Яўхім Бялевіч
Яўхім Бялевіч (27 лютага 1888, Менск — 13 сьнежня 1942, Магадан) — дзяяч беларускага нацыянальнага руху.
Яўхім Бялевіч лац. Jaŭchim Bialevič | |
Міністар фінансаў БНР | |
---|---|
13 сьнежня 1919 — верасень 1920 | |
Папярэднік: | Васіль Захарка |
Наступнік: | Аляксандар Вальковіч |
Міністар юстыцыі БНР | |
21 лютага 1918 — ліпень 1918 | |
Наступнік: | Аляксандар Цьвікевіч |
Асабістыя зьвесткі | |
Нарадзіўся: |
27 лютага 1888 Менск |
Памёр: |
13 сьнежня 1942 Магадан |
Партыя: | |
Адукацыя: | |
Нарадзіўся 27 лютага 1888 году ў Менску. Вучыўся ў Менскай гімназіі, зь якой за ўдзел у вучнёўскіх беспарадках у 1907 выключаны і арыштаваны. Хутка вызвалены. Скончыў гімназію экстэрнам. Паступіў на юрыдычны факультэт Пецярбурскага ўнівэрсытэта (скончыў у 1912).
Падчас Першай сусьветнай вайны на фронце — прапаршчык, штабс-капітан. Ад вайскоўцаў-беларусаў абраны дэлегатам на Першы Ўсебеларускі кангрэс, член яго прэзыдыюма.
Да ліпеня 1918 займаў пасаду міністра юстыцыі і фінансаў у Народным сакратарыяце — першым урадзе БНР. Як нязгодны зь яго палітыкай, выйшаў у адстаўку.
Пасьля дыпляматычны прадстаўнік ураду БНР у Кіеве, Адэсе, Бэрліне. У 1919 арыштаваны польскімі акупацыйнымі ўладамі, але здолеў уцячы з-пад варты.
У 1918—1919 сябра Беларускай партыі сацыялістаў-фэдэралістаў, у 1920 сябра Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянэраў, зь якой у жніўні 1920 выйшаў з-за адмовы лідэраў падпісаць Дэклярацыю пра абвяшчэньне незалежнасьці БССР ад 31 ліпеня 1920.
У 1920—1922 служыў у Гомелі ў чыгуначных часьцях Чырвонай арміі. 1 кастрычніка 1920 арыштаваны асобым аддзелам Заходняга фронту па падазрэньні ў контррэвалюцыйнай дзейнасьці; вызвалены праз 6 месяцаў. У чэрвені 1924 удзельнічаў у ліквідацыйным зьезьдзе БПС-Р.
Перайшоў на фінансавую работу — у 1925—1930 упаўнаважаны Наркамфіну БССР, з 1931 у Белшвейаддзяленьні Вышэйшага савета народнай гаспадаркі.
Арыштаваны 19 сакавіка 1932. Паводле пастановы калегіі АДПУ СССР асуджаны на 5 гадоў папраўча-працоўных работ. Этапаваны ў Сьвірскі канцлягер НКВД Ленінградзкай вобласьці. У зьняволеньні 27 сьнежня 1936 узяты пад варту. 8 лютага 1937 Ленінградскім абласным судом асуджаны да 5 гадоў зьняволеньня і 5 гадоў пазбаўленьня правоў.
Загінуў у Магаданскім канцлягеры. Па першым прыгаворы рэабілітаваны прэзыдыюмам Менскага абласнога суда 16 лістапада 1963, па другім — пракуратурай Расейскай Фэдэрацыі 16 сьнежня 1992.