Кроніка Лівоніі Генрыха Латвійскага
Кроніка Лівоніі Генрыха Латвійскага (па-лацінску: Chronicon Livoniae) — першы і найбольш знакаміты твор сярэднявечнай прыбалтыйскай гістарыяграфіі, найстарэйшая зь лівонскіх кронікаў. Аўтар — Генрых Латвійскі, нямецкі храніст, які жыў з 1205 году ў Рызе і быў ідэолягам Ордэна мечаносцаў.
Кроніка была напісаная для папскага легата Вільгельма Мадэнскага на замову біскупа Альбэрта. Будучы сьвятаром у Рыскім арцыбіскупстве, аўтар выступаў у сваім творы найперш як абаронца інтарэсаў гэтай арганізацыі. Апавяданьне пра прымусовую хрысьціянізацыі ліваў, латгалаў і эстаў пачынаецца з 80-х рокаў ХІІ ст. і даводзіцца да 1227 году.
Кроніка лічыцца каштоўнай крыніцай ня толькі пра гісторыю самой Лівоніі, але таксама суседніх Літвы, Русі, ды яшчэ Даніі і Швэцыі. У ёй зьмяшчаецца інфармацыя пра Кукенойс і Герцыке, барацьбу з Ордэнам полацкага князя Ўладзімера, мірныя дамовы 1210, 1212, 1222 гадоў.
Варта адзначыць, што храналягічны адцінак, апісаны дадзенай кронікай, некаторыя гісторыкі лічаць часам фармаваньня этнічна летувіскай дзяржавы — папярэдніцы Вялікага Княства Літоўскага. Між тым у творы Генрыха няма ніводнай згадкі пра гэтую, верагодна мітычную дзяржаву. Дасьледнікі заўважылі, што летувіскіх князёў храніст заве аналягічна іншым плямёнам — «князямі і старэйшынамі» (па-лацінску: princeps ac seniores), а ў той жа час рускіх князёў тытулюе «каралямі» (па-лацінску: reges, regulus), ставячы іх на адзін узровень з каралямі Даніі і Швэцыі[1].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Пашуто В. Т. Образование Литовского государства. С. 132—133; Hellman M. Burgen und Adelsherrschaft bei den Völkern des Ostbaltikums // Europa Slavica — Europa Orientalis. Festschrift für Herbert Ludat zum 70. Geburtstag. 1980, Berlin. S. 41-42.
Літаратура
рэдагаваць- Белазаровіч В. А. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі: вучэб. дапаможнік; Установа Адукацыі «Гродзенскі Дзярж. Ун-т імя Я.Купалы». — Гродна : ГрДУ, 2006.— 345 с. ISBN 985-417-858-7. — С. 34.
- Краўцэвіч А. К. Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага / Рэд. Георгі Штыхаў. — Мн.: Беларуская навука, 1998. — 208 с. ISBN 985-08-0249-9. — С. 17, 18.