Андрамэда (сузор’е)
Андрамэда (па-лацінску: Andromeda, And) — адно з 88 сучасных сузор’яў. Сузор’е Андрамэда было пералічанае ў II стагодзьдзі ў «Альмагесьце» Кляўдыюсам Пталемэем, грэцкім астраномам. Назва сузор’я паходзіць ад імя Андрамэды, дачкі Касіяпэі, прыкаванай да скалы, каб яе зьела морская пачвара. Найлепей Андрамэда, а таксама суседнія сузор’і, названыя паводле мітаў пра Пэрсэя, бачныя вечарамі восені ў паўночным паўшар’і. У паўднёвым паўшар’і сузор’е Андрамэды можна назіраць, знаходзячыся не паўднёвей, як на 40° паралелі. Андрамэда зьяўляецца вялікім сузор’ем, займаючы 722 кв. градусы, што ставіць яе на 19-е месца сярод сузор’яў паводле плошчы. Такую плошчу можна параўнаць з 1400 памерамі поўнага Месяца; такая плошча займае 55% ад памераў Гідры, найбуйнейшага сузор’я, а Крыж, найдрабнейшае з сузор’яў, Андрамэда пераўзыходзіць у 10 разоў.
Андрамэда | |
Лацінская назва | Andromeda |
---|---|
· у родным склоне | Andromedae |
· скарот | And |
Простае ўзьняцьцё | 0г |
Схіленьне | 37° |
Квадрант | NQ1 |
Плошча | 722 кв. гр. (19-е) |
Зорак паводле Баера/Флэмстыда | 65 |
Зорак з плянэтамі | 11 |
Зорак ярчэй за 3.00m | 3 |
Зорак у 10 пк (32,62 сьв. г.) | 3 |
Найярчэйшая зорка | Альфэрац (2,07m) |
Найбліжэйшая зорка | Рос 248 (10,30 сьв. г., 3,16 пк) |
Аб’екты Мэсье | 3 |
Мэтэорныя патокі | Андрамэдыды |
Памежныя сузор’і | Пэрсэй Касіяпэя Яшчарка Пэгас Рыбы Трыкутнік |
Назіраецца ў шыротах паміж +90° і −40°. Найлепш назіраецца ў 21:00 на працягу лістапада. |
Альфэрац, α Андрамэды — найярчэйшая зорка ў сузор’і. Гэта падвойная зорка, якая таксама належыць і сузор’ю Пэрсэя (разам зь якой утвараецца астэрызм Вялікі Квадрат Пэгаса). γ Андрамэды, таксама падвойная зорка, ёсьць папулярным аб’ектам увагі астраномаў-аматараў. β Андрамэды — чырвоны гігант, паводле яркасьці амаль не саступае Альфэрацу, а ягоны колер можна адрозьніць няўзброеным вокам. З адметных аб’ектаў глыбокага космасу варта ўзгадаць сьпіральную Галяктыку Андрамэды (M31) — найбліжэйшую да Млечнага Шляху галяктыку і адзін з найярчэйшых аб’ектаў Мэсье. У сузор’і знаходзяцца і цямнейшыя аб’екты, як то суседзі M31 M110 і M32, а таксама болей аддаленая NGC 891. У тэлескоп можна назіраць плянэтарную Туманнасьць Блакітны Сьняжок.
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьАндрамэда (сузор’е) — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў