Ільля Астроскі

(1510—1539) намесьнік брацлаўскі і віньніцкі

Ільля Астроскі (1510—19 або 20 жніўня 1539) — князь валынскі, староста брацлаўскі і віньніцкі, сын гетмана вялікага літоўскага Канстантына Астроскага і Тацяны Ганны Гальшанскай.

Жыцьцяпіс

рэдагаваць

Выхоўвася навучаўся дома. У 1520 годзе стрыечны брат княз Андрэй Заслаўскі, які як псыхічна хворы быў пад ягонай апекаю, вызначыў Ільлю Астроскага ў шкоду для іншых родных, сваім спадчыньнікам, запісаўшы на яго 1/3 сваіх маёнткаў.

У 1523 годзе бацька склаў дамову з Юрыем Радзівілам наконт шлюбу Ільлі і старэйшай дачкі Радзівіла Ганны Лізаветы. Юры Радзівіл атрымаў дазвол ад папы заключыць такі шлюб. У 1536 Радзівіл запатрабаваў ад Ільлі выканьня дамовы, але не з Ганнай Лізаветаю, а зь яе сястрой Барбарай Радзівіл, Ільля адмовіўся яе выконваць. У 1537 кароль Жыгімонт Стары вызваліў яго ад гэтай дамовы. Пасьля сьмерці бацькі ў 1530 атрымаў яго намесьцітва, акрамя таго быў намесьнікам у Зьвянігародку. Таксама Ільля стаў старостам брацлаўскім і віньніцкім. Разам са сваім зводным братам успадкаваў усе бацькавы маёнткі. У 1530 ваяваў на мяжы, разьбіў татарскія чамбулы ў 1530, 31 і 33 гадах. У 1534—1536 удзельнічаў у маскоўска-літоўскай вайне, выставіўшы найлепшыя аддзелы сярод усёй літоўскай шляхты. У 1536 удзельнічаў у мірных перамовах у складзе пасольства Івана Сапегі.

Пасьля доўгі час жыў у Кракаве пры двары караля. Вывучаў польскую мову, культуру і лаціну. Там жа закахаўся ў Бэату Касьцялецкую, дачку караля Жыгімонта Старога і яго былой фаварыткі Кацярыны Тэльнічанкі. Заручыны маладой пары адбыліся з каралеўскім благаслаўленьнем 1 студзеня 1539 году, а вясельле — 3 лютага таго ж году. У гонар маладых быў зладжаны рыцарскі турнір, у якім прыняў удзел і сам Ільля Астроскі, падчас паядынку з Жыгімонтам Аўгустам Ільля зваліўся з каня і верагодна атрымаў цяжкія траўмы, пасьля якіх пачалася працяглая хвароба, якая ўрэшце рэшт стала прычынай яго сьмерці. Пасьля пераездуз жонка ў Астрог празь некалькі месяцаў помер у аўторак 19 або ў сераду 20 жніўня 1539. Праз тры месяцы ў Беаты нарадзілася дачка Лізавета.

16 жніўня 1539 склаў тэстамэнт, у якім указаў што мусіць быць пахаваны ў Кіева-Пячэрскай лаўры, зрабіў багатыя ахвяраваньні праваслаўнай царкве. Увесь маёнтак запісаў на яшчэ не народжаную дачку і жонку. Атрыманыя ад князя Андрэя Заслаўскага маёнткі, загадаў вярнуць яго родзічам.