Рэфэрэндум у Беларусі 2022 году

рэферэндум

Рэфэрэ́ндум у Белару́сі 2022 го́ду — імітацыя ўсенароднага галасаваньня, якая адбылася 27 лютага 2022 году ва ўмовах расейскай узброенай акупацыі краіны і тэрору марыянэткавага прарасейскага рэжыму Лукашэнкі.

20 студзеня 2022 году Аляксандар Лукашэнка падпісаў Указ № 14 «Аб прызначэньні рэспубліканскага рэфэрэндуму» на 27 лютага 2022 году з фармулёўкай: «Ці прымаеце Вы зьмяненьні і дапаўненьні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь?» Прапанаваныя папраўкі ў Канстытуцыю прыкладаліся да Ўказу[1]. 22 студзеня 2022 году праект Канстытуцыі з папраўкамі абнародавалі па-беларуску[2]. 4 сакавіка 2022 году ў Палацы Незалежнасьці А. Лукашэнка падпісаў рашэньне рэспубліканскага рэфэрэндуму. У прысутнасьці звыш 1000 чыноўнікаў Лукашэнка заявіў: «абноўлены Асноўны Закон уступіць у сілу 15 сакавіка — у Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь»[3]. Сярод іншага, у 18-ы артыкул Канстытуцыі на рэфэрэндуме ўнесьлі папраўку, паводле якой: «Рэспубліка Беларусь выключае ваенную агрэсію са сваёй тэрыторыі ў адносінах да іншых дзяржаваў»[2]. Тым часам, з 24 лютага 2022 году расейскія войскі працягвалі ажыцьцяўляць ваенную агрэсію ў адносінах Ўкраіны, у тым ліку з тэрыторыі Беларусі. Пагатоў, у дзень рэфэрэндуму А. Лукашэнка пацьвердзіў, што з чарнобыльскіх раёнаў Беларусі, дзе на вучэньнях «Саюзная рашучасьць-2022» былі расейскія войскі, запускаліся ракеты па пазыцыях ва Ўкраіне[4].

Права ўдзелу

рэдагаваць

Могуць галасаваць асобы:

  • грамадзяне Беларусі
  • узрост 18 гадоў і болей

Пытаньні галасаваньня

рэдагаваць

Галасаньне будзе праведзенае з прычыны народных выступленьняў па прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі 2020 году.

Правядзеньне галасаваньня

рэдагаваць

Падкантрольнае Лукашэнку ЦВК Беларусі правяло галасаваньне, падлік галасоў і абвяшчэньне вынікаў галасаваньня. Утварыліся часовыя ўрады, расфармаваныя па галасаваньні:

  • абласныя ўрады — Тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі:
    • Берасьцейская
    • Віцебская
    • Гарадзенская
    • Гомельская
    • Менская абласная
    • Менская гарадзкая
  • раённыя ўрады, падпарадкаваныя адпаведным тэрытарыяльным камісіям
  • участковыя камісіі, падпарадкаваныя адпаведным раённым ўрадам.

Галасаваць будуць на выбарчым участку.

Спосабы падману вынікаў

рэдагаваць

Спосабам падману вынікаў галасаваньня будзе:

  • таемнасьць падліку галасоў
  • абвяшчэньне вынікаў галасаваньня па таемным выніках падліку галасоў.
Рэфэрэндум у Беларусі 2022 году
За або супраць Колькасьць галасоў Адсотак
  За 4 440 830 86.64%
Супраць 684 946 13.36%
Сапраўдных галасоў 5 125 776 95.64%
Колькасьць галасоў, прызнаных несапраўднымі 233 627 4.36%
Агульная колькасьць галасоў 5 359 403 100.00%
Яўка 78.63%
Колькасьць выбарнікаў 6 815 635

Пратэсты

рэдагаваць

22 лютага 2022 году, у 1-ы ж дзень датэрміновага галасаваньня, Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі паведаміла пра «спробы правядзеньня пратэстных акцыяў» у выглядзе дэманстраваньня бел-чырвона-белых сьцягоў, а таксама нанясеньня надпісаў на будынкі і «расклейвання ўлётак, накіраваных супраць рэфэрэндуму»[5].

4 лютага 2022 году старшыня Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Зянон Пазьняк абнародаваў артыкул «Што трэба ведаць пра рэфэрэндум», у якім заўважыў: «рэфэрэндум рэжыму, які прызначаны на 27 лютага, не павінен праводзіцца... з прычыны прысутнасьці чужога расейскага войска на беларускай тэрыторыі» (зь 17 студзеня 2022 году), якога «заехала 30 тысячаў». Зянон Пазьняк падкрэсьліў: «Рэфэрэндум ня можа прызначаць самазванец,... не прызнаны народам... кіраўнік улады, якім зьяўляецца ў Беларусі Аляксандар Лукашэнка. Рэфэрэндум ня можа аб’яўляць нелегітымная ЦВК». Таму Пазьняк заклікаў да байкоту галасаваньня: «грамадзтва, адказнае за свой лёс і за лёс краіны, ня мусіць прымаць удзел у незаконным рэфэрэндуме». Сярод іншага, Зянон Пазьняк заявіў: «Лукашэнка зацікаўлены захаваць сваю абсалютную ўладу шляхам маніпуляцыі з канстытуцыяй і стварэньнем фікцыі транзыту ўлады. За аснову ўзятая казахстанская мадэль Назарбаева. Ствараецца прызначальны ворган — Усебеларускі народны сход (УНС), — да якога павінна перайсьці ўся паўната ўлады і кантроль над выканаўчай уладай. На чале УНС становіцца Лукашэнка. Выбіраецца прэзыдэнт, які захоўвае выканаўчыя функцыі ўлады і будзе падкантрольны УНС і Лукашэнку. Гэта азіяцкая мадэль улады, абапертая на клянавую сыстэму грамадзтва, магла б доўга існаваць у Казахстане, калі б ні ўмяшалася Масква. У Беларусі, дзе няма клянавай сыстэмы грамадзтва, уплыў Масквы на ўладу пры новай канстытуцыі быў бы непасрэдным і шматкроць большым. Фармальна закладзенае ў такой мадэлі двоеўладзьдзе стала б маніпуляцыйным рычагом Масквы для ціску на сыстэму ўлады рэжыму». У сувязі з апошнім Пазьняк заўважыў: «Масква зацікаўленая ў скасаваньні палажэньняў аб нэўтралітэце Беларусі і аб бязьядзерным статусе краіны. У маскоўскім інтарэсе ёсьць зацьвярджэньне сыстэмы ўлады з УНС і з прэзыдэнтам». Урэшце, старшыня Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ патлумачыў разьлік байкоту: «Для фальсыфікацыйнай машыны галасаваньня важна, каб людзі прыйшлі на ўчасткі і прагаласавалі. Тады вынік машына зробіць сама і схлусіць пра ўсенародную падтрымку рэжыму. Каб паказаць рэжымную хлусьню, трэба пакінуць фальсыфікацыйную машыну працаваць ў халастую і не хадзіць галасаваць»[6].

  1. ^ А. Лукашэнка. Указ прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 20 студзеня 2022 г. № 14 «Аб прызначэньні рэспубліканскага рэфэрэндуму» // Зьвязда : газэта. — 22 студзеня 2022. — № 14 (29636). — С. 46. — ISSN 1990-763x.
  2. ^ а б Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь са зьмяненьнямі і дапаўненьнямі, якія выносяцца на рэфэрэндум // Зьвязда. — 22 студзеня 2022. — № 14 (29636). — С. 713.
  3. ^ Валерыя Сьцяцко. Новая рэдакцыя Канстытуцыі — гэта народны дакумэнт // Зьвязда : газэта. — 5 сакавіка 2022. — № 45 (29667). — С. 1, 2. — ISSN 1990-763x.
  4. ^ Марыя Дадалка. Канстытуцыя прапісаная ў духу народа, жаданьняў, якія ёсьць у народа // Зьвязда. — 28 лютага 2022. — № 40 (29662). — С. 2, 3.
  5. ^ МУС: спробы пратэстаў супраць рэфэрэндуму малалікія // Газэта «Зьвязда», 22 лютага 2022 г. Праверана 22 лютага 2022 г.
  6. ^ Зянон Пазьняк. Што трэба ведаць пра рэфэрэндум // Партал «Беларуская Салідарнасьць», 7 лютага 2022 г. Архіўная копія ад 9 лютага 2022 г. Праверана 10 лютага 2022 г.