Хадыка (паэма)
«Хады́ка» (па-польску: Chodyka) — паэма-гутарка Ўладзіслава Сыракомлі, адна зь першых паэмаў творцы.
Хадыка | |
па-польску: Chodyka | |
Жанр: | Паэма Гутарка |
---|---|
Аўтар: | Уладзіслаў Сыракомля |
Мова арыгіналу: | польская |
Год напісаньня: | 1847 |
Перакладчык: | Яўгенія Пфляўмбаўм |
Сваім творам паэт даводзіць, што сэнс чалавечага жыцьця заключаецца ня ў клопаце пра самога сябе, а пра блізкага, у любові да Бога і да сабе падобнага[1].
Прататып
рэдагавацьГутарка «Хадыка» ўзнаўляе пачутае паэтам ад бацькі Адама Плуга палескае паданьне пра асочніка(d), які ў гарачцы крыўды забіў лоўчага і тры дзясяткі гадоў хаваўся ў пушчы. У інтэрпрэтацыі Сыракомлі паданьне абрастае дэталямі і падрабязнасьцямі, ён імкнецца пранікнуць ва ўнутраны сьвет героя, асэнсаваць яго паводзіны ў гэтай цяжкай сытуацыі[2].
Зінаіда Драздова заўважае таксама блізкасьць гутаркі да жыційнай літаратуры (жыціі прападобнага Майсея Мурына, прападобнага Давіда)[2].
Зьмест
рэдагавацьДзеяньне адбываецца ў Слуцку. Жыцьцё Хадыкі ў цёмнай непралазнай пушчы было нялёгкім. Пакуль меў порах, ён здабываў зьвера ці птушку, а скончыўся порах — харчаваўся карою, часта галадаў і жыў у скрусе. Найбольш паляшук цярпеў ад дакору сумленьня, што ён зьдзейсніў сьмяротны грэх — забіў чалавека. Герой разумее, што сумленьне — голас Бога, ад якога нідзе не схавацца[2]. У адзінотным жыцьці Хадыкі ўвесь час прысутнічае чорт, які то раіць яму павесіцца, нават абяцае падшукаць для гэтай мэты асіну, то заклікае выходзіць на дарогу і здабываць хлеб несумленным шляхам разбою і рабаўніцтва. Герой бароніцца ад нячысьціка малітвай, хоць часам малітва ў яго ня йдзе. Герой сябе не апраўдвае, але прызнае сваю віну. Спакутаваны Хадыка пазьней ужо пачаў шукаць, дзе павесіцца, але раптам знайшоў пчаліны рой, з-за чаго задумваецца, каб заняцца пчалярствам. Ад працы герой атрымлівае задавальненьне, натхняецца ідэяй прыносіць людзям карысьць, а таксама ратуецца ад нячысьцікаў. Такім чынам, паляшук выбірае Бога, замест д’ябла[1]. Змучаны адзінотай Хадыка шукае людзей. Выйшаўшы да іх, ён расказвае сапраўдную гісторыю свайго жыцьця і просіць пакараньне за ўчыненае ім забойства. Споведзь пакаранага доўгім блуканьнем закранула князя Радзівіла. Прысуд у творы не агалошваецца, але сканчаецца сьмерцю Хадыкі ў кляштары[3].
Крытыка
рэдагавацьТадэвуш Піні адзначаў:[4]
«Хадыка» пры ўсёй прастаце апавяданьня такі захапляльны, такі сумны, што чытаецца займальна на адным дыханьні.
Беларускі філёлаг Леў Цьвяткоў пісаў:[5]
Хадыка — гэта сымбаль прыгнечанага, замучанага варожымі сіламі беларускага народу. Гэты народ змушаны, калі нельга дабром, дык хаця шляхам крывага паўстаньня, выявіць свой пратэст.
Пераклады
рэдагавацьУ 1879 годзе ў Маскве выйшаў зборнік выбраных твораў Сыракомлі ў перакладзе на расейскую мову, дзе быў зьмешчаны і «Хадыка» ў перакладзе Ліядора Пальміна[6]. На беларускую мову твор пераклала Яўгенія Пфляўмбаўм[7], пераклад быў апублікаваны пад імем мужа[8].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б Драздова, З. Душа беларуса ў гутарках і вершах Уладзіслава Сыракомлі (бел.). — С. 136.
- ^ а б в Драздова, З. Душа беларуса ў гутарках і вершах Уладзіслава Сыракомлі (бел.). — С. 135.
- ^ Драздова, З. Душа беларуса ў гутарках і вершах Уладзіслава Сыракомлі (бел.). — С. 137.
- ^ Pini, T. Władysław Syrokomla i jego utwory (пол.). — 1901. — С. 106.
- ^ Цвяткоў, Л. Наша сялянства, яго прыяцелі й ворагі ў літаратурным адбіцьці (бел.). — 1927. — С. 137.
- ^ Кондратовичъ, Л. Избранныя стихотворенія Людвига Кондратовича (Владислава Сырокомля) (рас.). — Москва: В. М. Лавровъ и В. А. Федотовъ, 1879. — Т. 1. — С. 13-40. — 462 с.
- ^ Сыракомля, У. Выбраныя творы . — 2010. — С. 97-112.
- ^ У. Сыракомля. Выбраныя творы, 1966
Літаратура
рэдагаваць- Сыракомля, У. Выбраныя творы . — Мінск: Беларуская навука, 2010. — 584 с. — 1000 ас. — ISBN 978-985-6976-06-6
- Pini, T. Władysław Syrokomla i jego utwory (пол.). — Lwów: Macierz Polska, 1901. — 247 с.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Драздова, З. Душа беларуса ў гутарках і вершах Уладзіслава Сыракомлі // Полымя. — Мінск: Ліпень 2017. — № 7 (1053). — С. 134—138.
- Цвяткоў, Л. Наша сялянства, яго прыяцелі й ворагі ў літаратурным адбіцьці // Маладняк. — 1927. — № 12 (3). — С. 122—137.