Івянецкае паўстаньне

польскі партызанскі збройны наступ на Івянец у 1943 року

Івяне́цкае паўста́ньне — збройны напад 19 чэрвеня 1943 року стаўпецкага партызанскага аддзелу Арміі Краёвай на івянецкі нямецкі гарнізон з мэтай вызваленьня арыштаваных сябраў мясцовай кансьпірацыйнай сеткі. Панесшы нязначныя страты, польскія партызаны на васямнаццаць гадзінаў авалодалі мястэчкам, вызвалілі ўсіх вязьняў ды ліквідавалі некалькі дзясяткаў немцаў і калябарантаў, захапілі зброю, амуніцыю, харчаваньне ды іншыя тавары. Да польскага аддзелу добраахвотна далучыліся ад 100 да 200 удзельнікаў Беларускай дапаможнай паліцыі. Захоп Івянцу стаў адной з найвялікшых узброеных акцыяў Арміі Краёвай.

Івянецкае паўстаньне
Дата: 19 чэрвеня 1943
Месца: Івянец
Прычына: спроба вызваленьня арыштаваных
Вынік: перамога паўстанцаў
Супернікі
Польшча ПольшчаНямеччына Нямеччына
Камандуючыя
Кацпэр Мілашэўскі
Валенты Пархімовіч
Ольгерд Война
Карл Кавіл
Колькасьць
каля 160 чалавек500—700 паліцыянтаў і вайскоўцаў
Страты
3 забітыя,
6—11 параненыя
40—150 забітыя,
100—200 дэзэртавалі

У адпомсту за паразу немцы забілі каля 150 жыхароў Івянцу, а пазьней зладзілі ў Налібоцкай пушчы разгорнутую проціпартызанскую апэрацыю, называную „Герман“.

Перадумовы рэдагаваць

У выніку Верасьнёўскай кампаніі Стаўпецкі павет увайшоў у склад БССР, а пасьля нападу Нямеччыны на СССР у чэрвені 1941 року тэрыторыя Стаўпеччыны была ўключаная ў склад Райхскамісарыяту Остлянд. Немцы пры падтрымцы беларускіх калябарантаў зьнішчылі большасьць мясцовых жыдоў і ўчынілі тэрор мясцовага насельніцтва. Тады прасторы Налібоцкай пушчы сталі сховішчам для чырвонаармейцаў, якія здолелі ўнікнуць нямецкай няволі, а таксама для жыдоў, зьбеглых з ваколічных гетаў. На пераломе 1942—1943 рокаў прысланыя з-за лініі фронту савецкія афіцэры і камісары прыступілі да стварэньня з гэтых групаў рэгулярных партызанскіх аддзелаў. Савецкія партызаны моцна даваліся ў знакі мясцоваму насельніцтву, масава рэквізуючы скаціну, адзежу ды іншае майно. Нярэдка такія „гаспадарчыя апэрацыі” набывалі форму звычайнага рабунку, злучанага з зьбіцьцём, забойствамі і згвалтаваньнем кабетаў.

Неўзабаве пасьля пачатку нямецкай акупацыі на тэрыторыі Баранавіцкай вобласьці пачалі паўставаць структуры Зьвязу збройнай барацьбы (у лютым 1942 перайменаванага на Армію Краёвую). У лістападзе 1941 року камэндантам Стаўпецкай акругі стаў падпаручнік Аляксандар Варакомскі (псэўданім „Сьвір“). Сьпярша дзейнасьць у акрузе зводзілася да назапашваньня зброі ды амуніцыі, а таксама да пранікненьня ў мясцовыя паліцэйскія і акупацыйныя структуры. Але неўзабаве з прычыны павелічэньня колькасьці раскрытых прыхільнікаў і наборам польскай моладзі ў савецкую партызанку было вырашана актывізаваць дзейнасьць. Непасрэдным штуршком да стварэньня ўласнага партызанскага аддзелу стала масавае забойства жыхароў вёскі Налібакі, учыненае савецкімі партызанамі ўночы з 7 на 8 траўня 1943 року.

3 чэрвеня 1943 у шэрагі польскага аддзелу ў Налібацкай пушчы ўпершыню запісаліся 44 добраахвотнікі. Кіраўніком будучай Стаўпецкай групоўкі Арміі Краёвай стаў паплечнік Аляксандра Варакомскага Кацпэр Мілашэўскі (псэўданім „Левальд“). Неўзабаве весткі пра стварэньне польскага партызанскага аддзелу разьнесьліся па ваколіцах, але ў партызаны прымалі толькі ўзброеных і абмундзіраваных ахвотнікаў. Па дамоўленасьці з савецкімі партызанамі польскі аддзел атрымаў назву імя Тадэвуша Касьцюшкі. Налібоцкая пушча была падзеленая на сфэры ўплыву савецкага і польскага партызанскіх аддзелаў.

Напад на Івянец рэдагаваць

Падрыхтоўка рэдагаваць

Неўзабаве кансьпірацыйная сетка аддзелу ў Івянцы была раскрытая, у рукі немцаў і калябарантаў трапілі ад 20 да 80 сябраў і прыхільнікаў Арміі Краёвай. Як высьветлілася, акупанты плянавалі вывезьці затрыманых у лягеры сьмерці ў Калдычэве ці Малым Трасьцянцы. Тады камэндант Стаўпецкай акругі прыняў рашэньне напасьці на нямецкі гарнізон у Івянцы, каб ня толькі вызваліць вязьняў, але пры гэтым апярэдзіць падобныя савецкія дзеяньні.

У чэрвені 1943 року ў Івянцы разьмяшчаўся значны гарнізон: аддзел нямецкай жандармэрыі колькасьцю ад некалькіх дзясяткаў да 100 супрацоўнікаў, некалькі соцень супрацоўнікаў беларускай дапаможнай паліцыі, а за 2 км, у даўніх кашарах КАП над ракой Волмай, адпачывалі дзьве роты Люфтвафэ.

Першапачаткова атака плянавалася на 22 чэрвеня, але неўзабаве стала вядома, што немцы пачалі ўмацаваньне сваіх аб’ектаў у месьце, а на 19 чэрвеня быў прызначаны масавы набор у шэрагі Корпусу беларускай самааховы і прымусовы выкуп коней для нямецкай арміі. Гэта давала магчымасьць узброеным партызанам незаўважна трапіць у мястэчка, таму пачатак апэрацыі быў перанесены на тры дні. Плянавалася атака як знутры, так і звонку Івянца:

  • закансьпіраваныя дзеячы і 60 партызанаў, якія таемна праніклі ў Івянец уночы з 18 на 19 чэрвеня ў цывільнай вопратцы і са зброяй, мелі здабыць пастарункі нямецкай жандармэріі і беларускай паліцыі, пошту і гаспадарчае бюро;
  • аддзел падпаручніка Валентыя Пархімовіча (псэўданім „Вальдан“) меў атакаваць кашары на Волме, каб унемажлівіць жаўнерам Люфтвафэ дапамогу гарнізону мястэчка;
  • аддзел паручніка Кацпара Мілашэўскага зь цяжкімі кулямётамі меў заблякаваць дарогу ад кашараў да Івянца;
  • конная выведка харунжага Зьдзіслава Нуркевіча (псэўданім „Ноц“) мела кантраляваць дарогі да Стоўпцаў і Ракава.

Паўстаньне рэдагаваць

Напад пачаўся дакладна апоўдні 19 чэрвеня, у абед, каб збольшыць эфэкт нечаканасьці. З пачаткам касьцёльнага звону, які заклікаў на малітву „Анёл Панскі“ жаўнеры АК перарэзалі тэлефонныя лініі да мястэчка, пасьля чаго без асаблівых перашкодаў занялі будынак пошты і нямецкае гаспадарчае бюро. Партызаны зьнішчылі таксама мост праз Волму. Іншая група, папярэдне абясшкодзіўшы вартаўнікоў, атачыла сядзібу беларускай паліцыі і заклікала да капітуляцыі. Большасьць паліцыянтаў падпарадкавалася загаду найвышэйшага чыну — намесьніка камэнданта старшага сяржанта Стэфана Познаньскага — і, склаўшы зброю, сышла з пастарунку. Невялікая група прыбылых некалькі дзён таму з Полацку паліцыянтаў аказала супраціў ды была расстраляная.

Спроба захапіць пастарунак нямецкай жандармэрыі з ходу не атрымалася. Хоць двох вартаўнікоў палякі здолелі абясшкодзіць бясшумна, страляніна з боку будынку беларускай дапаможнай паліцыі насьцярожыла немцаў, якія пасьпелі забарыкадавацца ў будынку. Партызаны пры гэтым пасьпелі гранатамі зьнішчыць радыёстанцыю і тэлефонную станцыю, але, слаба ўзброеныя, ня вырашыліся на лабавы штурм.

У гэты час жаўнеры „Вальдана“, фарсіраваўшы Волму, атакавалі кашары Люфтвафэ. Пасьля першага пераляку немцы, ацаніўшы малую колькасьць нападнікаў, перайшлі ў контратаку, аднак пры спробе перайсьці раку трапілі пад кулямётны абстрэл. У сутычцы мноства нямецкіх жаўнераў былі забітыя, астатнія адступілі ў кашары. Жаўнеры Арміі краёвай узялі ў палон двух афіцэраў. Уночы з 19 на 20 чэрвеня немцы зноў паспрабавалі атакаваць, але, абстраляныя з абодвух бакоў, ізноў адышлі зь вялікімі стратамі.

Каб схіліць да капітуляцыі нямецкі гарнізон у Івянцы, які працягваў супраціўляцца, жаўнеры АК выслалі да іх парлямэнтэрам афіцэра Люфтвафэ, захопленага пры нападзе на кашары. Аднак жандармы ў адказ адкрылі агонь і забілі перамоўцу на месцы. Пасьля дзьвюхгадзіннага бою палякі падпалілі будынак жандармэрыі, абліўшы бэнзінам. Амаль усе жандары згарэлі ў вагні, аднак камэндант Карл Кавіль „Савінола“, бурмістар Зянон Бурак і судзьдзя Карачун разам з групай немцаў здолелі ўцячы.

Калі на сьвітанку 20 чэрвеня над Івянцом зьявіліся нямецкія разьведвальныя самалёты, польскае кіраўніцтва вырашыла вярнуцца зь мястэчка ў Налібоцкую пушчу. Партызаны забралі з сабой вызваленых вязьняў, дэзэртыраў зь беларускай паліцыі, большасьць польскай моладзі зь Івянца, а таксама 70 фурманак з разнастайнай здабычай.

Вынікі рэдагаваць

Напад на Івянец скончыўся поўным посьпехам. Страты немцаў ды іхных калябарантаў забітымі ацэньваюцца ад 40—50 да 100—150 чалавек. Акрамя таго, некалькі соцень немцаў трапілі ў палон. Вызваленыя ўсе вязьні, у тым ліку жыды. З шэрагаў беларускай дапаможнай паліцыі дэзэртыравалі ад 100 да 200 супрацоўнікаў, якія далучыліся да польскага аддзелу. Партызаны захапілі пяць самаходаў (два легкавыя і тры грузавыя), дзьве процітанкавыя гарматы з амуніцыяй, некалькі дзясяткаў цяжкіх і ручных кулямётаў, гранаты, боепрыпасы, сакрэтныя дакумэнты, коней і скаціну, вялікія запасы мэдыкамэнтаў і прадуктаў, папяросы, сьпірт, вайсковае абмундзіраваньне. Паўстанцы страцілі трох чалавек забітымі і каля дзясятку параненымі.

Менш як праз гадзіну пасьля сыходу польскіх партызанаў у Івянец прыбыло нямецкае падмацаваньне зь Менску. У адпомсту за паразу нацысты забілі каля 150 мяшканцаў, мноства іншых вывезьлі на прымусовыя працы.

Апэрацыя „Герман” рэдагаваць

Асноўны артыкул: Апэрацыя „Герман”

Занепакоеныя розгаласам ад паўстаньня, акупанты пастанавілі любым коштам ліквідаваць партызанскія базы ў Налібоцкай пушчы. Дзеля гэтага былі задзейнічаныя значныя сілы: да 60 тыс. жаўнераў і паліцыянтаў з падтрымкай авіяцыі, артылерыі і танкаў. Апэрацыя „Герман” кіраваў асабіства камандуючы СС і паліцыі на Беларусі брыгадэфюрэр СС Курт фон Готбэрг. У ягоны штаб увайшоў таксама обэргрупэнфюрэр СС Эрых фон дэм Бах, паўнамоцны прадстаўнік райхсфюрэра па справах барацьбы з партызанамі.

Апэрацыя „Герман” пачалася 13 ліпеня. Паводле ранейшых дамоўленасьцяў польскія і савецкія партызаны супольна спрабавалі супрацьстаяць узброенаму наступу. Аднак пасьля посьпеху першага дня на другі дзень партызаны пачалі адступленьне ў глыб пушчы, на Голыя балоты. Па меры сьцісканьня аблогі аддзел падзяліўся на драбнейшыя, якія мелі шукаць выйсьця з атачэньня самастойна.

Блякада Налібоцкай пушчы скончылася 8 жніўня. Польскі батальён страціў ня менш за 40 чалавек забітымі, некалькі дзясяткаў былі параненыя, больш за 100 зьніклі бязь вестак. Савецкія брыгады здолелі вырвацца з аблавы, хоць і зь цяжкімі стратамі. Найбольш пацярпелі ад апэрацыі „Герман” беларускія і польскія мірныя жыхары. Каб пазбавіць партызан падтрымкі, немцы стварылі пас выпаленай зямлі радыюсам каля 10—15 км вакол пушчы. Дашчэнту былі спаленыя 60 вёсак і неўсталяваная колькасьць хутароў і лесьнічовак, пры гэтым забітыя 4280 чалавек. Ад 21 да 25 тысячаў асобаў былі высланыя на прымусовыя працы ў III Райх.

Нягледзячы на вялікія страты, польскі батальён ужо да канца жніўня здолеў сабрацца зноўку. Неўзабаве камэндатура Наваградзкай акругі дэлегавала туды трох „ціхацёмных“ парашутыстаў, прысланых зь Вялікай брытаніі. Да канца лістапада 1943 року лік жаўнераў стаўпецкага батальёну дасягнуў 400 чалавек.

Крыніцы рэдагаваць

Шаблён:Армія Краёва