Уфімскае маторабудаўнічае вытворчае аб’яднаньне

дзяржаўнае прамысловае прадпрыемства Расеі, заснаванае ў ліпені 1925 году ў якасьці «Рыбінскага маторнага заводу № 26»

Каардынаты: 54°47′35″ пн. ш. 56°7′47″ у. д. / 54.79306° пн. ш. 56.12972° у. д. / 54.79306; 56.12972

«Уфі́мскае маторабудаўні́чае вытво́рчае аб’ядна́ньне» — дзяржаўнае прамысловае прадпрыемства Расеі, заснаванае ў ліпені 1925 году ў якасьці «Рыбінскага маторнага заводу № 26» (цяпер Яраслаўская вобласьць).

«УМВА»
рас. Уфимское моторостроительное производственное объединение
Тып публічнае акцыянэрнае таварыства
Лістынг на біржы МБ: UFMO
Дэвіз Мы падымаем самалёты ў неба
Заснаваная 17 ліпеня 1925 (99 гадоў таму)
Заснавальнікі Рада працы і абароны СССР
Краіна Расея
Разьмяшчэньне Башкартастан
Адрас Уфа, Калінінскі раён, вул. Ферына, д. 2[1]
Ключавыя фігуры Яўген Сямівялічанка[2], Сяргей Кузьмін[3]
Галіна прамысловасьць
Прадукцыя газатурбінны і турбарэактыўны рухавікі
Абарачэньне 91,555 млрд рас.руб. (2019 год; 1,415 млрд $)
Апэрацыйны прыбытак 25,168 млрд рас.руб. (2019 год; 389 млн $)
Чысты прыбытак 19,113 млрд рас.руб. (2019 год; 295,4 млн $)[4]
Лік супрацоўнікаў 24 876 (2020 год)[5]
Матчына кампанія «Аб’яднаная рухавікабудаўнічая карпарацыя» (Масква)
Аўдытар АТ «БДО Юнікон» (Масква)

Са сьнежня 1941 году месьціцца ва Ўфе (цяпер Башкартастан). На 2021 год «УМВА» мела 2 падразьдзяленьні: «Досьледна-канстуктарскае бюро імя Архіпа Люлькі» (Масква) і «Лыткарынскі машынабудаўнічы завод» (Маскоўская вобласьць)[6]. Таксама ва Ўфе працавала Досьледна-канструктарскае бюро «Матор»[7]. У падпарадкаваньні знаходзілася 5 дачынных прадпрыемстваў: ТАА «Пансіянат "Галавінка"» (Лазараўскі раён Сочы, Краснадарскі край), АТ «Інвэст Альянс», ТАА «Уфа Матор Інвэст», ААТ «Уфімскі машынабудаўнічы завод» і ААТ «Уфімскія маторы»[8]. Прадпрыемства выпускала турбарэактыўныя рухавікі для самалётаў, вузлы верталётаў і газатурбінныя рухавікі для энэргетыкі[9].

Мінуўшчына

рэдагаваць

17 ліпеня 1925 году Рада працы і абароны СССР ухваліла Рашэньне аб будаўніцтве «Рыбінскага заводу авіярухавікоў» (Яраслаўская губэрня) на аснове аўтарамонтных майстэрняў. 14 студзеня 1928 году адчынілі «Рыбінскі маторны завод № 26». Першыя 11 гадоў выпускалі поршневы рухавік «М-17», які ставілі на 23 відах самалётаў, зь іх на 18 сэрыйных, а таксама на танках. У 1936 годзе пачалася 10-гадовая вытворчасьць рухавіка сэрыі «М-100» для 58 відаў самалётаў, у якую ўваходзілі «М-103», «М-105», «М-106» і «М-107». Пазьней сэрыю перайменавалі ва «УК-100» у гонар кіраўніка Досьледна-канструктарскага бюро (ДКБ) Уладзімера Клімава. Увосень 1941 году «Рыбінскі маторны завод № 26» вывезьлі на плошчы «Уфімскага маторнага заводу № 384», які таксама належаў Народнаму камісарыяту авіяпрамысловасьці СССР і быў заснаваны ў 1931 годзе для вырабу камбайнавых рухавікоў. 17 сьнежня 1941 году «Рыбінскі маторны завод № 26» перайменавалі ва «Ўфімскі маторны завод № 26», да якога далучылі 2 мясцовыя заводы — «Уфімскі дызэльны завод № 338» і «Ўфімскі маторны завод № 384», а таксама 3 перавезеныя маторныя заводы: 2 ленінградзкія — № 234 і 451, ды «Маскоўскі маторны завод № 219». Падчас Нямецка-савецкай вайны вырабілі звыш 51 000 рухавікоў для бамбавікоў і зьнішчальнікаў канструктараў Сямёна Лавачкіна, Уладзімера Петлякова і Аляксандра Якаўлева. У выніку рухавікі «Ўфімскага маторнага заводу № 26» стаялі на кожным 3-м баявым самалёце Чырвонай арміі. Сярод іншага, самалёт «Як-9У» з рухавіком «УК-107А» стаў найхутчэйшым зьнішчальнікам 2-й сусьветнай вайны[10].

У 1946—1949 гадах «Уфімскі маторны завод № 26» вырабляў рэактыўныя рухавікі «РД-10А» для зьнішчальнікаў «Ла» і «Як», а таксама яго від «РД-10Ф». У 1948 году сталі выпускаць турбарэактыўныя рухавікі з цэнтрабежным кампрэсамрам «РД-45Ф» і яго віды «УК-1» і «УК-1Ф». Іх ставілі на бамбавікі «Іл-28», «Ту-14» і «Ту-82», а таксама на зьнішчальнікі «Ла-176», «Ла-200», «МіГ-15», «МіГ-17», «Су-25-28» і «Як-50». У 1954—1974 гадах выпускалі турбарэактыўны рухавік «РД-9Б» канструкцыі Аляксандра Мікуліна з восевым кампрэсарам, які ставілі на 1-ыя звышгукавыя зьнішчальнікі сямейства «МіГ-19». Яго від «РД-9Ф» ставілі на зьнішчальнік-перахопнік «Як-27». У 1950—1980-я гады таксама выраблялі кароткарэсурсныя раэктыўныя рухавікі распрацоўкі Сяргея Гаўрылава — «РД-9БК», «РД-9БКР» і сямейства «Р11-К». Яны прызначаліся для бесьпілётных самалётаў-выведнікаў, крылатых ракетаў і мішэняў у выглядзе ракетаў і самалётаў. У 1958—1990 гады выраблялі 25 відаў вадкасных ракетных рухавікоў, у тым ліку «С2.720», «С2.720М», «С2.722В», «С5.44» і «С5.83». Іх ставілі на зэнітныя кіраваныя ракеты клясы «зямля-паветра», марскія ракеты клясу «вада-вада» для караблёў і ракеты «паветра-зямля» для бамбавікоў і штурмавікоў. У 1961 годзе сталі выпускаць турбарэактыўныя рухавікі «КР-7-300» канструкцыі Сяргея Туманскага для крылатых ракетаў Вайскова-марскога флёту СССР. У 1962—1987 гадах «Уфімскі маторабудаўнічы завод» вырабляў рухавікі «Р11Ф-300», «Р13-300», «Р25300» розных відаў распрацоўкі Сяргея Гаўрылава, Мікалая Мехцварышвілі, Сяргея Туманскага і Канстанціна Хачатурава. Іх ставілі на сямейства зьнішчальнікаў «МіГ-21» і самалёты «Су-15»[10].

У 1967—2007 гадах на заводзе сабралі звыш 8 млн рухавікоў для аўтамабіляў «Масквіч-412». У 1974—1989 гадах выпускалі турбарэактыўныя рухавікі з фарсажнай камэрай «Р29Б-300» канструкцыі Канстанціна Хачатурава для зьнішчальніка-бамбавіка «МіГ-27». З 1975-га сталі вырабляць рухавікі «Р29-БС-300» для зьнішчальніка-перахопніка «Су-22». У 1978-м стварылі «Ўфімскае маторабудаўнічае вытворчае аб’яднаньне» («УМВА»). У 1980 годзе асвоілі выпуск сямейства турбарэактыўных рухавікоў «КР-17» распрацоўкі Сяргей Гаўрылава для бесьпілётніка-выведніка «Стрыж» і «КР21-300» для крылатых ракетаў. Адначасна сталі вырабляць бесфарсажны турбарэактыўны рухавік «Р-25Ш» распрацоўкі Гаўрылава для штурмавіка «Су-25». У 1988-м для «Су-25» і 8 яго відаў выпусьцілі рухавік «Р195» зь нізкім узроўнем інфрачырвонага выпраменьваньня. Сярод цывільным вырабаў звыш 50 гадоў выпускалі малалітражныя карбюратарныя рухавікі, а за 25 гадоў сабралі 160 000 мотаблёкаў. Таксама «УМВА» ўдзельнічала ў вырабе вузлоў рухавікоў «НК-25» і «НК-32» распрацоўкі Мікалая Кузьняцова для далёкаснага бамбавіка-ракетаносца «Ту-22М» і стратэгічнага ракетаносца «Ту-160». У 1990 годзе «УМВА» асвоіла сэрыйную вытворчасьць сьнегахода «Рысь». У 1993 годзе «УМВА» пераўтварылі ў адкрытае акцыянэрнае таварыства. Сталі выпускаць газатурбінныя рухавікі «АЛ-31Ф» для наземнага стацыянарнага прымяненьня ў цывільнай гаспадарцы. На яго аснове асвоілі выпуск газатурбіннага прывада «АЛ-31СТ» для газаперапампавальніка і «АЛ-31СТЭ» для генэратара на электрастанцыі. У 2016-м прадпрыемства стала публічным акцыянэрным таварыствам[10].

Кіраўнікі

рэдагаваць
  1. ^ Кантакты (рас.) // ПАТ «Уфімскае маторабудаўнічае вытворчае аб’яднаньне», 2021 г. Праверана 20 красавіка 2021 г.
  2. ^ Кіраўнік (рас.) // ПАТ «Уфімскае маторабудаўнічае вытворчае аб’яднаньне», 2021 г. Праверана 20 красавіка 2021 г.
  3. ^ Кіраўніцтва (рас.) // ПАТ «Уфімскае маторабудаўнічае вытворчае аб’яднаньне», 2021 г. Праверана 20 красавіка 2021 г.
  4. ^ Н.А. Сімакоў. Кансалідаваная фінансавая справаздачнасьць за 2019 год (рас.) // ПАТ «Уфімскае маторабудаўнічае вытворчае аб’яднаньне», 30 чэрвеня 2020 г. Праверана 20 красавіка 2021 г.
  5. ^ Яўген Сямівялічанка. Справаздача за 2019 год (рас.) // ПАТ «Уфімскае маторабудаўнічае вытворчае аб’яднаньне», 17 лютага 2020 г. Праверана 20 красавіка 2021 г.
  6. ^ Будова (рас.) // ПАТ «Уфімскае маторабудаўнічае вытворчае аб’яднаньне», 2021 г. Праверана 20 красавіка 2021 г.
  7. ^ ДКБ «Матор» (рас.) // ПАТ «Уфімскае маторабудаўнічае вытворчае аб’яднаньне», 2021 г. Праверана 20 красавіка 2021 г.
  8. ^ Дакумэнты дачынных прадпрыемстваў (рас.) // ПАТ «Уфімскае маторабудаўнічае вытворчае аб’яднаньне», 2021 г. Праверана 20 красавіка 2021 г.
  9. ^ Вырабы (рас.) // ПАТ «Уфімскае маторабудаўнічае вытворчае аб’яднаньне», 2021 г. Праверана 20 красавіка 2021 г.
  10. ^ а б в Гісторыя (рас.) // ПАТ «Уфімскае маторабудаўнічае вытворчае аб’яднаньне», 2021 г. Праверана 20 красавіка 2021 г.