Тытыкака
Тытыка́ка (па-гішпанску: Lago Titicaca) — другое па велічыні возера Паўднёвай Амэрыкі, разьмешчанае ў паўднёвай частцы нізіны Альтыпляна, паміж усходнімі і заходнімі часткамі Андаў (раён Сярэдніх Андаў) на тэрыторыі Пэру і Балівіі. Гэта найвышэй разьмешчанае суднаходнае для вялікіх караблёў возера і найвышэй разьмешчанае высакагорнае возера ў сьвеце.
Возера
Тытыкака
Titicaca
Тытыкака | |||||||||||||||||||||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Возера Тытыкака знаходзіцца на вышыні 3821 мэтар над узроўнем мора, а яго сярэдняя глыбіня складае ад 140 да 180 м (максымальна 304 мэтры). У даўжыню яно складае 230 км, а ў шырыню 97 км. Плошча паверхні — 8300 км². Возера складаецца зь дзьвюх частак (Lago Huinaymarca i Lago Chucuito), разьдзеленых паўвыспай Цікуіна.
Узровень вады мяняецца, часамі нават на пяць мэтраў. У мінулым возера мела большыя памеры, аб чым кажа старая берагавая лінія. Тытыкака — гэта астатак старадаўняга ўнутранага мора Ляга Балівіян, якое пакрывала раней усё Альтыпляно. Але геалягічныя працэсы і інтэнсіўнае выпарэньне прывяло да зьніжэньня ўзроўню вады. Возера ўтварылася хутчэй за ўсё ўжо ў міяцэне.
У возера ўпадае 25 рэк (Сухес, Ілавэ, Коата, Раміс і г. д.), а выцякае адна — Дэсагуадэра, якая злучае Тытыкаку з возерам Паапо. На возеры Тытыкака знаходзіцца 41 востраў, якія часткова заселеныя.
Найбольш вядомая сярод турыстаў выспа — гэта Ісьля дэль Соль (выспа Сонца) — па легендах інкаў, тут нарадзіўся белы бог Віракоча і першыя інкі: Манка Капас і яго сястра і адначасова жонка Мама Окла, а таксама і само Сонца ці Інці. Гэта выспа і цяпер зьяўляецца сьвятым месцам для індзейцаў Аджмара і Кечуа. Выспа Сонца мае 10 км у даўжыню і 5 км у шырыню. Жыве тут каля 2000 індзейцаў. На тэрыторыі выспы засталіся руіны зь інцкага пэрыяду, самыя вядомыя зь якіх — гэта Пілка Каіна і комплекс Чынкана, у склад якога ўваходзіць сьвятая скала, зьвязаная зь інцкай легендай утварэньня. У Чалапампа знаходзіцца музэй рэчаў знойдзеных археолягамі, зь якіх частка выкананая з чыстага золата.
Жыхары гарадоў, якія знаходзяцца на ўзьбярэжжы возера (самы вялікі гэта Пуна ў Пэру і Гуакуі ў Балівіі), жывуць у асноўным рыбалоўствам і турызмам. На паўднёва-ўсходнім узьбярэжжы возера (тэрыторыя Балівіі) знаходзяцца руіны перадкалюмбавай эпохі г. зв. Ціахуанака, дзе разьмяшчаўся галоўны цэнтар культуры з той самай назвай.
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьТытыкака — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў