Чэрнеўка (Менская вобласьць)
Чэ́рнеўка[1] — вёска ў Барысаўскім раёне Менскай вобласьці, на левым беразе ракі Бабёр пры ўпадзеньні яе ў Бярэзіну, за 6 км на паўднёвы ўсход ад Азьдзяцічаў, на поўдзень ад Лаўніцы. Чэрнеўка ўваходзіць у склад Мётчанскага сельсавету.
Чэрнеўка | |
трансьліт. Černieŭka | |
Першыя згадкі: | 19 стагодзьдзе |
Краіна: | Беларусь |
Вобласьць: | Менская |
Раён: | Барысаўскі |
Сельсавет: | Мётчанскі |
Вышыня: | 160 м н. у. м. |
Насельніцтва: | 68 чал. (2010) |
Часавы пас: | UTC+3 |
Тэлефонны код: | +375 177 |
Паштовы індэкс: | 222128 |
Нумарны знак: | 5 |
Геаграфічныя каардынаты: | 54°3′11.99″ пн. ш. 28°51′38.99″ у. д. / 54.0533306° пн. ш. 28.8608306° у. д.Каардынаты: 54°3′11.99″ пн. ш. 28°51′38.99″ у. д. / 54.0533306° пн. ш. 28.8608306° у. д. |
± Чэрнеўка |
Гісторыя
рэдагавацьПерадумовы
рэдагавацьДля разьвіцьця любога пасяленьня вельмі важна, у якім месцы яно знаходзіцца. Больш удалае разьмяшчэньне, чым у Чэрнеўкі, прыдумаць цяжка. Тут перасякаліся важныя водныя і наземныя шляхі. Гэта суднаходныя рэкі Бярэзіна і Бобр і старажытны наземны шлях зь Менску ў Друцак, які існаваў у сярэднявеччы. На месцы падыходжаньня шляху да Бярэзіны з даўніх часоў быў брод. У навакольных мясьцінах па сёньняшні час многа лясоў.
Узьнікненьне Чэрнеўкі і паходжаньне назвы
рэдагавацьДа паходжаньня назвы Чэрнеўка існуе два падыходы. Першы грунтуецца на тым, што яна паходзіць ад таго, што тут раней шмат хто займаўся чарненьнем (фарбаваньнем) тканіны.
Другі падыход вынікае з аналізу старажытных дакумэнтаў. Урыўкавыя зьвесткі пра месца, дзе цяпер разьмешчана Чэрнеўка, сустракаюцца з пачатку ХVІ стагодзьдзя. У 1516 годзе з Барысава на Арэшкавічы ехаў пасол Сьвяшчэннай Рымскай імпэрыі Сігізмунд Герберштэйн. Аднак ён ня толькі не адзначаў тут якісьці населены пункт, але і казаў пра пустыннасьці гэтых мясьцін. Напрыканцы ХVІ стагодзьдзя ў некалькіх дакумэнтах узгадваецца тутэйшая пераправа празь Бярэзіну. Прычым у якасьці населенага пункту, да якога прывязвалася пераправа, называюцца Чарневічы, а брод празь Бярэзіну — Чэрневым бродам. Так, у адным з дакумэнтаў 1594 году адзначаецца, што ў Чэрневым бродзе жыхары Азьдзяцічаў перавезьлі празь Бярэзіну пана Падбярэскага. Было гэта 2 красавіка. Такім чынам, з дакумэнтаў ХVІ стагодзьдзя вынікае, што на той час у гэтым месцы ніякага населенага пункту не было. А тое пасяленьне, якое ўзьнікла потым, хутчэй за ўсё атрымала назву ад брода, ля якога ўзьнікла (брод — Чэрнеў, вёска — Чэрнеўка). Час узьнікненьня вёскі невядомы. Пісьмовыя зьвесткі пра яе сустракаюцца толькі пачынаючы з ХІХ стагодзьдзя.
Мэталюргічны завод
рэдагавацьРазьвіцьцё Чэрнеўкі як мястэчка ў значнай ступені абумоўлена ўзьнікненьнем і разьвіцьцём тут буйнога па тых часах мэталюргічнага завода. Сыравінай для яго служыла тутэйшая балотная руда, якой у навакольлях Чэрнеўкі было вельмі шмат. Мэтазгоднасьць пабудовы ў гэтых мясьцінах завода была вызначана ўрадавай экспэдыцыяй афіцэраў расейскай арміі, якая працавала тут у 1850 годзе.
Для пабудовы завода ля Лаўніцы быў утвораны цагельны завод. Ён вырабляў цэглу нестандартнага памеру 28×14×7 см. У далейшым яго прадукцыя выкарыстоўвалася тутэйшымі жыхарамі для вырабленьня печаў і для іншых мэтаў. Кіравалі вытворчасьцю Коган і Рэгінскі.
Мэталюргічны завод (фабрыка жалеза) быў пабудаваны ўладальнікам гэтых земляў Лявонам Радзівілам і пачаў дзейнічаць у 1854 годзе. Ён вырабляў чыгун, жалеза (пудлінгавае, паласавое, шыннае, круглае, квадратнае). У 1856 годзе завод вырабіў жалеза на 25 тыс. рублёў. У 1857 годзе ён пераходзіць да вялікага князя М. М. Раманава. У 1863—1872 гадох тут вырабляліся адліўкі, машыны, у тым ліку і паравыя. Гэта быў час росквіту завода, калі ён стаў адным з найбуйнейшых мэталюргічных заводаў ня толькі на Беларусі, але і ў Расейскай імпэрыі наогул.
На заводзе выкарыстоўваліся чатыры паравыя машыны, домны (у 1863 годзе — адна, у 1865 годзе — дзьве, у 1863 годзе — ужо тры). У 1868 годзе ў ім меліся пудлінгавая печ, вагранка, два крычныя горны.
У 1861 годзе на заводзе працавалі 161 чалавек, а ў 1867 годзе — 437 чалавек.
У 1863 годзе на Чэрнеўскім мэталюргічным заводзе было выплаўлена 84,16 тысячы пудоў чыгуну, у 1867 — 120 тысячаў пудоў, у 1870 — 160 тысячаў пудоў, у 1872 годзе — 100 тысячаў пудоў. Акрамя таго штогод выраблялася жалеза і сталі па 20—72 тысячы пудоў. Агульны аб’ём прадукцыі ў 1869—1872 гадах склаў 157—162 тысячы пудоў мэталю. На Ўсерасейскай выставе, якая праходзіла ў Маскве ў 1870 годзе, прадукцыя Чэрнеўскага мэталюргічнага завода была ўдастоена бронзавага мэдаля.
Завод займаў плошчу каля 240 маргоў зямлі. Складаўся ён зь непасрэдна мэталюргічнага завода, пракатняга стану і такарні. Акрамя таго, пры ім ля ракі Бобр меўся тартак. Значная частка будынкаў завода была зроблена з цэглы на мураваных падмурках. Да завода з Бабра быў прарыты канал, па якому на баржах падводзілася руда. Такім жа чынам вывозілася з завода і гатовая прадукцыя. Напрыканцы канала было зроблена возера, дзе стаялі тыя баржы, адбывалася іх пагрузка і разгрузка.
Выпрацоўка мэталю грунтавалася на спальваньні драўнянага вуглю. Для гэтых мэтаў высякаўся лес у навакольлях мястэчка, піліўся на калодкі. Іх расколвалі на паленьні і складвалі ў шахматным парадку ў курганы, якія абкладвалі дзёрнам. Кожны з такіх курганоў меў некалькі дзясяткаў кубамэтраў драўніны. Ля падножжа курганоў пракладваліся каналы, у якіх запальвалася вогнішча. Пасьля ўзгараньня курганоў канал закладваўся дзёрнам. У выніку адбывалася так званае «курэньне» драўніны, у выніку чаго ўтвараўся драўніны (як казалі раней курны) вугаль. Пасьля астываньня курганоў вугаль грузілі на падводы і адвозілі на мэталюргічны завод. Сьляды такіх курганоў яшчэ нядаўна можна было назіраць у навакольлях Чэрнеўкі. Цяпер яны зьнішчаны глыбокім разворваньнем палёў з дапамогаю трактароў.
Плаўленьне мэталю адбывалася наступным чынам. З камянёў, набітых глінай, рабіўся сырадутны горан. Яго прасушвалі і напаўнялі драўніным вуглём. Пасьля распальваньня вуглю на яго насыпалі раздробленую руду. На яе ўкладвалі пласт вуглю. Па меры ўшчыльненьня вугаль падсыпаўся. Для лепшага гарэньня ён з дапамогаю мяхоў прадуваўся паветрам. Расплаўленая руда сьцякала ўніз. Праз 8—12 гадзін працы печ разбуралі, атрыманыя жалезныя пліткі — крыцы — ачышчалі ад шляку.
У 1878 годзе завод перадаецца ў дзяржаўную казну, а ў 1881 годзе ён спыняе сваю дзейнасьць. Адной з галоўных прычын таму стала пабудова чыгункі, што зрабіла прывазны мэталь больш танным, а прадукцыю Чэрнеўскага завода неканкурэнтназдольнай.
Пасьля закрыцьця завода яго будынкі пачынаюць пуставаць. Пазьней — мясцовыя жыхары разьбіраюць іх на цэглу. Да нашага часу ад будынкаў мэталюргічнага завода захаваліся толькі падмуркі і нязначныя іх фрагмэнты, якія цяпер ужо амаль не прыкметны. Сьведчаньнем існаваньня завода зьяўляецца і шляк, які і цяпер больш чым праз 120 гадоў пасьля закрыцьця завода ў вялікай колькасьці маецца ў навакольлях Чэрнеўкі і якім па сёньняшні час пасыпаны навакольныя дарогі.
Росквіт і заняпад мястэчка
рэдагавацьПромыслы
рэдагавацьМэталюргічны завод ня быў тым адзіным, што надавала Чэрнеўцы адметнасьць. Далёка за межамі мястэчка славіліся сваімі промысламі яго майстры. Гэта найперш ганчары, але ня толькі яны. Ганчарныя промыслы ў Чэрнеўцы адзначаліся яшчэ ў 80-х гадах ХІХ стагодзьдзя ў «Slowniku geograficznym». У 1900 годзе газэта «Северо-западное слово» адзначала, што ў Чэрнеўцы вельмі добра разьвіты промыслы, маецца 15 адмысловых заводаў (дакладней будзе сказаць, майстэрняў). Са зьменай складу насельніцтва Чэрнеўкі ў выніку апошняй вайны старыя промыслы ў ёй практычна перасталі існаваць.
Гандаль, установы
рэдагавацьГандаль у Чэрнеўцы быў добра разьвіты яшчэ ў ХІХ стагодзьдзі. У 1886 годзе тут ужо была крама, а ў 1897 годзе — тры ў мястэчку і адна ў фальварку ля ганчарнага завада. Крамы былі вялікія і багатыя на тавары. У 80-х — 90-х гадах ХІХ стагодзьдзя тут узгадваецца піцейны дом.
Славілася Чэрнеўка гандлем ня толькі ў сваіх крамах. Штотыдзень у нядзелю тут ладзіўся вялікі базар. На ім свае вырабы прадстаўлялі ня толькі тутэйшыя жыхары, але і шматлікія іншыя, што спэцыяльна прыязджалі на яго з розных месцаў.
Да другой сусьветнай вайны ў Чэрнеўцы знаходзіліся два нарыхтоўчых пункты. Яны ледзь спраўляліся прымаць ад насельніцтва ягады, грыбы, скурсыравіну, шэрсьць, шчаціну. Тут жа можна было здаць і набыць любое быдла, набыць сала, мяса, вэнджаныя сьцегнякі, каўбасы. У Чэрнеўцы знаходзіліся канторы Лесьбела і Лесасплава.
Цяпер становішча з гандлем ў Чэрнеўцы зусім іншае. Яшчэ нядаўна ў Чэрнеўцы была крама. На сёньняшні час няма ніводнай.
Былі да вайны ў Чэрнеўцы бандарны цэх, лесапільны цэх з цыркуляркамі і гонтарэзкай, млын, на якім малолі зерне і рабілі крупы, шэрстачоска, сукнавальня, якая дазваляла фарбаваць сукно, маслабойня, на якой можна было вырабляць алей з насеньня лёну, канаплі. Усе гэтыя цэхі працавалі на прывадзе ад паравой машыны. Да 1920 году існаваў і ганчарны цэх. На ім выраблялі гаспадарчы посуд і дзіцячыя цацкі. Кіраваў цэхам Вінігдон Мацьвеевіч Бабіцкі.
З 1916 году ў Чэрнеўцы дзейнічаў фэльчарска-акушэрскі пункт (першапачаткова і ў часы НЭПа ён быў прыватным), пры якім працавала аптэка. Дарэчы, аптэка славілася добрым наборам лекаў. Дзякуючы сувязям яе гаспадара ў яе дасылаліся фармацэўтычныя вырабы ня толькі айчыннай вытворчасьці, але і зь іншых краінаў, у тым ліку і ЗША.
Пошта
рэдагавацьРазьвіцьцё мястэчка зрабіла актуальнай праблему ўтварэньня ў ім пошты. У жніўні 1904 году жыхары Чэрнеўкі Міхалап, Фрыдлянскі, Падрабіньнік і Паўлавец падалі ў губэрнскае паштовае ведамства прашэньне аб адкрыцьці ў мястэчку паштовага аддзяленьня. Ніякіх вынікаў прашэньне не дало. У 1910 годзе з той самай просьбай за начальніка Менскай тэлеграфнай акругі зьвяртаецца кіраўнік Чэрнеўскага лясьніцтва Юргенс. У 1913 годзе падобнае прашэньне падаецца за подпісам 70 жыхароў мястэчка. І толькі тады менскі віцэ-губэрнатар прызнаў мэтазгоднасьць адкрыцьця пошты ў Чэрнеўцы. Аднак указаньне аб адкрыцьці паштовых апэрацыяў у паштовым аддзяленьні ў Чэрнеўцы паступіла толькі 5 красавіка 1916 году. Для яго было прадастаўлена панам Міхалапам памяшканьне, а жыхары Чэрнеўкі ўнесьлі ў казну 195 рублёў.
Дзейнічала паштовае аддзяленьне ў Чэрнеўцы 62 гады і ў 1978 годзе было закрыта.
Пляніроўка і выгляд
рэдагавацьЧэрнеўка ў ХІХ — першай палове ХХ стагодзьдзя мела тыповую для тутэйшых мястэчак пляніроўку. У яе цэнтры знаходзілася базарная плошча. Мястэчка было забудавана характэрнымі для свайго часу хатамі, што будаваліся габрэямі-рамесьнікамі і гандлярамі. Усе будынкі ў ім (па-за межамі мэталюргічнага завода) былі драўлянымі. Яны былі ладнымі, ашаляваныя, пафарбаваныя ў жоўты колер. На вуліцах для пешаходаў меліся драўляныя ходнікі.
Адметным будынкам у мястэчку была сынагога, якая была пабудавана не пазьней 20-х гадоў ХХ стагодзьдзя. Вылучаўся сваёй адметнасьцю і будынак фэльчара, які быў узьведзены прыблізна ў той жа час, што і сынагога.
28 траўня 2013 году разам зь іншымі населенымі пунктамі ліквідаванага Азьдзяціцага сельсавету перададзеная ў склад Мётчанскага сельсавету[2].
Насельніцтва
рэдагавацьХуткі рост і разьвіцьцё Чэрнеўкі назіраліся напрыканцы ХІХ стагодзьдзя і ў меншай меры працягваліся на пачатку ХХ стагодзьдзя. У 1870 годзе тут было ўсяго каля 20—40 жыхароў. У 1897 годзе ў Чэрнеўцы ўжо было 63 двары і 420 жыхароў, у 1908 годзе — 85 двароў і 434 жыхары, у 1917 годзе — 96 двароў і 547 жыхароў. У далейшым у выніку вядомых падзеяў колькасьць насельніцтва мястэчка паменшылася. У 1926 годзе ў Чэрнеўцы было ўсяго 56 двароў, 242 жыхары. У 1929 годзе яе насельніцтва павялічылася да 350 чалавек, напярэдадні апошняй вайны — каля 400. Насельніцтва Чэрнеўкі складалася практычна цалкам з габрэяў (у 1929 годзе тут было толькі 10 двароў беларусаў). Гэта акалічнасьць прывяла да таго, што пасьля Другой сусьветнай вайны зь яе жыхароў засталіся толькі адзінкі. Таму мястэчка так і не змагло адрадзіцца. Цяпер тут жыве каля 160 жыхароў.
- 1999 год — 99 чалавек
- 2010 год — 68 чалавек
Адукацыя
рэдагавацьНайбольш старыя зьвесткі пра школу ў Чэрнеўцы — габрэйскую (відаць, малітоўную) адносяцца да 1886 году. У 1913 годзе тут адкрываецца аднакамплектнае народнае вучылішча. У 1926 годзе яно пераўтвараецца ў габрэйскую школу.
У 1934 годзе ў Чэрнеўцы адкрываецца вучылішча. Тут можна было вывучыць сталярна-сьлясарную справу. Усяго ў вучылішчы займалася 140 навучэнцаў. Пры ім акрамя навучальнага корпуса быў інтэрнат, сталовая, клюб, лазьня і іншыя будынкі. Спыніла сваё існаваньне вучылішча з пачаткам Вялікай Айчыннай вайны.
Транспарт
рэдагавацьВодныя і наземныя шляхі адыгралі важную ролю ў станаўленьні Чэрнеўкі. Здаўна тут сканчваўся сплаў лесу «аматарамі» па Бабры. Тут яго пераводзілі ў лавы бярэзінскага маштабу і гналі далей «прафэсіяналы» ўніз па Бярэзіне і далей па Дняпры да Крэменчугу.
Мелася ў Чэрнеўцы на Бярэзіне і прыстань. Яшчэ ў сярэдзіне ХХ стагодзьдзя і нават пазьней рачныя цеплаходы зьяўляліся асноўным тутэйшым пасажырскім транспартам. Спыніла сваё існаваньне прыстань у Чэрнеўцы ўжо больш за два дзясяткі гадоў.
Бярэзіна зьяўлялася ня толькі шляхам, але і перашкодай на шляху іншых — наземных шляхоў. Напрыканцы 70-х — пачатку 80-х гадоў ХІХ стагодзьдзя тут быў пабудаваны драўляны мост празь Бярэзіну. У 1908 годзе маста ў Чэрнеўцы не было. Замест яго дзейнічаў паром, які меў памеры 6×3,5 сажаняў і пад’ёмную сілу 600 пудоў. Паром перамяшчаўся з дапамогаю пяньковага каната. Для зьезду з парома існавалі мосьцікі на казлах.
У савецкі час празь Бярэзіну быў пабудаваны новы драўляны мост. Ён меў даўжыню 840 мэтраў і быў узьняты над водамі ракі на 8 мэтраў. Для яго аховы ў мястэчку быў разьмешчаны невялікі гарнізон вайскоўцаў у колькасьці 40 чалавек. Гарнізон меў казармы, сталоўку, лазьню і іншыя будынкі. Мост у Чэрнеўцы праіснаваў да апошняй вайны, калі быў спалены. Немцамі мост быў адноўлены, але ён прастаяў нядоўга. Пасьля вайны мост празь Бярэзіну не аднаўляўся. Не існуе з часоў вайны і чэрнеўскі гарнізон.
Інфармацыя для турыстаў
рэдагавацьСтрачаная спадчына
рэдагаваць- Сынагога
Вядомыя выхадцы
рэдагавацьУ часы існаваньня мэталюргічнага заводу і да 1896 году Чернеўскае лясьніцтва ўзначальваў Якаў Седашаў — родзіч вялікім князям Раманавым, зяць кіроўцы маёнтка Старабарысаў Мяшчэрына. З 1896 году па 1917 год гэту пасаду займаў штабс-капітан Юргенса. Яшчэ ў часы Седашава 150 дзесяцін лугу і 110 дзесяцін ворнай зямлі ў навакольлях Чэрнеўкі бярэ ў арэнду тутэйшы пан Міхалап.
Сярод тых, хто жыў і працаваў у Чэрнеўцы, варта вылучыць Барыса Якаўлевіча Альперына. Нарадзіўся ён у 1889 годзе. Вышэйшую мэдыцынскую адукацыю атрымаў у Пецярбурзе. У Чэрнеўку прыехаў да родзічаў, ажаніўся тут і застаўся жыць. Ён кіраваў фэльшарска-акушэрскім пунктам, у навакольлях быў вядомы як вопытны і дасьведчаны ўрач.
Б. Альперын напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны рыхтаваўся да абароны кандыдацкай дысэртацыі. З гэтай мэтай ён у красавіку 1941 году паехаў у Маскву. Абараніўся. Падчас вайны служыў у войску ў званьні генэрал-маёра мэдыцынскіх войскаў. Яго ж сям’я загінула ў гета. Аб гэтым Барыс Якаўлевіч даведаўся толькі пасьля заканчэньня вайны.
У далейшым Альперын абараніў доктарскую дысэртацыю, але ў Чэрнеўку так і не вярнуўся.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (djvu) С. 65
- ^ «Об изменении административно-территориального устройства районов Минской области». Решение Минского областного Совета депутатов от 28 мая 2013 г. № 234 (рас.)
Літаратура
рэдагаваць- Міхась Мацельскі, Гоман Барысаўшчыны, Мястэчка, якое так і не стала горадам(недаступная спасылка)