Чардаш
Ча́рдаш (па-вугорску: Csárdás) — вугорскі народны танец. Назоў паходзіць ад вуг. csárda — карчма, шынок.
У Вугоршчыне чардаш танчылі цыганы пад музыку сынці(en). Пазьней танец распаўсюдзіўся і на суседнія рэгіёны: Ваяводзіну, Славаччыну, Славенію, Харватыю, Трансыльванію і Маравію.
Чардаш — парны танец з характэрнай зьменаю тэмпу. Пачынаючыся з павольнага лірычнага ўступу па коле (lassu), пераходзіць у вельмі хуткі, імклівы парны танец у памеры ²/4 або 4/4 (friska). Існуюць таксама й іншыя варыяцыі тэмпу: csárdás, sűrű csárdás і szökős csárdás.
Спалучэньне хуткіх і павольных элемэнтаў ставіць высокія патрабаваньні да танцораў. Танец павінен выказваць жарсьць у адрас партнэркі. Жанчыны адзетыя ў традыцыйныя шырокія спадніцы, звычайна ярка-чырвонага колеру, якія падчас кружэньня набываюць характэрную форму.
Пра паходжаньне танца існуюць розныя меркаваньні. Паводле аднае вэрсіі, ягонае паходжаньне можа быць зьвязанае з вугорскім музычным стылем вэрбункашам (ад ням. Werbung — вербаваньне), распаўсюджаным у вугорскай арміі ў XVIII стагодзьдзі. Паводле іншага меркаваньня, чардаш зьявіўся з танца гайдукоў.
З 30-х рокаў XIX стагодзьдзя быў найпапулярнейшым як бальны танец; як народны танец існуе ў Вугоршчыне й цяпер. Да тэматыкі чардашу зьвярталіся ў сваёй творчасьці такія клясычныя кампазытары, як Фэрэнц Ліст, Віторыё Монці, Ёганэс Брамс, Ёган Штраус, Пётар Чайкоўскі, Імрэ Кальман і іншыя.
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьЧардаш — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў