Цары́ Каля́ды — традыцыйны навагодні абрад у вёсцы Семежаў Капыльскага раёну Менскай вобласьці ў Беларусі. Сьвяткуюць напярэдадні Новага году па юліянскім календары, у Шчодры вечар — з 13 на 14 студзеня. У 2009 годзе ўключаны ў сьпіс нематэрыяльных культурных каштоўнасьцяў ЮНЭСКО, як аб’ект, якому неабходная тэрміновая абарона[1].

Цары Каляды
Rite of the Kalyady Tsars*
Сусьветная спадчына ЮНЭСКО

Удзельнікі абраду «Цары Каляды»
Краіна Беларусь
Тып традыцыі
Крытэры VI
Спасылка 00308
Рэгіён** Europe et Amérique du Nord
Гісторыя ўключэньня
Уключэньне 2009  (4 міжурадавага камітэту сэсія)
* Назва ў афіцыйным сьпісе па-ангельску
** Рэгіён паводле клясыфікацыі ЮНЭСКО

Гісторыя

рэдагаваць

Лічыцца, што абрад «Цары Каляды» зьявіўся ў XVIII стагодзьдзі, калі недалёка ад вёскі стаялі раскватараваныя часьці царскай расейскай арміі. Паводле мясцовага паданьня, у дні сьвяткаваньня Новага году па старым стылі (Юліянскім календары) салдаты й афіцэры хадзілі па дварах, зьдзяйсьняючы вясёлы паказ, за што гаспадары адорвалі іх пачастункам[2]. Пасьля перадысьлякацыі салдатаў у іншае месца традыцыю працягнулі мясцовыя маладыя людзі, якія апранаюцца ў касьцюмы, што нагадваюць ваенную форму. Дадзеная папулярная вэрсія была выказаная мясцовым былым настаўнікам Мікалаем Аляшкевічам (1924 году нараджэньня), але спробы дасьледчыкаў па яе пацьверджаньні не далі станоўчых вынікаў. Шэраг тэатразнаўцаў выказвае думку, што семежаўскі абрад зарадзіўся задоўга да атраду расейскай арміі[3].

Абрад праводзіўся да 1960-х гадоў. Пасьля 40-гадовага перапынку быў адроджаны ў 1996 годзе па ініцыятыве мясцовых жыхароў[3]. У 2000-х гадах абрад выконваўся некалькімі групамі «цароў» адначасова.

У кастрычніку 2009 г. абрад «Калядныя цары» рашэньнем Міжурадавага камітэту ЮНЭСКО па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны быў уключаны ў Сьпіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якой патрабуецца тэрміновая ахова. ЮНЭСКО прызнала неабходнасьць у абароне сьвята з-за перасяленьня актыўнага насельніцтва ў гарады й страце цікавасьці з боку моладзі.

Апісаньне абраду

рэдагаваць

У абрадзе ўдзельнічаюць маладыя мужчыны й юнакі, так званыя «цары», апранутыя ў спэцыяльныя касьцюмы. Касьцюмы прадстаўляюць сабой белыя штаны й кашулі. На грудзях кожнага цара крыж-накрыж павязаныя чырвоныя семежаўскія паясы з геамэтрычным арнамэнтам. На галаве — высокія шапкі з рознакаляровымі папяровымі стужкамі. Цароў на сьвяце суправаджаюць камічныя пэрсанажы Дзеда (выконвае дзяўчына ў абарванай мужчынскай вопратцы) і Бабы (выконвае хлапец).

Працэсія цароў наведвае дамы вяскоўцаў і разыграе драму «Цар Максіміліян». Пасьля прадстаўленьня адбываецца традыцыйнае віншаваньне гаспадароў дома, якія шчодра адорваюць удзельнікаў абраду.

З надыходам цемры «цары» запальваюць факелы, што надае дзеі незвычайную відовішчнасьць.

Крыніцы й заўвагі

рэдагаваць
  1. ^ Абрад «Цары Каляды» пад пагрозай знікнення. Наша Ніва (05.10.2009). Праверана 28 жніўня 2013 г.
  2. ^ Беларускі абрад «Калядныя цары». belarus.by. Праверана 28 жніўня 2013 г.
  3. ^ а б Абрад “Калядныя цары” вёскі Семежава Капыльскага раёна Мінскай вобласці. budzma.org (03.01.2012). Праверана 28 жніўня 2013 г.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць