Генры Русота
Ге́нры Алякса́ндар[1] Русо́та (па-ангельску: Henry A. Russotto або Russotta), Хаім Нясьвіскі, Генры Нясьвіскі (па-ангельску: Henry Niswizski[2]; 28 сакавіка 1869, Ружаны Гарадзенскай губэрні Расейскае імпэрыі — 14 лютага 1925, Нью-Ёрк, ЗША) — жыдоўскі дырыгент, кампазытар.
Генры Русота | |
Henry A. Russotto | |
Дата нараджэньня | 28 сакавіка 1869 |
---|---|
Месца нараджэньня | Ружаны, Гарадзенская губэрня |
Дата сьмерці | 14 лютага 1925 |
Месца сьмерці | Нью-Ёрк |
Грамадзянства | ЗША |
Прафэсія | дырыгент, кампазытар |
Жыцьцяпіс
рэдагавацьНарадзіўся 28 сакавіка 1869 (паводле іншых зьвестак — у 1871[3]) у мястэчку Ружаны Гарадзенскай губэрні Расейскае імпэрыі (цяпер у Пружанскім раёне Берасьцейскай вобласьці).
Бацька, Аляксандар-Эліэзэр Нясьвіскі (вядомы таксама як Зісл Ружанер), мясцовы хазан, аўтар музыкі да малітвы «Га-мітпалель». Ажаніўся з Фэйгай Зольцман пасьля сьмерці ягонай першай жонкі, зь якой меў уласных дзяцей. Для Фэйгі Зольцман шлюб з Аляксандрам-Эліэзэрам таксама быў другім. Першы муж, Ешыва Бахер, зь якім яны мелі дачку Ганну, быў адлучаны ад царквы праз жаданьне вывучаць клясычныя мовы[4].
Хаім Нясьвіскі пачаў кар’еру рэгентам хору сынагогі «Тэгарат га-кадэш» у Вільні. Ажаніўшыся з выпускніцай Віленскай кансэрваторыі Люізай Русота, узяў прозьвішча жонкі. У 1891 пераехалі ў ЗША, дзе Хаім неўзабаве зрабіўся вядучым аранжыроўнікам ды папулярызатарам жыдоўскай музыкі. З 1896 — дырыгент і кампазытар у нью-ёркскім тэатры «Лібэрці».
У 1899 скончыў кар’еру музыкі і заняўся асьветніцкай дзейнасьцю, заснаваў нотнае выдавецтва.
У 1908—1917 — кантар сынагогі «Ізраэль» у нью-ёркскім раёне Паркўэй. З моманту заснаваньня Амэрыканскай асацыяцыі кантараў — кіраўнік яе хору.
Быў адным з заснавальнікаў нью-ёркскага таварыства аматараў расейскай опэры пры тэатры «Талія».
Творчасьць
рэдагавацьПершай буйной працай Хаіма Русота была аранжыроўка музыкі Аўрама Гальдфадэна да спэктаклю «Ахашвэраш», а найбольш вядомы аўтарскі твор — музыка да спэктаклю «Шашана» (ружа) паводле п’есы Нахума-Мэіра Шайкевіча ў нью-ёркскім тэатры «Лібэрці».
Запісаў амаль 2 тысячы аранжыровак і арыгінальных мэлёдыяў, выдадзеных дзясяткамі тысячаў асобнікаў.
Крыніцы і заўвагі
рэдагаваць- ^ Імя па бацьку.
- ^ Descendants of Alexander Eliezer Niswizski (анг.) Friends and Family. A&W gateway. Праверана 21 лістапада 2024 г.
- ^ Henry Niswizski (1871 - ) (анг.). Ancestry.com. Праверана 21 лістапада 2024 г.
- ^ Niswitzski/Russotto/Abileah Branch (анг.)