмецьця, транспартнага падатка, тэхагляду і страхоўкі. Тэлевядоўца заяўляе, што зробіць наступную перадачу выключна для Чэта. Урэшце Чэта наабяцаў бясплатную фарбоўку дамоў і выдачу €2000.
Выбары
рэдагавацьНа выбарах Чэта адбірае бюлетэнь у жонкі, каб праверыць, за каго тая прагаласавала. Па выхадзе з выбарчага ўчастка Піно запіхвае Кармэн у самаход і зьяжджае прэч. За кутом Чэта бярэ пад руку сваю наложніцу, аднак на шпацыры іх сустракае Джэры, які ўручае Чэта сьпіс задачаў і забірае «Рэч». У выніку Чэта замаўляе наведнікам кавярняў піва і ежу за свой кошт, раздае афіцыянтам грошы. У лякарні, дзе не працуе прыбіральня, Чэта абяцае ляжачым хворым асобныя палаты, джакузі і катоў ад пацукоў. Затым Чэта і Піно вязуць у аўтобусе на ўчастак старых, аднак высаджваюць пасярод дарогі жанчыну, якая адмаўляецца галасаваць за Чэта.
Пасьля закрыцьця выбарчых скрыняў вясьвятляецца, што дэ Сантыс вядзе з малым адрывам. Тады на загад Чэта «бляндын» загадвае па тэлефоне кузэну Вінчэнцо, які падлічвае галасы, запаўняць пустыя бюлетэні. Уначы тэлебачаньне паведамляе пра перамогу Чэта. Каманда Чэта адзначае перамогу стралянінай. Тым часам Джэры тэлефануе лейтэнанту Каваляро. Зранку Чэта адвозіць Джэры на лётнішча і перадае грошы. Увечары Чэта ўхваляе выбар сынам новай дзяўчыны (Джэніфэр). Калі Каваляро арыштоўвае Ізабэлу для дэпартацыі празь незаконнае знаходжаньне ў краіне, Чэта прапануе забраць і яе дачку. Чэта тэлефануе Джэры, які адпачывае на пляжы з Ізабэлай і яе дачкой. Пры адкрыцьці будоўлі моста на месцы жылога дома Чэта абяцае пабудаваць краіну, дзе дазволена мець 2 жонак і не плаціць падаткі.
Ролі й іх выканаўцы
рэдагаваць- Чэта Ля Квалунквэ, мафіёзі — Антоніё Албанэзэ
- Джэрардо Салерно, адмысловец з Бары — Сэргіё Рубіні
- Кармэн Ля Квалунквэ, жонка Чэты — Лярэнца Індавіна
- Піно «Іншаземец», сукамэрнік Чэты — Нікола Рынянэзэ
- Мэлуцо Ля Квалунквэ, сын Чэты — Давід Джардано
- Ізабэла дус Сантус «Рэч», наложніца Чэты — Вераніка да Сілва
- «Калека» — Марыё Кардова
- Інспэктар — Масімо Каніна
- Паплечнік Чэта — Маўрыцыё Каміто
- Рахункавод — Алфонсо Посьцільёнэ
- Джавані дэ Сантыс, настаўнік — Салваторэ Канталупо
- Каваляро, лейтэнант — Антоніё Жэрардзі
- Праектавальнік — Манфэрдзі Саавэдра
- Мартыно Калёджэро, тэлевядоўца — Масімо дэ Лярэнцо
- Прадпрымальнік — Луіджы Буруано
- Дачка «Рэчы» — Ася Ндыае
- Ангелец — Джэйсан Корацары
- Прастытутка — Сымона Ляваль
- Ляўра, першая сяброўка Мэло — Элеанора Тымпані
- Сьвятлана — Ксенія Трбовіч
- Стрыечная сястра Чэта — Тыта Грацыяна