Юры Аверкіевіч Жукаў

начальнік касмадрома Байканур родам зь Беларусі
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Жукаў.

Юры Аверкіевіч Жукаў (1933, Слуцак, цяпер Менская вобласьць, Беларусь — 2010, Смаленск, Расея) — савецкі вайскавод.

Юры Жукаў
17 чэрвеня 193319 сакавіка 2010
Месца нараджэньня Слуцак, Беларуская ССР, Савецкі Саюз
Месца сьмерці Смаленск, Цэнтральная фэдэральная акруга, Расея
Прыналежнасьць Савецкі Саюз
Род войскаў Ракетныя войскі стратэгічнага прызначэньня СССР
Гады службы 1951—1989
Званьне генэрал-лейтэнант (1984)
Камандаваў касмадромам Байканур (1983—1989)
Узнагароды
Ордэн Кастрычніцкай Рэвалюцыі
Ордэн Кастрычніцкай Рэвалюцыі
Ордэн Чырвонай Зоркі
Ордэн Чырвонай Зоркі
Сувязі бацька генэрал-маёр Аверкій Жукаў (1895—1951)

7-ы начальнік касмадрома Байканур (1983—1989) у Казаскай ССР. Загадваў пускам карабля «Энэргія-Буран» (1987). Пры ім апрабоўвалі ракету-носьбіт «Зэніт» і вяліся пілятаваныя палёты паводле праграмы «Інтэркосмас»[1].

Жыцьцяпіс

рэдагаваць

Нарадзіўся ў сям’і генэрал-маёра тэхнічных войскаў Чырвонай арміі Аверкія Кірылавіча Жукава. У 1951 годзе пачаў службу ў Савецкім войску. У 1956 годзе скончыў Рыскую найвышэйшую інжынэрна-авіяцыйную вучэльню (Латвійская ССР)[2] і ў якасьці афіцэра заняў пасаду начальніка групы абслугоўваньня самалётаў і авіярухавікоў. У 1957 годзе стаў авіятэхнікам атрада. У 1958-м заняў пасаду намесьніка камандзіра авіяэскадрыльлі ў справе эксплюатацыі і быў прызначаны інжынэрам спэцыяльнага наземнага абсталяваньня.

У 1959 годзе паступіў на службу ў Ракетныя войскі стратэгічнага прызначэньня СССР[2] у якасьці старэйшага памагатага начальніка службы спэцыяльнага і артылерыйскага ўзбраеньня ў справе спэцузбраеньня ў вайсковай часьці 18282 (115-ы інжынэрны полк) у горадзе Выпалзава Балагоўскага раёну (Цьвярская вобласьць, Расейская СФСР). У 1960 годзе стаў намесьнікам камандзіра часьці ў справе ракетнага ўзбраеньня і галоўным інжынэрам. У 1968 годзе заняў пасаду камандзіра в/ч 18282. У 1971 годзе перайшоў на пасаду намесьніка камандзіра в/ч 14245 (7-я ракетная дывізія) тамсама ў Выпалзаве. У 1973-м стаў загадваць 49-й ракетнай дывізіяй (в/ч 34154) у Лідзе (Гарадзенская вобласьць, Беларуская ССР) і атрымаў годнасьць палкоўніка. У 1975-м заняў пасаду 1-га намесьніка камандзіра 50-й ракетнай арміі (в/ч 55135) ў Смаленску (Расейская СФСР) і атрымаў годнасьць генэрал-маёра. У 1979 годзе завочна скончыў Вайсковую акадэмію імя Фэлікса Дзяржынскага ў Маскве[2].

У 1983—1989 гадох займаў пасаду начальніка 5-га навукова-дасьледчага палігона-касмадома Байканур (в/ч 11284, Кызылардзінская вобласьць, Казаская ССР). Найбольшы ўнёсак зрабіў у ажыцьцяўленьне касьмічнай праграмы «Інтэркосмас»[2]. Запусьцілі каля 300 міжкантынэнтальных балістычных ракетаў і 16 відаў ракета-носьбітаў. У 1985—1989 гадох быў дэпутатам Вярхоўнага Савету Казаскай ССР 11-га скліканьня. У 1986 годзе браў удзел у 27-м Зьезьдзе Камуністычнай партыі Савецкага Саюзу. Зь 1992 году быў старшынёй Смаленскай абласной рады вэтэранаў.

 
Магіла Юрыя Жукава на Адзінцоўскіх могілках Смаленска (2012 год)

На 2014 год Слуцкі краязнаўчы музэй (Менская вобласьць, Беларусь) захоўваў генэральскі мундзір і асабістыя рэчы Юрыя Жукава.

  1. ^ Тацьцяна Лазоўская. «Слуцкі сьлед» у космасе // Зьвязда : газэта. — 5 красавіка 2014. — № 63 (27673). — С. 7. — ISSN 1990-763x.
  2. ^ а б в г Жукаў Юры Аверкіевіч // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2004. — Т. 18. Кн. 1: Дадатак: Шчытнікі — Яя. — С. 386. — 473 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0295-4