Laima

латвійская кандытарская кампанія

Laima (па-беларуску: Ла́йма) — латвійскі вытворца кандытарскай прадукцыі, заснаваны ў 1870 року. Штаб-кватэра знаходзіцца ў Рызе.

Лайма
Laima
Дэвіз Любоў натхняе
Заснаваная 1870
Заснавальнікі Тэадор Рыгерт
Уласьнікі Orkla Latvija[d]
Краіна Латвія
Разьмяшчэньне Рыга
Адрас вуліца Міера, 22
Закрытая 10 лютага 2016
Ключавыя фігуры Даўмантс Віталс
Галіна харчовая прамысловасьць
Прадукцыя кандытарская прадукцыя
Абарачэньне 10,842 млн (2013)
Чысты прыбытак € 5,75 млн
Лік супрацоўнікаў 148 (2013)
Матчына кампанія Orkla

Мінуўшчына

рэдагаваць

У 1870 року ліфляндзкі прадпрымальнік Тэадор Рыгерт заснаваў у Рызе першую ў Латвіі кандытарскую фабрыку, адкуль адлічваецца дата заснаваньня «Лаймы». У XIX стагодзьдзі прадпрыемства Рыгерта стала адной з найбуйнейшых кандытарскіх кампаніяў Балтыйскіх губэрняў Расейскай імпэрыі, прадукцыя якой пастаўлялася па ўсёй Расеі.

Пасьля здабыцьця незалежнасьці Латвіяй кампанія здолела ўтрымаць свае пазыцыі, нягледзячы на страту расейскага рынку. У 1925 року пасьля аб’яднаньня з вытворчасьцю братоў Эліяху і Леаніда Хромчанкаў кампанія займела сваю цяперашнюю назву ў гонар латыскай багіні року Лаймы. Прадпрыемства хутка разьвівалася ў да 1930 року налічвала ўжо 500 супрацоўнікаў. У 1933 року браты Хромчанкі прадалі сваю дзелю ў кампаніі ды зьехалі ў Палестыну, дзе заклалі шакалядную фабрыку «Эліт».

Да 1938 року прадукцыя фабрыкі «Лайма» экспартавалася ва ўсе эўрапейскія дзяржавы. На вуліцы Міера быў збудаваны новы корпус. Да канца 1930-х у незалежнай Латвіі «Лайма» прыносіла ад 4 да 5 мільёнаў латаў прыбытку штогод, а на прадпрыемстве працавалі болей за 1000 чалавек. Агульны аб’ём экспарту прадукцыі «Лаймы» ў 1939 року склаў больш за 500 тонаў.

Пасьля Другой сусьветнай вайны аднаўляць вытворчасьць давялося «з нуля», бо ўсё абсталяваньне было вывезенае ў Нямеччыну. Савецкі ўрад нацыяналізаваў прадпрыемства. Кандытарская фабрыка «Лайма» засталася асноўным кандытарскім прадпрыемствам у Латвіі і пашырыла асартымэнт прадукцыі. Толькі карамэлі выпускалася па 40—45 тонаў штодня. Ужо да 1960-х рокаў прадукцыя фабрыкі стала асацыявацца з адным з абавязковых сувэніраў, якія варта было прывезьці з Латвійскай ССР нароўні з шпротамі і рыскім чорным бальзамам(d).

У пачатку 1960-х фабрыка больш пачала спэцыялізавацца на вытворчасьці ірысу, цукерак, шакаляду і шакалядных вырабаў. Дзякуючы ўсталяваньню новых машынаў аб’ём прадукцыі вырас у 5,6 разу. Да 1987 року фабрыка мела 96 розных відаў кандытарскіх вырабаў, 36 зь якіх былі распрацаваныя самімі майстрамі «Лаймы».

Пасьля аднаўленьня незалежнасьці Латвіі прадпрыемства было прыватызаванае, а ў 1998 року аб’ядналася з ААТ «Uzvara» (бел. Узвара). У 2000 року адбылося аб’яднаньне з адной з найбуйнейшых кандытарскіх фабрыкаў «Staburadze», дзякуючы чаму павялічыўся аб’ём экспарту.

26 жніўня 2014 року «Лайму» набыла нарвэская кампанія «Orkla»[1].

Паводле стану на 21 лістапада 2017 «Лайма» выпускала каля 200 розных найменьняў тавараў. Прадукцыя экспартавалася ў 27 краінаў сьвету[2].

Прэміі і ўзнагароды

рэдагаваць

У міжваенны пэрыяд «Лайма» ўзяла ўдзел у некалькіх сусьветных рамесна-прамысловых выставах у Парыжы і Лёндане; тады фабрыка атрымала Гран-пры. Адзін з найвышэйшых прызоў на выставе ў Парыжы атрымала і навінка фабрычнай шакаляднай вытворчасьці 1937 року — шакалядныя цукеркі «Сэрэнада», — якая й дагэтуль застаецца ў лінейцы прадукцыі.

У 1966 року «Лайма» ўзнагароджаная ордэнам Працоўнага Чырвонага Сьцяга СССР. На міжнародных выставах у Нью-Ёрку, Ляйпцыгу, Вене, Брусэлі й на тэрыторыі Чэхаславаччыны атрымлівала залатыя і срэбныя ўзнагароды.

  1. ^ LSM.lv. (26 жніўня 2014) Norvēģijas «Orkla» nopērk «NP Foods» (лат.) Ekonomika. LSM.lv. Праверана 18 лютага 2020 г.
  2. ^ Ingrīda Mičāne. (21 лістапада 2017) “Laima” pavasarī atsāks konfekšu “Karakums” un “Talismans” ražošanu (лет.) Laukos.lv Праверана 18 лютага 2020 г. Архіўная копія ад 26 лютага 2018 г.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

  Laimaсховішча мультымэдыйных матэрыялаў