Трэ крунур
Трэ кру́нур (па-швэдзку: tre kronor, даслоўна «тры кароны») — нацыянальны геральдычны сымбаль Швэцыі, які прысутнічае між іншым, на дзяржаўным гербе Швэцыі і складаецца з трох адкрытых карон, разьмешчаных дзьве над адной, на блакітным фоне. Гэты дзяржаўны сымбаль Швэцыі зьяўляецца маладзейшым за льва Фолькунгаў.
Гісторыя і значэньне
рэдагавацьУжо ў 1539 годзе Оляўс Магнус адзначыў, што Тры кароны — гэта гістарычны сымбаль дзяржавы свэяў, а Леў Фолькунгаў — сымбаль дзяржавы ётаў. Крыху пазьней Юэн Пэтры Клінт тлумачыў яго як сымбаль трох асноўных багацьцяў Швэцыі: гор, лясоў і вады. Юганэс Шэфрэўс меркаваў, што тры кароны сымбалізуюць трох скандынаўскіх паганскіх багоў: Тора, Одына і Фрэя: гэты пункт гледжаньня становіцца вельмі папулярным сярод гатыцыстаў у XVII і XVIII стагодзьдзях. Напрыканцы XIX стагодзьдзя гісторыкі браты Гільдэбрант высунулі меркаваньне, што Тры кароны зьяўляліся швэдзкім варыянтам гербу Альбрэхта Мэкленбурскага. У часы Кальмарскай уніі Тры кароны прысутнічалі і на гербе каралевы Маргарыты. У 1980-я гады францускія гісторыкі знайшлі доказ, што Тры кароны выкарыстоўваліся ў якасьці сымбаля Швэцыі яшчэ ў 1330-я гады каралём Магнусам Эрыксанам: герб Тры кароны ўваходзіць у маляваны фрыз у Папскім палацы ў Авіньёне. На гэтым фрызе прадстаўлены гербы ўсіх кардыналаў і дзяржаваў, якія ў 1336 годзе ўдзельнічалі ў плянах Крыжовага паходу.
Аднак сам герб Тры кароны выкарыстоўваўся і раней. У XIII стагодзьдзі яны зьявіліся на гербе Кёльна, як сымбаль Трох Сьвятых каралёў, мошчы якіх былі перавезены ў Кёльн зь Міляну ў 1164 Фрыдрыхам Барбароса. У сярэднявечнай традыцыі Тры кароны лічыліся гербам легендарнага караля Артура. З 1294 году гэты герб выкарыстоўваў і кракаўскі біскуп Ян Муската, пасьля чаго ён стаў гербам усяго кракаўскага біскупства, а ў XV стагодзьдзі таксама і гербам Віленскай капітулы.
З 1938 году Тры кароны прысутнічаюць таксама на спартовай форме Нацыянальнай зборнай Швэцыі па хакеі. З 1982 выкарыстаньне Трох каронаў як сымбаля Швэцыі абароненае законам.
Іншыя гербы з трыма каронамі
рэдагаваць- Ніжняя частка гістарычнага гербу Галіччыны
- Герб ірляндзкай правінцыі Манстэр
- Герб Оксфардзкага ўнівэрсытэту (у камбінацыі з кнігаю)
- Герб францускага востраву Сэн-Бартэльмі, які з канца XVIII стагодзьдзя больш чым сто гадоў зьяўляўся швэдзкай калёніяй
- Герб расейскага гораду Выбарг, які з часу свайго заснаваньня і да 1721 году быў швэдзкім