Atlas Coelestis
«Atlas Coelestis» — атлас зорнага неба, заснаваны на назіраньнях першага каралеўскага астранома Джона Флэмстыда[1], выдадзены ў 1729 року, ужо па ягонай сьмерці.
«Атлас» мае найвялікшы фармат з усіх выдадзеных да таго часу[2] і месьціць 26 мапаў асноўных сузор’яў, бачных з Грынўіча, з выявамі ў стылі ракако аўтарства Джэймза Торнхіла. У ім таксама прыведзеныя дзьве плянісфэры, створаныя Абрагамам Шарпам[1].
Мінуўшчына
рэдагавацьДагэтуль у Брытаніі існаваў апублікаваны ў 1725 року каталёг «Stellarum inerrantium Catalogus Britannicus» (ці проста «British Catalogue» — «Брытанскі каталёг») на 2919 зорак[3].
Адной з асноўных мэтаў новага выданьня «Атласу» было жаданьне Джона Флэмстыда зьмяніць адлюстраваньне сузор’яў, прынятага Баерам у сваёй «Уранамэтрыі» (1603). Баер разьмясьціў выявы сузор’яў у выглядзе ззаду (а ня сьпераду, як гэта вялося з часоў Пталемея), што пераварочвала зорнае неба і стварала залішнюю зьбянтэжанасьць пры карыстаньні[2].
«Atlas Coelestis» быў выдадзены толькі праз дзесяць рокаў па сьмерці Флэмстыда ягонай удавой пры дапамозе Джозэфа Кростўэйта і Абрагама Шарпа, стаўшыся першым падобным выданьнем, заснаваным на тэлескапічных назіраньнях.
Выданьне мела неадкладны посьпех, стаўшыся стандартным даведнікам для прафэсійных астраномаў на наступнае стагодзьдзе, не зважаючы нават на высокі кошт, вялікі памер (з-за чаго атлас быў нязручны ў выкарыстаньні) і нізкую якасьць малюнкаў (шмат крытыкавалі выявы Джэймса Торнхіла, асабліва датычна прадстаўленьня сузор’я Вадаліва)[3].
Тады др. Джон Бэвіс вырашыў перапрацаваць атлас. У 1745 ён склаў «Уранаграфію Брытаніку», меншых памераў, заснаваную на новых назіраньнях і з новымі выявамі. Аднак ягоны атлас афіцыйна ня быў выдадзены, і да цяперашняга часу засталіся толькі 16 ягоных копіяў[4].
«Atlas Fortin-Flamsteed»
рэдагавацьУ рэшце рэшт перамяшчэньні зорак (першапачатковыя назіраньні вяліся ў 1690-х) запатрабавалі абнаўленьня, рэалізаванага ў 1770-я францускім інжынэрам Нікаля Фартэнам, адрэцэнзаваныя астраномамі Ле Манье і Мэсье з Каралеўскай акадэміі навук у Парыжы[3].
Новая вэрсія пад назвай «Atlas Fortin-Flamsteed» была памерам у 1/3 ад арыгіналу, але мела такую самую структуру. Некаторыя ілюстрацыі таксама былі перапрацаваныя (сярод іх выявы Андрамэды, Дзевы і Вадаліва)[3]. Назвы сузор’яў прыводзіліся па-француску (а не па-лацінску). Былі таксама дададзеныя некалькі туманнасьцяў, адкрытых ужо па сьмерці Флэмстыда[3].
У 1795 выйшла абноўленая вэрсія, створаная Мэшэнам і Ляляндам, у якую былі ўключаныя новыя сузор’і і туманнасьці[3].
Крыніцы і заўвагі
рэдагаваць- ^ а б Davide Neri John Flamsteed, Atlas coelestis (анг.) Праверана 2011-05-08 г.
- ^ а б Flamsteed, John. Atlas coelestis. London, 1729. (анг.). Linda Hall Library. Праверана 2011-05-12 г.
- ^ а б в г д е Giangi Caglieris On-line Flamsteed - Fortin Atlas Celeste - 1776 (анг.) Праверана 2011-05-08 2002 г.
- ^ Michael Oates (2007-02-17) Atlas Celeste (анг.) Праверана 2011-05-08 г.
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьAtlas Coelestis — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Адсканаваны Atlas coelestis на бачыне Нацыянальнай бібліятэкі Аўстраліі
- Flamsteed — Fortin Atlas Celeste (анг.) (італ.)