Шолам-Алейхем (сапр. Шолам Нохумавіч Рабіновіч; 2 сакавіка 1859, г. Пераяслаў, Украіна — 13 траўня 1916, г. Нью-Ёрк, ЗША) — жыдоўскі пісьменьнік.

Шолам-Алейхем
Асабістыя зьвесткі
Імя пры нараджэньні Шолам Нохумавіч Рабіновіч
Нарадзіўся 2 сакавіка 1859
Сьцяг Расеі Пераяслаў
Памёр 13 траўня 1916
Сьцяг ЗША Нью-Ёрк
Пахаваны
Дзеці Сара Саламонаўна Рабіновіч[d] і Marie Waife[d]
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці драматург, пісьменьнік
Кірунак проза
Мова расейская мова, ідыш[1] і іўрыт
Подпіс Выява аўтографу
https://sholemaleichem.org

Жыцьцяпіс

рэдагаваць

Свае жыцьцё пісьменьнік апісаў у няскончаным аўтабіяграфічным рамане «Зь кірмашу» (1916). Калі Шоламу Рабіновічу было 15 гадоў, ён напісаў уласную вэрсію аповесьці «Рабінзон Круза» і вырашыў стаць пісьменьнікам, узяўшы псэўданім Шолам-Алейхем (ад традыцыйнага габрэйскага вітаньня, якое абазначае «мір вам»).

Вучыўся ў хедары і Пераяслаўскай расейскай павятовай вучэльні. Пасьля заканчэньня школы ў 1876 тры гады навучаў дачку багатага жыдоўскага прадпрымальніка Голдэ (Вольгу) Лоеву і закахаўся ў яе. У той час багаты бацька каханай ня быў гатовы да такога сацыяльна няроўнага шлюбу, і Шолам-Алейхем страціў працу ў доме Лоева. Толькі праз шэсьць гадоў, у 1883, насуперак волі свайго бацькі, яна стала яго жонкай і нарадзіла яму шасьцярых дзяцей. Пасьля сьмерці цесьця Шолам-Алейхем атрымаў у спадчыну вялікія грошы, аднак яму не ўдалося выгадна імі распарадзіцца, каб павялічыць сямейны капітал. Шолам-Алейхем зьмяніў мноства разнастайных прафэсій, пачынаючы ад вандроўнага рэпэтытара, заканчваючы гульцом на біржы. Менавіта захапленьне біржавымі спэкуляцыямі, якому ён паддаўся ў Адэсе, падвяло пачаткоўца-фінансіста. Таксама Шолам-Алейхем спансаваў выпуск часопіса, які друкаваў мастацкія творы на ідышы (פאלקס־ביבליאטעק — «Габрэйская народная бібліятэка»), дапамагаў маладым аўтарам, плаціў ім вялікія ганарары. Такім чынам, неўзабаве вялізная спадчына была змарнаваная. Аднак да гэтага часу (пачатак XX ст.) ён набывае вядомасьць як аўтар вершаваных твораў і празаічных тэкстаў на ідышы. Шолам-Алейхем любіў публічныя выступы, якія пастаянна арганізоўваў па ўсім сьвеце, таму ўжо ў хуткім часе ён прыдбаў славу пісьменьніка з сусьветным імём.

Друкаваўся з 1879. З 1883 пісаў амаль выключна на ідышы (за выключэньнем некалькіх публікацыяў на рускай і іўрыце). У раманах «Сэндэр Блянк і яго сямейка» (1887), «Стэмпеню» (1888), «Ёселе-салавей» (1889), «Патоп» (1907), «Блукаючыя зоркі» (1909-11), аўтабіяграфічнай кнізе «3 кірмашу» (1916, няскончана), аповесьцях, п’есах, цыклах апавяданьняў, нарысах, сатырычных памфлетах крытыкаваў тагачасную рэчаіснасьць, стварыў вобразы таленавітых людзей з народа, насьледаваў дэмакратычныя і асьветніцкія традыцыі расейскай і эўрапейскіх літаратур. Крытыкі называлі яго жыдоўскім Маркам Твэнам за падабенства стыляў і любоў да дзіцячай літаратуры. Пазьней пры сустрэчы Марк Твэн заўважыў, што лічыць сябе амэрыканскім Шолам-Алейхемам.

Пасьля 1891 пісьменьнік жыве ў Адэсе. Пасьля пагромаў у 1905 зьязджае зь сям’ёй у Швэйцарыю, затым у Нямеччыну. Лічыцца, што Шолам-Алейхем перасек акіян чатыры разы. Аднак у першае дзесяцігодзьдзе ХХ ст. дала ведаць пра сябе невылечная ў той час хвароба пісьменьніка — сухоты. Пасьля пачатку Першай сусьветнай вайны, у 1914 як расейскі падданы быў высланы зь Нямеччыны. Перабіраецца ў Нью-Ёрк, дзе пражыў апошнія гады жыцьця. Памёр ад сухотаў у 1916 годзе ў Нью-Ёрку, пахаваны на Старых могілках (Old Mount Carmel) у Куінз (Нью-Ёрк, ЗША). Унучка Шолам-Алейхема — амэрыканская пісьменьніца і пэдагог Бэл Каўфман, аўтарка рамана «Уверх па лесьвіцы, што вядзе ўніз».

У 1908 і 1914 наведаў Беларусь. Падзеі, зьвязаныя зь яго выступам у Баранавічах, знайшлі адлюстраваньне ў апавяданьні «Станцыя Баранавічы», дзе ў 1908 годзе пісьменьнік моцна захварэў і правёў у ложку два месяцы[2]. Спыніўшыся тут, па дарозе з Варшавы ў Менск, для выступу, ён захварэў на запаленьне лёгкіх, прычынай чаго былі сухоты. Хвароба народнага пісьменьніка выклікала ў Баранавічах перапалох. Цэлымі днямі стаяў натоўп людзей перад домам, дзе ён ляжаў.

На беларускую мову творы Шолам-Алейхема перакладалі Ф. Баторын, Зьмітрок Бядуля, М. Валошка, А. Васілевіч, Юлія Канэ, В. Рубінчык, У. Саламевіч, Г. Шупенька і інш.

Беларускія пераклады

рэдагаваць
  • Хлопчык Мотка: 4-е выд. — Мн., 1938.
  • Запіскі коміваяжора. Мн., 1939.
  • Дзіцячыя апавяданні. Мн., 1939.
  • Апавяданні. Мн., 1940.
  • Тэўе-малочнік: Аповесці, апавяданні, юнацкі раман: Пер. з ідыш / Прадм. Ю. Канэ. — Мн.: Маст. літ., 1992. — (Скарбы сусьветнай літаратуры);
  • Хлопчык Мотл: Аповесць: Для сярэд. шк. ўзросту / Пер. з рас. А. Васілевіч. — Мн.: Юнацтва, 1993.
  • Блукаючыя зоркі. Раман / Пер.: Г. С. Шупенька, У. Саламевіч. — Мн.: Бел. навука, 1998. (Школьная бібліятэка).
  • Ад Пейсаха да Кучак (апавяданьне). Пер. В. Рубінчык // Альбино плюс. — Спэцвыпуск № 10. — Лунінец, 2009. (гл. таксама http://belisrael.info/?p=6703)
  1. ^ Sholem Aleichem, 1859-1916 // CONOR.SI
  2. ^ http://belisrael.info/?tag=sholam-aleykhem Фінкель У. Шолем-Алейхем. Мінск, 1958. Пераклад з яўрэйскай мовы і апрацоўка В. Вольскага.

Літаратура

рэдагаваць
  • Фінкель У. Шолам-Алейхем / Пер. з жыд. мовы і апрац. В. Вольскага. — Мн., 1958.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць