Таўрогі
Таўро́гі (па-летувіску: Tauragė) — горад у заходняй Летуве. Насельніцтва налічвае каля 28 тыс. чалавек. Горад зьяўляецца адміністрацыйным цэнтрам Таўроскага павету. У горадзе атрымалі разьвіцьцё харчовая, лёгкая, машынабудаўнічая прамысловасьці. Таўрогі знаходзяцца за 63 км на паўночны захад ад Расенаў і за 25 км ад мяжы з Расеяй. Уваходзіць у склад этнаграфічнага рэгіёну Жамойць.
Таўрогі | |||||
лет. Tauragė | |||||
| |||||
Першыя згадкі: | 1499 | ||||
Горад з: | 1920 | ||||
Краіна: | Летува | ||||
Павет: | Таўроскі | ||||
Плошча: | 13,9 км² | ||||
Вышыня: | 38 м н. у. м. | ||||
Насельніцтва (2016) | |||||
колькасьць: | 23 120 чал. | ||||
шчыльнасьць: | 1663,31 чал./км² | ||||
Часавы пас: | UTC+2 | ||||
летні час: | UTC+3 | ||||
Паштовы індэкс: | 72001 | ||||
Геаграфічныя каардынаты: | 55°15′0″ пн. ш. 22°17′0″ у. д. / 55.25° пн. ш. 22.28333° у. д.Каардынаты: 55°15′0″ пн. ш. 22°17′0″ у. д. / 55.25° пн. ш. 22.28333° у. д. | ||||
Таўрогі | |||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы | |||||
http://www.taurage.lt/ |
Паводле легенды назва гораду мае паходжаньне ад словаў: тур і рог. У даўнія часы людзі, якія зьбіралі на месцы будучага гораду грыбы, знайшлі тут рогі тура.
Гісторыя
рэдагавацьУпершыню горад узгадваецца ў 1499 годзе, калі на месцы будучых Таўрогаў было невялікае паселішча Паджурыс.
Уладальнікам Таўрогаў у пачатку XVI стагодзьдзя быў Барташ, заснавальнік першай у Жамойці школы (у 1507 годзе). Каля 1550 году частка гораду перайшла да Мэльхіёра Шэмёта, які перайшоў у лютэранства. Ён пабудаваў лютэранскую кірху, якая ў 1641 годзе была перабудаваная ў каталіцкі касьцёл. З 1567 годза ў Таўрогах разьмяшчалася мытня. У XVII стагодзьдзі горад перайшоў ва ўласнасьць Радзівілаў. З 1620 да 1669 году горад зьяўляўся сядзібай князя Багуслава Радзівіла. У 1687 годзе ўладальніца Таўрогаў Людвіка Караліна Радзівіл (будучая маці караля Яна ІІІ Сабескага), ажанілася зь нямецкім прынцам, і пасьля яе сьмерці горад перайшоў ва ўладаньне брандэнбурскага ўладара Фрыдрыха ІІІ Гагенцолера, які з 1701 году стаў Прускім каралём Фрыдрыхам І. Яго стараньнямі мясцовы касьцёл быў адрамантаваны і зноў пераўтвораны ў лютэранскую кірху.
Пасьля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай Таўрогі трапілі ў склад Расейскай імпэрыі. Расейская царыца Кацярына падаравала горад свайму фаварыту Платону Зубаву, які потым прадаў яго дзяржаве. 21 чэрвеня 1807 году цар Аляксандар І падпісаў тут дамову з Напалеонам, якая пацьвердзіла пагадненьні ў Тулюзе. 30 сьнежня 1812 году ў млыне каля Таўрогаў, напаліёнаўскі генэрал Ханс Ёрк падпісаў канвэнцыю аб нэўтралітэце з расейскім генэралам Іванам Дыбічам. Згодна зь ёй прускі корпус напалеонаўскага войска перастаў падтрымліваць французаў.
У 1836 годзе ў Таўрогах адбыўся вялікі пажар. У 1846 годзе цар Мікалай І падараваў горад сайму ардынарцу, князю Васільку. У 1864 годзе Таўрогі, праз Коўна, былі злучаны з чыгункай Варшава — Санкт-Пецярбург. У гэты час тут былі пабудаваны цагельня, сьпіртавы завод і два шпіталі. У 1843 годзе Анарэ дэ Бальзак спыняўся ў Таўроскім палацу па дарозе ў Санкт-Пецярбург.
У 1909 годзе колькасьць насельніцтва павялічылася да 5000 чалавек.
Падчас Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе горад быў заняты нямецкімі войскамі. Пад час акупацыі немцы пабудавалі чыгунку да Шаўляў.
Пасьля ўваходу Летувы ў склад СССР Таўрогі сталі памежным горадам і 22 чэрвеня 1941 году ён быў заняты нямецкімі войскамі. У выніку вайны тут было разбурана 80% пабудоваў. У часы нямецкай акупацыі немцы з дапамогай летувіскай паліцыі забілі каля 900 мясцовых габрэяў.
З 1991 году Таўрогі ў складзе Летувіскай рэспублікі.