Tatra

(Перанакіравана з «Tatra, a. s.»)

Tatra, a. s. (па-беларуску: Та́тра) — чэская кампанія-вытворца транспартных сродкаў са штаб-кватэрай у месьце Копршыўніцы, заснаваная ў 1850 року. Найбуйнейшая кампанія машынабудаўнічай прамысловасьці Чэхіі. Асноўнай прадукцыяй зьяўляюцца грузавыя аўтамабілі, якія кампанія вырабляе з 1898 року; вытворчасьць легкавікоў спыненая ў 1999. 75% прадукцыі ад агульнага аб’ёму грузавых аўтамабіляў Татры прызначана для экспарту.

Tatra, a.s.
Тып акцыйнае таварыства[d][1][2]
Заснаваная 1850
Заснавальнікі Ігнац Шустала
Уласьнікі Promet Tools[d][1] і NIKA Development[d][3]
Краіна
Разьмяшчэньне Копршыўніцы, Чэхія
Ключавыя фігуры Рональд Адамс (CEO)
Галіна аўтамабілебудаваньне
Прадукцыя трамваі, грузавыя аўтамабілі
Апэрацыйны прыбытак
Чысты прыбытак
Лік супрацоўнікаў 2000 (2011)
Матчына кампанія Czechoslovak Group[d]
Даччыныя кампаніі TATRA EXPORT[d][3] і Tatra Metalurgie[d][3]

Аддзяленьні фірмы разьмешчаныя ў Чэхіі (Прага-Сьміхаў — тралейбусы, трамваі, цягнікі), Маравіі (Копржыўніцы — грузавыя аўтамабілі) і Славаччыне (Браціслава, Банаўцы-над-Бэбравай, Чадца).

Мінуўшчына

рэдагаваць
   
Рэпліка Nesselsdorf Präsident (1977) і прататып Tatra Prezident (1994)

Фірму заснаваў у 1850 року Ігнац Шустала пад назвай «Schustala & Company». Кампанія вырабляла калыскі і конныя брычкі. У 1860-х фірма мела заводы ня толькі на тэрыторыі Чэхіі, але і ў Бэрліне, Вене, Уроцлаве, Кіеве і Чарнаўцах.

У 1882 року фірма пачала вырабляць чыгуначныя вагоны. У 1891 кампанія была пераназваная ў «Nesselsdorfer Wagenbau-Fabriksgesellschaft». У 1897 быў выпушчаны першы легкавік у Цэнтральнай Эўропе (і трэці ў Эўропе) — «Прэзыдэнт» (чэск. Präsident).

У 1918 зьявілася новая назва — «Kopřivnická vozovka», а ў 1919 кампанія пачала выкарыстоўваць значок з надпісам «Tatra» — у гонар горнай сыстэмы Татры ў Славаччыне. Брэнд Tatra ўпершыню зьявіўся на чатырохтонным грузавіку NW TL4 і легкавым NW U. Згодна з карпаратыўным летапісам, сваім паходжаньнем назва Tatra абавязаная вынікам пасьпяховых выпрабаваньняў гальмавых мэханізмаў легкавога аўтамабіля сэрыі U ў Татрах.

У 1923 року на аўтамабілі Tatra 11 упершыню была ўжытая хрыбтовая рама, якая стане візытоўкай кампаніі. Заднія паўвосі мелі незалежную падвеску. Наватарскім вырашэньнем быў таксама двухцыліндравы рухавік з паветраным ахаладжэньнем аб’ёмам 1056 см³. У 1927 кампанія была перайменаваная ў «Závody Ringhoffer-Tatra a.s.».

Менавіта ў 30-я рокі XX стагодзьдзя, калі фірмай кіраваў інжынэр Ганс Ледвінка, Tatra заваявала аўтарытэт як вытворца люксавых легкавікоў. Ад двухцыліндравых рухавікоў з паветраным ахаладжэньнем адбыўся пераход да чатырох- і шасьціцыліндравых, а ў 1931 року быў сканструяваны дванаццаціцыліндравы рухавік аб’ёмам 6 літраў з разьмеркавальным валам[4]. У 1934 року быў выпушчаны першы ў сьвеце аэрадынамічны аўтамабіль Tatra 77, сярэдні каэфіцыент аэрадынамічнага супраціву кузаву якога склаў 0,2455[5]. Ён меў (як і амаль усе пазьнейшыя вялікія легкавікі) усталяваны ззаду васьміцыліндравы рухавік з паветраным ахаладжэньнем, вельмі прагрэсіўны для таго часу.

Мадэлі легкавікоў «Татра»
 
T11
 
T77
 
T603 спартовы
 
T613 кабрыялет

Пасьля Другой сусьветнай вайны нацыяналізаваная і перайменаваная ў «Tatra Národní Podnik». Да 1989 вырабляла грузавікі і легкавікі клясы «люкс». Аўтамабілем, які меў вярнуць былую славу маркі «Tatra», была мадэль T603 1955 року выпуску, сканструяваная паводле ўзораў даваенных лімузінаў, таксама мела васьміцыліндравы рухавік і знакаміты аэрадынамічны выгляд. Асаблівасьцю T603 былі тры фары, а першыя прататыпы мелі стабілізацыйны кіль (хоць у вытворчасьць гэта не пайшло). Гэты легкавік амаль напоўніцу ручной зборкі быў даступны толькі для партыйнае эліты, як і ягоны непасрэдны наступнік — T613 1968 року, які прадукаваўся ў шматлікіх мадыфікацыях да 1996.

У 1992 уладальнікамі кампаніі сталі Джэральд Грынвалд, Джэк Рутэрфорд і Дэвід Шэлбі. У 1995—1999 роках была спроба паўтарыць ранейшы посьпех выхадам люксавае мадэлі T700, які нагадваў T613, аднак ён ужо быў ня ўстане вытрымаць канкурэнцыі з боку замежных вытворцаў элітарных аўтамабіляў. T700 стала апошнім легкавіком Tatra, і пасьля 1998 вытворчасьць стала спэцыялізавацца выключна на грузавіках.

У 1996 была спроба ўцягнуць кампанію ў славацкі холдынг Sipox. Двума гадамі пазьней Tatra зноў апынулася пад кантролем дзяржавы.

У 2001 чэскі ўрад прыняў рашэньне прадаць кампанію (91,6% акцый) амэрыканскай SDC International. Тая, у сваю чаргу, захаваўшы за сабой кантрольны пакет, рэалізавала 40,6% акцый Tatra свайму стратэгічнаму акцыянэру — карпарацыі «Terex». Пазьней, у 2003-м, Terex Corporation стала ўласьніцаю 71% акцыяў «Татры»[6].

У 2006 утвораны холдынг Tatra Holdings s.r.o., куды ўвайшлі чатыры інвэстары — брусэльская KBC Private Equity, індыйская Vectra Ltd. (партнэр Tatra па сумесным прадпрыемстве ў Індыі), амэрыканскі інвэстар Сэм Эйд і чэская кампанія «Meadowhill s.r.o.» (уладальнік апошняй Рональд Адамс узначаліў пасьля раду дырэктараў Tatra a.s. і стаў яе генэральным дырэктарам). 91,6% акцыяў Tatra былі выкупленыя ў Terex.

У 2011 року гэтыя чатыры інвэстары Tatra Holdings s.r.o. прадалі частку сваіх акцыяў (19%) кампаніі DAF Trucks[7]. Першым эфэктам супрацоўніцтва зь нідэрляндзкім канцэрнам стала рэпрэзэнтаваная ў жніўні таго ж року новая мадэль Tatra Phoenix, у якой выкарыстаныя вырабленыя DAF кабіны і рухавікі.

У 2013 року кампанію праз аўкцыён за 176 млн кронаў набыла кампанія Truck Development, якая належыць чэху Марэку Галвасу[8].

Усе мадэлі, выпушчаныя фірмай, можна паглядзець у музэі Татры(cs) ў Копршыўніцах.

Прадукцыя

рэдагаваць
Прадукцыя «Татры»
 
Грузавік T141 (1957—1970)
 
Самазвал T147
 
Кран T815 (з 1983)
 
Трамвай RT8D5 у Маніле

Цяжкія грузавыя аўтамабілі вытворчасьці Tatra неаднаразова выкарыстоўваліся як колавая база для рознай цяжкай ваеннай тэхнікі, а таксама як транспартныя сродкі ваеннага прызначэньня (напрыклад, 152-мм самаходная гармата-гаўбіца vz.77 «Дана»). Tatra вырабляе поўнапрывадныя аўтамабілі з колавымі формуламі 4×4, 6×6, 8×8, 10×10 і 12×12 (шасьцівосевыя).

У цяперашні час кампанія вырабляе цяжкія грузавікі з хрыбтовай рамай, якая дазваляе будаваць аўтамабілі больш лёгкія, чым з апорнай рамай. У спалучэньні з дызэльнымі рухавікамі паветранага астуджэньня гэта дазваляе паменшыць вагу аўтамабіля і робіць іх больш эканамічнымі. Стваральнік хрыбтовай рамы — Ганс Ледвінка.

 
Папяровая мадэль грузавіка Tatra 815

Аўтамабілі «Tatra» — неаднаразовыя пераможцы Ральлі Дакар. Легендарны чэскі гоншчык Карэл Лопрайс у 1988—2001 роках шэсьць разоў перамагаў у гэтым спаборніцтве (на той час Ральлі Парыж — Дакар) з аўтамабілем Tatra 815. На момант сваёй шостай перамогі ён стаў найбольш пасьпяховым кіроўцам у гісторыі гонак.

Глядзіце таксама

рэдагаваць
  1. ^ а б в https://or.justice.cz/ias/content/download?id=15ba5ae6845f42c3bb9892c702cd7f0e
  2. ^ а б Administrativní registr ekonomických subjektů
  3. ^ а б в г д https://or.justice.cz/ias/ui/vypis-sl-detail?dokument=54688080&subjektId=274834&spis=819979
  4. ^ G.N. Georgano. Cars: Early and Vintage, 1886–1930. — London: Grange-Universal, 1985.
  5. ^ Bohumír Mimra. Vývojové směry moderního automobilismu, SIA 1936, Technická práce na Ostravsku 1926—1936, Moravská Ostrava 1936, p. 593
  6. ^ Terex sells its 80 percent share of Tatra. here [1] and Here [2].
  7. ^ DAF i Tatra zacieśniają współpracę (пол.) Wiadomości. SAMAR (3 жніўня 2011). Праверана 31 траўня 2013 г.
  8. ^ Tatra má nového majitele, peníze poskytla J&T Více na: http://zpravy.e15.cz/byznys/prumysl-a-energetika/tatra-ma-noveho-majitele-penize-poskytla-j-t-965936#utm_medium=selfpromo&utm_source=e15&utm_campaign=copylink (чэс.) Byznys. E15.cz (15 сакавіка 2013). Праверана 21 чэрвеня 2014 г.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць