Абрам Рэйзен

жыдоўскі навэліст, паэт і журналіст

Абрам (Аўром, Аўрахам) Калманавіч Рэйзен (Рэйзін) (1876, Койданаў, Менская губэрня, Расейская імпэрыя — 1953, Нью-Ёрк, ЗША) — габрэйскі навэліст, паэт і журналіст.

Абрам Рэйзен
Абрам Рэйзен (зьлева), 1908
Абрам Рэйзен (зьлева), 1908
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 10 красавіка 1876(1876-04-10)[1][2]
Койданаў, Менская губэрня, Расейская імпэрыя
Памёр 31 сакавіка 1953(1953-03-31)[1][2] (76 гадоў)
Нью-Ёрк, ЗША
Бацькі Калман Рэйзен
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці навэліст, паэт і журналіст
Гады творчасьці 1891—1953
Мова ідыш

Біяграфія

рэдагаваць

Брат Залмана і Сары Рэйзен. Вучыўся ў хедары, затым у свайго дзядзькі, знаўцы Талмуда. Пачаткам расейскай і нямецкай моваў, а таксама граматыкі іўрыту Абрама навучыў бацька, Калман Рэйзен.

Сам Абрам Рэйзен складаў вершы зь дзевяці гадоў. У 1891 годзе адзін зь вершаў Рэйзена быў зьмешчаны ў першым выпуску «Ды ідышы бібліятэк», а ў 1892 годзе філядэльфійская газэта «Штот-цайтунг» надрукавала вершы Рэйзена, атрыманыя праз Шолама-Алейхэма.

У гэтыя гады Рэйзен настаўнічаў у мястэчках, непрацяглы час жыў у Менску, дзе пазнаёміўся зь дзеячамі габрэйскага працоўнага руху. У 1895—1898 гг. служыў у расейскім войску (музычная рота), а сваёй дэмабілізацыі прысьвяціў паэму «Майн цурыккер ахейм» («Маё вяртаньне дахаты», штотыднёвік «Драпак ід», Кракаў, 1899). У канцы 1899 г. пераехаў зь Менску ў Варшаву. Адзін з заснавальнікаў Габрэйскага адраджэньня — юдышызму. Незадаволены прапагандай сіянізму і іўрыту ў «Драпак ід», Рэйзен выдаў альманах «Дос цванцікстэ йорхундэрт» («Дваццатае стагодзьдзе», Варшава, 1900), які адпавядаў поглядам Абрама на «жаргон» ідыш як на мову сучаснай літаратуры і навукі габрэйскага народу, з чым ён выступаў у 1908 г. на Чарнавіцкай канфэрэнцыі па мове ідыш. У 1900-х гг. Абрам атрымаў вядомасьць як аўтар поўных сацыяльнага пратэсту вершаў у народным духу, частка якіх стала папулярнымі песьнямі. Літаратурная дзейнасьць Рэйзена была надзвычай прадуктыўная і шматстайная (да 1929 г. збор ягоных твораў складаўся з 24 тамоў). Шмат сілаў аддаў Абрам выданьню літаратурных часопісаў на ідыш, а таксама рэдагаваньню розных пэрыядычных выданьняў ды перакладам на ідыш (у тым ліку з расейскай мовы і з іўрыту). Абрам надаваў таксама шмат увагі ўдасканаленьню школ на ідыш: выданьню хрэстаматыяў і кніг для школьнага чытаньня, сумесна з братам Залманам склаў слоўнік словаў, якія ўвайшлі ў ідыш з іўрыту.

Пасьля дзьвюх паездак у ЗША Абрам канчаткова пасяліўся там напачатку Першай сусьветнай вайны. У яго творах (у тым ліку і ў аднаактовых п’есах, якія ён пачаў пісаць з 1909 г.) зьявіліся амэрыканскія рэаліі, але пэрсанажы заставаліся тымі ж жыхарамі беларускага мястэчка, аглушаныя новымі ўмовамі жыцьця. Абрам Рэйзен друкаваўся галоўным чынам у газэце «Форвертс», аднак у 1926 г., захоплены радыкальнымі рухамі, перайшоў у газэту камуністаў «Фрайхайт» ды зьдзейсьніў турнэ па краінах Заходняй Эўропы і СССР (1928), дзе быў асабліва цёпла сустрэты. Ягоным імем былі названыя два габрэйскія паселішчы (прынамсі вёска Авойда ў 18 км на поўдзень ад Джанкою была пераназваная ў Рэйзендорф). Але ў жніўні 1929 г. Абрам пакідае «Фрайхайт» і вяртаецца ў «Форвертс». У 1929—1935 гг. у Вільні выйшлі ягоныя «Эпізодн фун майн лебн» («Эпізоды майго жыцьця») у трох тамах.

Літаратура

рэдагаваць
  • Валахановіч А. І. Пісьменніцкая сям’я з Койданава // Памяць. Гісторыка-дакументальная хроніка Дзяржынскага раёна. Мінск. 2004. С. 622.
  1. ^ а б Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr (фр.): плятформа адкрытых зьвестак — 2011.
  2. ^ а б Avrom Reyzen // SNAC (анг.) — 2010.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць