Рыміні
Рыміні (па-італьянску: Rimini) — горад-курорт у Італіі, які месьціцца ў рэгіёне Эмілія-Раманьня. Гэта таксама адміністрацыйны цэнтар аднайменнай правінцыі. Гэта адзін з найвыбітнейшых прыморскіх курортаў у Эўропе, які наведваюць ня толькі італьянцы, але і замежнікі. Як курорт упершыню пачаў прымаць турыстаў у 1843 годзе. Горад таксама ёсьць радзімай кінарэжысэра Фэдэрыка Фэліні, а таксама ёсьць найбліжэйшым італьянскім горадам да незалежнай краіны Сан-Марына.
Рыміні | |||
| |||
Дата заснаваньня: | 268 да н. э. | ||
Краіна: | Італія | ||
Кіраўнік: | Андрэа Ньясі[d] | ||
Плошча: |
| ||
Вышыня: | 10 м н. у. м. | ||
Насельніцтва: |
| ||
Тэлефонны код: | 0541 | ||
Паштовы індэкс: | 47921–47924 | ||
Нумарны знак: | RN | ||
Геаграфічныя каардынаты: | 44°3′34″ пн. ш. 12°34′6″ у. д. / 44.05944° пн. ш. 12.56833° у. д.Каардынаты: 44°3′34″ пн. ш. 12°34′6″ у. д. / 44.05944° пн. ш. 12.56833° у. д. | ||
Рыміні | |||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы | |||
https://www.comune.rimini.it/ |
Гісторыя
рэдагавацьТэрыторыя рэгіёну сучаснага гораду была заселеная этрускамі[3] да прыходу кельтаў. У 268 годзе да н. э. у вусьці ракі Арымін, якая цяпер мае назоў Марэкія, Рымская рэспубліка заснавала калёнію Арымін. Новае паселішча разглядалася як бастыён супраць кельцкіх захопнікаў, а таксама як пляцдарм дзеля заваёвы Паданскай раўніны. Места было ўцягнутае ў грамадзянскія войны I стагодзьдзя, падтрымліваючы народную партыю і ейных лідэраў, спачатку Гая Марыюса, а потым Юліюса Цэзара. Перакрочыўшы Рубікон, апошні зьвярнуўся з сваім легендарным заклікам да легіёнаў на форуме ў Рыміні. Места няблага было злучанае рымскімі дарогамі, у тым ліку той, якая лучыла Арымін з П’ячэнцай. Таксама горад ганлдяваў праз рэкі і мора.
Калі остготы захапілі Рыміні ў 493 годзе, Адаакр, абложаны ў Равэньне, вымушаны быў капітуляваць. За часам Гатычнай вайны 535—554 гадоў Рыміні шмат разоў пераходзіў з рук у рукі. Пад уладай Бізантыі горад належыў да герцагства Пэнтапаль, то бок быў часткай Равэнскага экзархату. У 728 годзе разам з многімі іншымі гарадамі ён быў заваяваны каралём лянгабардаў Лютпрандам, але вернуты бізантыйцам каля 735 году. Піпін Кароткі дараваў яго Сьвятому Пасаду. У XIII стагодзьдзі места пацярпела ад рознагалосьсяў сем’яў Гамбакары і Ансыдэі. У XIV стагодзьдзе горадам пачала кіраваць камуна, а з зьяўленьнем рэлігійных ордэнаў тут былі пабудаваныя шматлікія манастыры і цэрквы, якія забясьпечвалі працай многіх знакамітых мастакоў.
Сыджызмонда Пандольфа быў адным з самых вядомых уладароў Рыміні. Як дасьведчаны генэрал, ён часта працаваў кандат’ерам іншых гарадоў-камунаў, каб зарабіць грошы. Сыджызмонда жадаў перабудаваць знакамітую катэдру Тэмпіё Малятэстыяна. Да працы быў прыцягнуты Леон Батыста Альбэрці. Аднак, па абраньні папам Піюса II Сыджызмонду давялося стала змагацца за незалежнасьць гораду. У 1463 годзе ён быў вымушаны падпарадкавацца папу, які пакінуў яму ўва ўладаньне толькі Рыміні. Ягоны сын Рабэрта Малятэста пры папу Сыксту IV стаў камандзірам папскага войска супраць Фэрдынанда Нэапалітанскага, аднак зьведаў паразу ў бітве пры Кампаморта ў 1482 годзе. У сваю чаргу, ягоны сын Пандольфа IV страціў Рыміні на карысьць Чэзарэ Борджыя, пасьля зьвяржэньня якога горад перайшоў пад уладу Вэнэцыі, але пазьней быў адабраны папам Юліюсам II і далучаны да складу Папскай дзяржавы. Па сьмерці папы Лява X род Малятэстаў вярнуўся на некалькі месяцаў да панаваньня ў горадзе, але папа Адрыян VI выгнаў іх з гораду і аддаў Рыміні герцагу Ўрбінскаму.
У пачатку XVI стагодзьдзя Рыміні, цяпер другарадны горад Папскай дзяржавы, кіраваў апостальскі легат. У канцы XVI стагодзьдзя гарадзкі пляц быў перабудаваны. Тут быў пабудаваны невялікі храм у гонар сьвятога Антонія Падуанскага і вежа з гадзіньнікам, якія надалі пляцу сёньняшні выгляд. У 1797 годзе Рыміні пацярпеў ад нашэсьця напалеонаўскай арміі. Войскі Ёахіма Мюрата, прызначанага Напалеонам каралём Нэапалю, прайшлі маршам праз Рыміні 30 сакавіка 1815 году[4]. У апошняй спробе здабыць хаўрусьнікаў перад паразай у Нэапалітанскай вайне[5] Мюрат высунуў Рымініскую праклямацыю, адзін з самых раньніх заклікаў да аб’яднаньня Італіі[4][5]. У 1860 годзе Рыміні, як і ўся Раманьня, былі ўлучаныя ў склад каралеўства Італіі.
У Другую сусьветную вайну Рыміні ўсьцяж бамбардаваўся хаўрасьнікамі з антыгітлераўскай кааліцыі зь лістапада 1943 году да свайго вызваленьня 21 верасьня 1944 году[6][7]. У выніку 82% будынкаў гораду былі зьнішчаныя, што ёсьць самым высокім паказьнікам сярод італьянскіх гарадоў з насельніцтвам большым за 50 тысячаў чалавек[6][8]. Каля 55 тысячаў уцекачоў з Рыміні беглі на поўнач, у навакольныя паселішчы і ў Сан-Марына[7][6].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Superficie di Comuni Province e Regioni italiane al 9 ottobre 2011 — ISTAT.
- ^ https://demo.istat.it/?l=it
- ^ «The Etruscan World». Taylor & Francis. 2014. — С. 299. — ISBN 9781134055234.
- ^ а б «Il proclama di Rimini». Il Ponte
- ^ а б Sacco, Antonio (30.05.2020). «Unificare l’Italia, il sogno di Murat». Corriere della Sera.
- ^ а б в Gambetti, Nicola (20.06.2023). «Monumenti sopravvissuti: l’Arco d’Augusto». Rimini Sparita.
- ^ а б Susini, Daniele (6.07.2016). «Guerra sul confine orientale della linea gotica: il caso Rimini». Novecento.org. — С. 6. — doi:10.12977/nov129.
- ^ «La Linea Gotica». La Città Invisibile.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Афіцыйны сайт. (італ.)