Трагедыя ў Налібаках
Ма́савае забо́йства ў Налі́баках, Траге́дыя ў Налібаках — расправа, учыненая савецкімі партызанамі над грамадзянскім насельніцтвам беларускай вёскі Налібакі (у Налібоцкай пушчы, цяпер тэрыторыя Беларусі) 8 траўня 1943 году. У выніку расправы загінула 128 чалавек, у тым ліку тры жанчыны, некалькі падлеткаў і 10-гадовы хлопчык. Прычынай нападу стала супрацоўніцтва мясцовага насельніцтва з польскай Арміяй Краёвай. Паводле зьвестак Інстытуту нацыянальнай памяці Польшчы, мясцовай ячэйцы было ва ўльтыматыўнай форме прапанавана падпарадкавацца партызанскаму цэнтру ў Маскве, але тыя адмовіліся, што і паслужыла падставай для карнага рэйду[1]. Непасрэдна расправе папярэднічала перастрэлка партызанаў зь мясцовымі жыхарамі[2]. Пасьля масавага забойства партызаны выкралі зь вёскі 100 кароваў і 70 коней[3].
У справаздачы савецкіх партызан зазначалася, што ў баі ў сяле разьбіты нямецкі гарнізон самаабароны. Было таксама ўстаноўлена, што сілы самаабароны ў Налібаках у выглядзе ўзброенай ячэйкі Арміі Краёвай дзейнічалі пад кантролем акупацыйных уладаў і супрацоўнічалі зь імі. Паводле ўспамінаў вязьня менскага гета Міхаіла Окуня, у 1943 годзе «вельмі шмат партызан загінула ад рук гэтых акаўцаў, і зь імі пачалася вайна».
Трагічныя падзеі ў Налібаках прыцягнулі ўвагу грамадзкай думкі ў пачатку XXI стагодзьдзя ў сувязі са стварэньнем галівудзкага фільму «Выклік» пра габрэйскіх партызанаў Бельскіх, якіх падазравалі ў расправе над палякамі[4][5].