Што Расея павінна зрабіць з Украінай
«Што Расея павінна зрабіць з Украінай» (рас. Что Россия должна сделать с Украиной) — артыкул Цімафея Сяргейцава, абнародаваны расейскім інфармацыйным агенцтвам «Навіны» 3 красавіка 2022 году[1].
У артыкуле раскрываўся «падрабязны плян генацыду, пачынаючы з поўнай ліквідацыі ўкраінскай дзяржавы»[2]. З гэтай нагоды 4 красавіка 2022 году ўкраінскі тэлежурналіст Алег Казанскі адзначыў: «Тут адкрыта бароніцца неабходнасць этнацыду. Гаворка ўжо не пра «дэнацыфікацыю», а пра «дэўкраінізацыю». Пра тое, што ўкраінцаў трэба прымусіць адмовіцца ад сваёй нацыянальнасьці, мовы і культуры з дапамогай масавых рэпрэсіяў. Расейская дзяржава ўжо проста адкрыта перайшла да рыторыкі нацысцкіх злачынцаў. Цэлы народ аб’яўляецца няправільным, прапагандуецца неабходнасьць зьнішчэньня ўкраінцаў і ўкраінскай дзяржаўнасьці. І пасьля такіх артыкулаў яны яшчэ спрабуюць апраўдацца за Бучу, сьцьвярджаюць, што не чынілі там вайсковых злачынстваў. Такім чынам, паглядзіце, яны на дзяржаўных сайтах абнародавалі заклікі да генацыду ўкраінцаў»[3]. Артыкул быў абнародаваны ў кантэксьце працяглага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, у той жа дзень, калі пасьля адступленьня маскальскіх войскаў з украінскага горада Буча былі знойдзены целы дзясяткаў мірных жыхароў[4][5]. Артыкул выклікаў міжнародную крытыку й абурэньне й быў асуджаны як доказ генацыдных намераў.[6][7][8]
Зьмест
рэдагавацьАртыкул выступае за «жорсткую цэнзуру» ўкраінскай культуры, маштабнае «перавыхаваньне» і «дэўкраінізацыю» ўкраінцаў на тэрыторыях, акупаваных Расеяй падчас уварваньня ва Ўкраіну ў 2022 годзе[9][10][11].
Аўтар настойвае на тым, што этнацэнтрызм Украіны зьяўляецца штучным вычварэнствам,[12] што існаваньне Ўкраіны як нацыянальнай дзяржавы «немагчыма»,[10] і што нельга дапусьціць існаваньня самога слова «Украіна».[4][9] На думку аўтара, Украіна павінна быць дэмантаваная й замененая некалькімі дзяржавамі пад непасрэдным кантролем Расеі[13]. Ён дадае, што «этнічны складнік самаідэнтыфікацыі» Ўкраіны таксама будзе адкінуты пасьля яе акупацыі Расеяй[10].
Аўтар сьцьвярджае, што «хутчэй за ўсё, большасьць» украінскага мірнага насельніцтва — «нацысты»,[10] якія «тэхнічна» ня могуць быць пакараныя як ваенныя злачынцы, але могуць быць падвергнутыя «дэнацыфікацыі»[14]. У той час як Сяргейцаў адзначае, што не існуе нацыстоўскіх партыяў, сымбаляў, расістоўскіх законаў альбо іншых доказаў сапраўднага нацызму, ён паруе гэта, сьцьвярджаючы, што « ўкраінскі нацызм унікальны дзякуючы сваёй аморфнасьці й неадназначнасьці», што, паводле Цімаці Снайдэра, эквівалентна «асаблівае маскальскае вызначэньне нацызму»[15]. Аўтар сьцьвярджае, што бандэраўцы насамрэч маргінальныя для «ўкранацызму», а сапраўдная пагроза — праэўрапэйства.
Ён сьцьвярджае, што ўкраінцы павінны «засвоіць досьведт» вайны «як гістарычны ўрок і адкупленьне [сваёй] віны». Пасьля вайны ў якасьці пакараньня бы выкарыстаны прымусовыя працы, турэмнае зьняволеньне й сьмяротнае пакараньне. Пасьля гэтага насельніцтва будзе «інтэгравацца» ў «рускую цывілізацыю».[10] Аўтар апісвае заплянаваныя дзеяньні як «дэкалянізацыю» Украіны.[12][13]
Як піша ў Haaretz Антон Шэхаўцоў, артыкул зьяўляецца пашыранай вэрсіяй артыкула 2016 году маскальскага аглядальніка Аляксандра Жучкоўскага, якога зьвязваюць з маскальскім імпэрскім рухам. У гэтым артыкуле Жучкоўскі заклікаў да дэгуманізацыі ўкраінцаў, кажучы: «Гэта натуральна й правільна, бо мы ваюем не супраць людзей, а супраць ворагаў, […] не супраць людзей, а супраць украінцаў».[16]
Рэакцыі
рэдагавацьУнутраная рэакцыя
рэдагавацьНамесьнік старшыні Рады бясьпекі Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў паўтарыў асноўныя тэзы артыкулу празь некалькі дзён пасьля яго публікацыі. Па словах Мядзьведзева, «гарачая частка ўкраінскага грамадзтва малілася Трэцяму райху», Украіна — нацыстоўская дзяржава, падобная да Трэцяга Райху, якую трэба «дэнацыфікаваць» і «выкараніць», а вынікам гэтага будзе крах Украіны як дзяржавы[17]. Мядзьведзеў сьцьвярджае, што каляпс — гэта шлях да «адкрытай Эўразіі ад Лісабона да Ўладзівастока»[17].
26 красавіка 2022 году Мікалай Патрушаў заявіў, што «амэрыканцы з дапамогай сваіх стаўленікаў у Кіеве вырашылі стварыць антыпод нашай краіны, цынічна выбраўшы для гэтага Ўкраіну, спрабуючы разьяднаць адзіны па сутнасьці народ» і што «вынік палітыкі Захаду й падкантрольнага яму кіеўскага рэжыму можа быць толькі распад Украіны на некалькі дзяржаў».[18]
Міжнародныя рэакцыі
рэдагавацьПрэзыдэнт Украіны Ўладзімер Зяленскі заявіў, што артыкул зьяўляецца доказам плянаў Расеі правесьці генацыд грамадзянаў Украіны[7]. Ён адзначыў, што для абазначэньня генацыду ўкраінцаў у артыкуле выкарыстоўваюцца тэрміны «дэўкраінізацыя» і «дээўрапеізацыя». На яго думку, гэта адзін з доказаў для будучага трыбунала над расейскімі ваеннымі злачынствамі ва Ўкраіне[6][19]. Па словах прадстаўніка Ўкраіны на маскальска-ўкраінскіх мірных перамовах Міхаіла Падаляка, гэты артыкул зьяўляецца афіцыйным заклікам да масавых забойстваў украінцаў з-за іх нацыянальнай прыналежнасьці й будзе разглядацца як такі Міжнародным крымінальным судом (Нідэрлянды)[8].
У красавіку 2022 году дэпутат нямецкага Бундэстагу Томас Гайльман падаў у суд на аўтара артыкула. На думку Гайльмана, артыкул можа быць парушэньнем Канвэнцыі аб папярэджаньні генацыду й пакараньні за яго[20]. У траўні 2022 году Генэральная пракуратура Ўкраіны распачала дасудовае расьсьледаваньне па гэтай справе[21].
Крытыка
рэдагавацьПа словах дырэктара Фінскага інстытуту міжнародных адносін Мікі Аалтолы, артыкул паказаў, што расейская ваенная прапаганда «разьвіваецца ў трывожным кірунку»[22]. Як піша Meduza, артыкул зьяўляецца «па сутнасьці плянам генацыду ўкраінцаў».[12]
Паводле оксфардзкага экспэрта па справах Расеі Сэмюэла Рамані, артыкул «адлюстроўвае мэйнстрым крамлёўскага мысьленьня»[23]. Амэрыканскі гісторык Тымаці Снайдэр напісаў, што тэкст «прапагандуе ліквідацыю ўкраінскага народу як такога»[24]. Пазьней ён адзначыў, што ў ім выкарыстоўваецца спэцыяльнае вызначэньне слова «нацыст»: «нацыст — гэта ўкраінец, які адмаўляецца прызнаць сябе маскальскім». На ягоную думку, артыкул раскрывае генацыдныя намеры Расеі[15].
Глядзіце таксама
рэдагавацьКрыніцы
рэдагаваць- ^ Цімафей Сяргейцаў, РІА «Навіны». «Што Расея павінна зрабіць з Украінай» // Партал «Наша ніва», 4 красавіка 2022 г. Архіўная копія ад 4 красавіка 2022 г. Праверана 9 ліпеня 2022 г.
- ^ «Польскае тэлебачаньне». Расейскае інфармацыйнае агенцтва раскрывае план генацыду ўкраінцаў // Беларускае Радыё «Рацыя», 4 красавіка 2022 г. Праверана 9 ліпеня 2022 г.
- ^ Алег Казанскі, «Цэнзар.нэт». РІА «Навіны» апублікавала артыкул «Што Расея павінна зрабіць з Украінай» з заклікамі да «дэўкраінізацыі» і зьнішчэньня нацыянальнай сьвядомасьці // Прэс-цэнтар «Хартыі'97», 4 красавіка 2022 г. Праверана 9 ліпеня 2022 г.
- ^ а б A Kremlin paper justifies erasing the Ukrainian identity, as Russia is accused of war crimes
- ^ Російський посібник з геноциду (укр.) 10 April 2022 г.
- ^ а б На державному російському сайті вийшла стаття "Що Росія має зробити з Україною"
- ^ а б Article 'What Russia should do with Ukraine' is evidence for future tribunal - Zelensky
- ^ а б В ОП напомнили России о международных судах из-за статьи о "перевоспитании" украинцев
- ^ а б Russische Nachrichtenagentur ruft zur Vernichtung der Ukraine auf (ням.) 4 April 2022 г.
- ^ а б в г д Russian state media: 'Ukronazism' greater threat to world than Hitler
- ^ Zelenskiy says more than 300 people killed and tortured in Bucha – as it happened 5 April 2022 г.
- ^ а б в Russia's war against Ukraine Daily updates as Moscow's full-scale invasion enters its second month
- ^ а б Russische Nachrichtenagentur ruft zum Völkermord auf
- ^ Killings in Ukraine amount to genocide, Holocaust expert says
- ^ а б Russia's genocide handbook - The evidence of atrocity and of intent mounts 8 April 2022 г.
- ^ The Shocking Inspiration for Putin’s Atrocities in Ukraine (анг.)
- ^ а б Wie soll der Krieg in der Ukraine enden? Dieser russische Text lässt Böses erahnen
- ^ https://rg.ru/2022/04/26/patrushev-zapad-sozdal-imperiiu-lzhi-predpolagaiushchuiu-unichtozhenie-rossii.html
- ^ Zelenskyy on RIA Novosti article: One piece of evidence for a future tribunal
- ^ Немецкий депутат подал иск на автора статьи о денацификации Украины в РИА «Новости»
- ^ Ukraine presses charges against author of Russia's manifesto calling for genocide of Ukrainians
- ^ Venäjän propaganda viestii kansanmurhaa - "huolestuttavaa, kammottavaa" (фін.)
- ^ 'Genocide masterplan': Experts alarmed after Kremlin intellectual calls for 'cleansed' Ukraine
- ^ @ [] — «An article in the official state Russian news agency RIA Novosti...». — (Тўіт праз Twitter).
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- «Шанец на рэванш»: Росквіт і падзенне «метадалогіі» — школы, якая спарадзіла ідэю «рускага свету» — артыкул на Meduza з кароткай біяграфіяй Сяргейцава
- Что Россия должна сделать с Украиной