Ян Давід Голянд

вялікалітоўскі музыка і кампазытар нямецкага паходжаньня
(Перанакіравана з «Ян Давід Голанд»)

Ян (Ёган) Давід Голянд (па-нямецку: Johann David Holland; 17 сакавіка 1746 — 26 сьнежня 1827, Вільня [1]) — нямецкі кампазытар і дырыгент, прыдворны капэльмайстар Караля Станіслава Радзівіла, выкладнік музыкі ў Віленскім унівэрсытэце.

Ян Давід Голянд
Дата нараджэньня 17 сакавіка 1746
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 26 сьнежня 1827
Месца сьмерці Вільня
Прафэсія кампазытар, дырыгент
Жанры сымфонія, палянэз, кантата, опэра

Біяграфічны нарыс

рэдагаваць

Нарадзіўся Я. Голянд у Нямеччыне, у Санкт-Андрэасбэргу (паводле іншых зьвестак, у Гановэры[2]). Найбольш раньнія зьвесткі пра яго адносяцца да 1760-х, калі Я. Голянд лічыўся ўжо дастаткова аўтарытэтным кампазытарам. У 1771 уладкаваўся ў Гамбургу, які ў той час быў адным з найбуйнейшых эўрапейскіх цэнтраў канцэртна-тэатральнага жыцьця. Голянд займаў пасаду дырэктара музыкі ў царкве сьвятой Кацярыны. Творы Я. Голанда — сымфоніі, кантаты й араторыі, вакальныя й інструмэнтальныя п’есы — пастаянна выконваліся ў канцэртах, друкаваліся ў розных зборніках. Невядомыя акалічнасьці (паводле некаторых зьвестак, сьмерць жонкі) прымусілі яго «зьняцца зь месца». З другой жонкай, сьпявачкай Разінай, ён апынаецца ў Варшаве, дзе яго й напаткала запрашэньне Караля Радзівіла. Вядома, што знаёмыя Голанда (у прыватнасьці, Ян Дусік) былі вельмі задаволеныя сваёй працай у князёў Рэчы Паспалітай і, магчыма, раілі Голанду ня надта сумаваць па радзіме.

На пачатку 1780-х, у той час, як гаспадар Нясьвіжа Караль Станіслаў Радзівіл запрашае Я. Голянда на пасаду дырыгента нясьвіскай капэлы, у опэрна-балетным тэатры Нясьвіжа ставяцца шматлікія клясычныя творы замежных і мясцовых аўтараў. Менавіта тут Я. Голянд упершыню зьвярнуўся да опэрна-балетных жанраў. 17 верасьня 1784 у Нясьвіжы адбылася прэм’ера опэры Я. Голянда «Агатка, або Прыезд пана» і была прымеркаваная да візыту караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Кароль з задавальненьнем праглядзеў спэктакль, пазнаў сябе ў вобразе «добрага пана», які прыязджае й вырашае ўсе інтрыгі на карысьць закаханых. Пасьля прэм’еры Панятоўскі меў ласку прачытаць прысутным беларускамоўны верш уласнага сачыненьня. Гэта была адна зь першых опэр, створаных і пастаўленых на Беларусі ў XVIII ст, якая набыла асаблівую вядомасьць і больш за сорак год ішла на сцэнах тэатраў Рэчы Паспалітай. Лібрэта да опэры «Агатка» стварыў князь Мацей Радзівіл, які сам быў музыкантам-аматарам. Опэра адрозьніваецца кампазыцыйна-драматургічнай дасканаласьцю, найбольшую эмацыянальную нагрузку ў ёй нясе музыка. Арыентаваная на клясычны стыль, яна разам з тым насычаная мясцовым нясьвіскім фальклёрам.

Другая опэра Голянда «Чужое багацьце нікому ня служыць'»' была пастаўленая ў 1785 годзе. Гэта быў таксама забаўляльны спэктакль з павучальным лірыка-камэдыйным сюжэтам. Зь яе зьнік «добры пан» і зьявіўся спрытны юнак, які ўласным розумам будуе сваё шчасьце й свой лёс.

У Нясьвіжы Голянд таксама сачыніў балеты «Арфэй і Эўрыдыка» (альбо «Арфэй у пекле») і «Сялянскі разары», кантату «Сьмелы, мужны Караль Другі», прысьвечаную Каралю Радзівілу, шэраг вакальных твораў і клавірных п’есаў.

Амаль дваццаць год працаваў Я. Голянд у Нясьвіжы. Пасьля падзелаў Рэчы Паспалітай і заняпаду магнацкіх дынастыяў Голянд страціў заробак, але не пакінуў краіну. Ён пераехаў у Вільню, дзе на працягу 23 гадоў выкладаў у Віленскім унівэрсытэце фартэпіяна й тэорыю музыкі, кіраваў унівэрсытэцкім хорам і аркестрам, працягваў пісаць музыку. Тут ён напісаў і сваё самае значнае тэарэтычнае дасьледаваньне — падручнік «Акадэмічны трактат пра сапраўднае мастацтва музыкі», у свой час шырока вядомы й папулярны сярод музыкантаў.

Творчая спадчына

рэдагаваць

Творчасьць Яна Давіда Голянда ў канцы XVIII — пачатку XIX ст. аказала значны ўплыў на разьвіцьцё беларускай музычнай школы эпохі клясыцызму.

Да 2006 г. было завершанае аднаўленьне камічнай опэры кампазытара «Чужое багацьце нікому ня служыць». Сюжэт твора, упершыню пастаўленага ў 1785 г. у Нясьвіскім тэатры магнацкага роду Радзівілаў, уяўляе сабой клясычны ўзор камічнай опэры свайго часу. Кася — дачка багатага ўдаўца Чужапанка — пакахала парабка Янака. Аднак прагны бацька не жадае аддаваць дачку з зайздросным пасагам свайму халопу. Але дзякуючы фантазіі Янака, Чужапанак дае згоду на шлюб. Да нашых дзён дайшлі толькі партыі першай скрыпкі і кантрабаса, а таксама вакалу з тэкстам. Пераклад арыяў і дуэтаў з польскай на беларускую мову зрабіў Васіль Сёмуха, а драматург Сяргей Кавалёў аднавіў згубленыя дыялёгі. Мастацкі кіраўнік ансамбля салістаў «Клясык-авангард» Уладзімер Байдаў стварыў аркестровыя аранжыроўкі, паводле складу нясьвіскага аркестра апошняй трэці XVIII ст. Камэрная партытура опэры, дзейныя асобы ў якой усяго тры пэрсанажы, робяць твор прывабным для сучаснага тэатральнага жыцьця. 7 ліпеня 2009 г. у Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры опэры і балета адбылася прэм’ера опэрнага спэктакля «Чужое багацьце нікому ня служыць».

Раней на беларускай мове гучала ўжо опэра Я. Голянда «Агатка», адноўленая ў 1995 «Беларускай капэлай».

  1. ^ Catalog of the German National Library (ням.)
  2. ^ Голанд Ян Давід // ЭГБ. — Мн.: 1996 Т. 3. С. 55

Літаратура

рэдагаваць
  • Голанд Ян Давід // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1997. — Т. 5: Гальцы — Дагон. — 576 с. — ISBN 985-11-0090-0 — С. 322.
  • Голанд Ян Давід // Беларусь : Энцыклапедычны даведнік / БелЭН / пад рэд. Сачанка Б. І. — Мн. : БелЭн, 1995. — 799 с — С. 231.
  • Голанд Ян Давід // Тэатральная Беларусь: Энцыклапедыя: у 2 Т. Т. 2: Л—Я / пад агульнай рэд. А. В. Сабалеўскі; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў, Т. Я. Гаробчанка, Л. В. Календа. — Мн. : БелЭн, 2003. — 576 с — ISBN 985-11-0259-8. — С. 270.
  • Дадзіёмава, В. У. Музычная культура Беларусі XVIII стагоддзя : гіст.-тэарэт. даслед. / В. У. Дадзіёмава. — Мінск : Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі, 2002. — 383 с — С. 171—186.
  • Дадзіёмава, В. У. Ян Голанд / В. У. Дадзіёмава // Нарысы гісторыі музычнай культуры Беларусі: Навучальны дапаможнік. — Мн.: Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі, 2001. — 256 с — ISBN 5-7815-0299-8. — С. 149—168.
  • Дадзіёмава, В. Еўрапейская славутасць, якая належыць і нам / Вольга Дадзіёмава // Беларусь. 1996. № 3. — С. 20—21.
  • Кавальчук, Н. Опера Я. Д. Голанда «Чужое багацце нікому не на карысць» у яе сувязях з заходнееўрапейскім музычным мастацтвам / Н. Кавальчук // Музычная культура Беларусі : гіст. шлях, кантакты : матэрыялы X Навук. чытанняў памяці Л. С. Мухарынскай (1906—1987) (Мінск, 5-6 крас. 2001 г.) — Мінск, 2002. — С. 67—71.
  • Куляшова, Г. Р. «Агатка, или Приезд пана» Я. Д. Голланда в контексте европейского и белорусского оперного творчества / Куляшова Галіна Рыгораўна // Пяты фестываль камернай музыкі Музы Нясвіжа : матэрыялы навук. канф. на тэму : «Помнікі мастацкай культуры Беларусі : гісторыя і сучаснасць», 13 мая 2000 г. Нясвіж, 2000. — С. 21—27.
  • Нікуліна, А. «Акадэмічны трактат аб сапраўдным мастацтве музыкі» Я. Д. Голанда / А. Нікуліна // Музычная культура Беларусі : дыялог часоў : матэрыялы VI Навук. чытанняў памяці Л. С. Мухарынскай (1906—1987) (г. Мінск, 4 крас. 1997 г.). — Мінск, 1997. — С. 121—126.
  • Скорабагатаў, В. Беларуская Агатка ды аўстрыйскі Фігара : (оперна-гіст. параўнанні) / Віктар Скорабагатаў // Зайгралі спадчынныя куранты : цыкл нарысаў з гісторыі прафесійнай муз. культуры Беларусі. — Мінск, 1998. — С. 31—36.
  • Скорабагатаў, В. Ян Давід Голанд і ягоная опера «Агатка, або Прыезд пана» / Віктар Скорабагатаў // Роднае слова. 1996. № 4. С. 165—166. (Анталогія беларускага раманса).