Гутарка (літаратурны жанр)
Гу́тарка (літаратурны жанр) — адзін з жанраў фальклёрнай і ананімнай беларускай літаратуры XIX ст.; вершаваны маналёг або дыялёг, у якім у форме непасьпешлівай, доказнай гаворкі асьвятляліся вострыя сацыяльна-палітычныя (зямля, воля, адмена прыгоннага права) і маральныя (праўда і крыўда, п’янства) праблемы. Гутарка патрабавала зацікаўленага слухача, субяседніка. У ёй пераважалі інтанацыі жывога народнага маўленьня, што выяўляліся ў лексыцы, сынтаксісе, рытмічным ладзе. Пісаліся гутарка раёшнікам, сілабічным, акцэнтна-складовым, сілаба-танічным вершам (чатырохстопны харэй). Асаблівае распаўсюджаньне набылі «Гутарка Данілы са Сьцяпанам», «Гутарка ў карчме», «Гутарка старога дзеда», «Вось цяпер які люд стаў», «Гутарка Паўлюка» і інш. Гутаркі аказалі пэўнае ўзьдзеяньне на асобныя літаратурныя жанры — паэму, апавяданьне. Пад уплывам вершаваных гутарак узьніклі празаічныя мастацка-публіцыстычныя гутаркі («Перадсьмяротны разгавор пустэльніка Пятра», «Дзядзька Антон, або Гутарка аб усім чыста, што баліць, а чаму баліць — не ведаем» і інш.).
Літаратура
рэдагаваць- Рагойша В. П. Паэтычны слоўнік. — 3-е выд., дапрац. і дапоўн. — Менск: Беларуская навука, 2004. — 576 с. — 2000 ас. — ISBN 985-08-0598-6
- Рагойша В. П. Тэорыя літаратуры ў тэрмінах. — Менск: Беларуская энцыклапедыя, 2001. — 384 с. — 1000 ас. — ISBN 985-11-0197-4