120-я зэнітна-ракетная брыгада

злучэньне Заходняга апэратыўна-тактычнага камандаваньня Вайскова-паветраных сілаў і войскаў супрацьпаветранай абароны Беларусі
(Перанакіравана з «120-я зэнітная ракетная брыгада»)

Каардынаты: 53°7′0″ пн. ш. 25°59′6″ у. д. / 53.11667° пн. ш. 25.985° у. д. / 53.11667; 25.985

120-я зэні́тна-раке́тная брыга́да (120 зрбр) — злучэньне Заходняга апэратыўна-тактычнага камандаваньня Вайскова-паветраных сілаў і войскаў супрацьпаветранай абароны Беларусі, якое месьціцца ў Баранавічах (Берасьцейская вобласьць).

120-я зэнітна-ракетная брыгада

Нарукаўны знак (2008 год)
Гады існаваньня з 1992 году
Краіна Беларусь
Падпарадкаваньне Міністэрства абароны Беларусі
Уваходзіць у Вайскова-паветраныя сілы і войскі супрацьпаветранай абароны Беларусі
Тып супрацьпаветраная
Уключае ў сябе дывізіёны
Дысьлякацыя Баранавічы
Узбраеньне зэнітны ракетны комплекс

На 2021 год на ўзбраеньні 120-й брыгады стаялі зэнітныя ракетныя комплексы (ЗРК) «Бук» і «Тор-М2». Вайсковая частка 96577 месьцілася на паўднёвым захадзе Баранавічаў у мікрараёне Трацьцякі па вуліцы 50 год БССР, д. 9[1].

Мінуўшчына

рэдагаваць

11 студзеня 1992 году Вярхоўны Савет Беларусі ўхваліў Пастанову ад № 1403 аб падначаленьні Савету міністраў Беларусі разьмешчаных ў краіне войскаў, у тым ліку 120-й зэнітна-ракетнай брыгады ў Баранавічах (Берасьцейская вобласьць). На той час 120-я брыгада мела на ўзбраеньні зэнітныя ракетныя комплексы (ЗРК) «С-75», «Круг» і «Бук». У 1996 годзе 120-ю зэнітна-ракетную брыгаду перадалі з 28-га армейскага корпусу ў склад Войскаў супрацьпаветранай абароны Беларусі. У 1997 годзе вайскоўцы 120-й брыгады ўзялі ўдзел у тактычных вучэньнях з баявой стральбой на расейскім палігоне Ашулук (Астраханская вобласьць). У 2001 годзе частка сілаў 120-й брыгады ўдзельнічала ў апэратыўна-тактычным вучэньні «Нёман-2001», за якія 40 вайскоўцаў брыгады адзначыў міністар абароны Беларусі Леанід Мальцаў. 8 лістапада 2001 году 120-я брыгада ўвайшла ў Вайскова-паветраныя сілы і войскі супрацьпаветранай абароны Беларусі. У сакавіку 2002 году брыгада стала злучэньнем Заходняга апэратыўна-тактычнага камандаваньня ВПС і войскаў СПА Беларусі. Вайскоўцы брыгады ўдзельнічалі ў вучэньнях «Чыстае неба-2003» і «Шчыт Айчыны-2004». Да 2010 году 120-я зэнітна-ракетная брыгада правяла 17 баявых стрэльбаў на дзяржаўным палігоне Эмба[2].

28 сьнежня 2011 году батарэя 120-й брыгады прыняла на ўзбраеньне расейскі ЗРК «Тор-М2». На ўрачыстасьці прысутнічаў намесьнік міністра абароны Беларусі па ўзбраеньні Іван Дырман[3]. Асабісты склад брыгады прайшоў навучаньне абыходжаньню з ЗРК «Тор-М2» у Расеі. Батарэя ЗРК «Тор-М2» у складзе 4-х баявых машынаў магла адначасова зьбіць 16 рознанакіраваных мішэняў на хуткасьці да 700 мэтраў/сэкунда на адлегласьці да 12 км і вышыні да 10 км. «Тор-М2» прызначаўся для адбіцьця масавага налёту бесьпілётнікаў, верталётаў і самалётаў з выкарыстаньнем высокадакладных кіраваных ракетаў на вышыні ад гранічна малой (10 мэтраў) да сярэдняй[4]. Для ЗРК «Тор-М2Э» выкарыстоўвалі колавае шасі «Менскага заводу колавых цягачоў»[5]. 21 лютага 2012 году міністар абароны Беларусі Юры Жадобін паведаміў пра заключэньне дамовы на пастаўку 2-й батарэі ЗРК «Тор-М2» для 120-й зэнітна-ракетнай брыгады[6]. У 2012 годзе падразьдзяленьне 120-й брыгады з ЗРК «Тор-М2» узяло ўдзел у вучэньнях з баявой стральбой на расейскім палігоне Ашулук[7]. 29 сьнежня 2012 году на ўзбраеньне 12-й брыгады паступіла 2-я батарэя ЗРК «Тор-М2»[8].

2 верасьня 2013 году[9] на палігоне Ашулук дывізіён 120-й брыгады з ЗРК «Тор-М2» удзельнічаў у міжнародным вучэньні «Баявая садружнасьць» сумесна з падразьдзяленьнямі Казахстану, Кыргыстану, Расеі, Таджыкістану і Ўкраіны[10]. У манэўрах бралі ўдзел каля 4000 вайскоўцаў, у тым ліку звыш 500 вайскоўцаў у саміх стрэльбах з выкарыстаньнем звыш 100 баявых машынаў. Пры стральбе з ЗРК «Тор-М2» беларускія ракетчыкі 4-ма залпамі паразілі 3 мішэні[11]. 4 студзеня 2014 году на ўзбраеньне 120-й брыгады паступіла 3-я батарэя ЗРК «Тор-М2», што завяршыла ўтварэньне зэнітна-ракетнага дывізіёну «Тор-М2»[12]. Ключы ад ЗРК уручыў намесьнік камандзіра ВПС і войскамі СПА Беларусі Ігар Голуб. Пагатоў, у 2010 годзе на факультэце супрацьпаветранай абароны Вайсковай акадэміі Беларусі адкрылі спэцыялізацыю на дадзены ўзор узбраеньня[13].

26 лютага 2014 году разьлікі 3-й батарэі «Тор-М2» 120-й брыгады правялі першыя баявыя стрэльбы ў Беларусі падчас тактычнага вучэньня[14]. Мішэні паразілі на былым Палескім палігоне ў Жыткавіцкім раёне (Гомельская вобласьць)[15]. 11 верасьня 2014 году разьлікі 120-й брыгады правялі баявыя стрэльбы з ЗРК «Бук» на палігоне Ашулук. На вучэньні зьнішчылі ўсе 3 ракеты-мішэні «Пішчаль»[16]. ЗРК «Бук» мог зьбіваць самалёты на хуткасьці да 830 км/гадзіна, адлегласьці да 30 км і вышыні ад малой да сярэдняй[17]. 9—10 верасьня 2015 году 120-я брыгада з ЗРК «Бук» узяла ўдзел у беларуска-расейскіх вучэньнях «Баявая садружнасьць-2015» на палігоне Ашулук у складзе беларускай групоўкі лікам 400 вайскоўцаў[18]. Са жніўня па кастрычнік 2016 году звыш 160 вайскоўцаў 120-й брыгады накіравалі на ачыстку 158 гектараў ляснога буралому, які ўтварыўся ў ліпені. У выніку прыбралі звыш 2500 кубамэтраў драўніны і пасадзілі 71 000 саджанцаў елкі і хвоі на 8,5 гектараў плошчы. За дапамогу вайскоўцаў узнагародзіла Менскае лесагаспадарчае аб’яднаньне[19].

  1. ^ Сяргей Блінкоўскі. Дзедаўшчына – традыцыя, а не прыніжэньне і зьдзек // Газэта «Ганцавіцкі час», 1 лістапада 2017 г. Праверана 11 верасьня 2021 г.
  2. ^ 120-я зэнітна-ракетная брыгада г. Баранавічы // Баранавіцкая бібліятэка імя Валянціна Таўлая, 2014 г. Праверана 11 верасьня 2021 г.
  3. ^ Віталь Пятровіч. Мадэрнізацыя беларускіх Узброеных сілаў адпавядае інтарэсам баяздольнасьці Саюзнай дзяржавы // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 28 сьнежня 2011 г. Праверана 11 верасьня 2021 г.
  4. ^ Лукашэнка атрымаў ад Расеі яшчэ адзін падарунак да Новага году // Партал «Беларускі партызан», 28 сьнежня 2011 г. Праверана 11 верасьня 2021 г.
  5. ^ Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН. Cыстэмы «Тор» паступяць на ўзбраеньне 120-й зэнітнай ракетнай брыгады // Газэта «Наша ніва», 13 сьнежня 2011 г. Праверана 11 верасьня 2021 г.
  6. ^ Віталь Пятровіч. Ю.Жадобін: другая батарэя ЗРК «Тор-М2» паступіць на ўзбраеньне да канца году // БелТА, 21 лютага 2012 г. Праверана 11 верасьня 2021 г.
  7. ^ Першыя кампаненты другой батарэі зэнітнага ракетнага комплексу «Тор-М2» паступілі ў Беларусь // БелТА, 27 сьнежня 2012 г. Праверана 11 верасьня 2021 г.
  8. ^ Завяршылася пастаўка другой батарэі зэнітнага ракетнага комплексу «Тор-М2» у Беларусь // Міністэрства абароны Беларусі, 29 сьнежня 2012 г. Праверана 11 верасьня 2021 г.
  9. ^ Беларусы на «выдатна» адстраляліся ў Ашулуку // Газэта «Зьвязда», 4 верасьня 2013 г. Праверана 11 верасьня 2021 г.
  10. ^ Беларускія ракетчыкі адправіліся на палігон Ашулук // Белтэлерадыёкампанія, 21 жніўня 2013 г. Праверана 11 верасьня 2021 г.
  11. ^ Юры Шаўчук. Трэцяя батарэя «Тор-М2» паступіць на ўзбраеньне беларускай арміі ў пачатку сьнежня // Белтэлерадыёкампанія, 12 верасьня 2013 г. Праверана 11 верасьня 2021 г.
  12. ^ Коратка // Зьвязда : газэта. — 9 студзеня 2014. — № 2 (27612). — С. 1. — ISSN 1990-763x.
  13. ^ Трэцяя батарэя зэнітнага ракетнага комплексу «Тор-М2» паступіла на ўзбраеньне ВПС і войскаў СПА Беларусі // Міністэрства абароны Беларусі, 4 студзеня 2014 г. Праверана 11 верасьня 2021 г.
  14. ^ Віталь Пятровіч. Баявыя стрэльбы ЗРК «Тор-М2» упершыню прайшлі на тэрыторыі Беларусі // БелТА, 26 лютага 2014 г. Праверана 11 верасьня 2021 г.
  15. ^ Уладзімер Каралёў. Магутны «Тор» у дзеяньні // Белтэлерадыёкампанія, 26 лютага 2014 г. Праверана 11 верасьня 2021 г.
  16. ^ Беларускія зенітчыкі паспяхова правялі стрэльбы на расійскім палігоне Ашулук // БелТА, 12 верасьня 2014 г. Праверана 11 верасьня 2021 г.
  17. ^ Беларускія зэнітчыкі пасьпяхова правялі стрэльбы на расейскім палігоне Ашулук // Белтэлерадыёкамапанія, 12 верасьня 2014 г. Праверана 11 верасьня 2021 г.
  18. ^ Тэлеканал «Беларусь 1». У Астраханскай вобласьці пачынаецца актыўная фаза сумесных беларуска-расейскіх вучэньняў // Белтэлерадыёкамапанія, 12 верасьня 2014 г. Праверана 11 верасьня 2021 г.
  19. ^ Сяргей Расолька. Вайскоўцы дапамаглі лесаводам // Зьвязда. — 1 лістапад 2016. — № 211 (28321). — С. 2.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць