Рыгор Няхай
Рыгор Восіпавіч Няхай (5 сьнежня 1914, Сяліба, Бярэзінскі раён, Менская вобласьць — 25 ліпеня 1991, Менск) — беларускі пісьменьнік.
Рыгор Няхай | |
![]() | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 5 сьнежня 1914 |
Памёр | 25 ліпеня 1991 (76 гадоў) |
Пахаваны | |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | пісьменьнік |
Узнагароды |
Жыцьцяпіс Рэдагаваць
Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Скончыў Менскі пэдагагічны тэхнікум (1935), выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Калодзішчанскай сярэдняй школе пад Менскам. Завочна скончыў літаратурны факультэт Менскага настаўніцкага інстытуту ў 1939 годзе. У 1939 годзе прызваны ў Чырвоную Армію. Спачатку ён служыў ва Ўкраіне. Разам з будучым паэтам Пятром Прыходзькам ён выпускаў у дывізійнай газэце літаратурную старонку на беларускай мове, паколькі ў палку, дзе яны служылі, было шмат беларусаў.
У пачатку жніўня 1941 году полк, дзе служыў Няхай, апынуўся на Паўднёвым фронце. У складзе гэтага палка ён змагаўся пад Кахоўкай, удзельнічаў у абароне Данбасу, у баях на Данцы каля Лісічанска. У ліпені 1942 году ў раёне Варашылаўграда Рыгор Няхай апынуўся ў акружэньні. Прабіцца да сваіх не атрымалася. Тады падабралася група чырвонаармейцаў і камандзіраў, якая накіравалася на поўнач з мэтай далучыцца да партызан або ў лясных раёнах перайсьці лінію фронту. Ішлі начамі, днём адпачывалі ў стэпе. Нарэшце яны патрапіць на сьляды Чарнігаўскага партызанскага злучэньня пад камандаваньнем будучага Героя Савецкага Саюза Юрыя Збанацкага. У Каневе зь мясцовых жыхароў стварыў і ўзначаліў невялікі партызанскі атрад імя Тараса Шаўчэнкі. З радыястанцыяй прабраўся ў Кіеў для сувязі з падпольлем. У 1942-1943 гадах выконваў заданьні Галоўнага разьведупраўленьня Савецкай Арміі ў тыле ворага (у раёне Кіеву-Чаркас — Чарнігава). Пасьля быў начальнікам асобага аддзелу партызанскага злучэньня Збанацкага. Удзельнічаў у баявых дзеяньнях на тэрыторыі Польшчы, Нямеччыне, Чэхаславаччыне, Аўстрыі, Вугоршчыны. Закончыў вайну на Эльбе[1].
З 1946 году працаваў у газэце «Літаратура і мастацтва». У 1952—1954 гадах — загадчык аддзелу крытыкі і публіцыстыкі часопіса «Полымя», у 1956—1957 гадах — рэдактар Дзяржаўнага выдавецтва БССР. Сябра СП СССР з 1946 году.
Творчасьць Рэдагаваць
Друкавацца пачаў у 1935 годзе. Гэта вершы “Баявому таварышу”, які быў апублікаваны ў зборніку “Аднагодкі”, “Песьню гучную птушкі пяюць…”(“Калгаснік Беларусі”, 30 жніўня). “Ураджай”(“ЛіМ”, № 44), “Сустрэча чырвоных байцоў”(“Піянер Беларусі”, 9 кастрычніка”).
- 1939 — «Па сонечных узгорках», зборнік вершаў
- 1950 — «Мае пакаленне», зборнік вершаў
- 1954 — «Вялікі мой і ціхі акіян», зборнік вершаў
- 1958 — «Навальнічнае рэха», зборнік апавяданьняў і аповесьцей
- 1961 — «Размова з восенню», зборнік вершаў
- 1962 — «Пра храбрага хлопчыка», дзіцячыя вершы
- 1962 — «Героі не адступаюць», зборнік апавяданьняў і аповесьцей
- 1966 — «Сарочы лес», зборнік апавяданьняў і аповесьцей
- 1967 — «Алёшка-атаман», зборнік апавяданьняў і аповесьцей
- 1968 — «Минская область» (1968, 2-е дапоўненае і перапрацаванае выданьне ў 1974), нарыс
- 1968 — «Як расцвітае кветка», дзіцячыя апавяданьні
- 1971 — «Туман над стэпам», зборнік апавяданьняў і аповесьцей
- 1973 — «Асеннія пракосы», зборнік вершаў (выбранае)
- 1976 — «Шлях на Эльбу», зборнік апавяданьняў і аповесьцей
- 1982 — «Слова сябрам», зборнік вершаў
- 1983 — «Я з табою, гвардыя», аповесьць для дзяцей
- 1984 — Выбраныя творы ў 2 тамах.
На беларускую мову пераклаў «Дзень айца Сойкі» Сьцяпана Тудара (1952), «Над Чарамошам» Міхаіла Стэльмаха (1955), «Памфлеты» Юрыя Мельнічука (1961), асобныя творы Аляксандра Твардоўскага, Максіма Рыльскага, Паўла Тычыны, Андрэя Малышкі, Ю. Збанацкага і іншых расейскіх і ўкраінскіх пісьменьнікаў.
Зрабіў літаратурны запіс кніг «Партызанскі край» Віктара Лівенцава (1950), «Браты па зброі» Івана Вятрова (1962), «Палескія былі» Івана Шубітыдзэ (1969).
Узнагароды Рэдагаваць
- Ордэн Айчыннай вайны II ступені
- Ордэн Чырвонай Зоркі
- Ордэн «Знак Пашаны»
- мэдалі
Крыніцы Рэдагаваць
- ^ Настаўнік, разведчык, пісьменнік Рыгор Няхай, Роднае слова, 2015, №5 С. 14-17
Літаратура Рэдагаваць
- Беларускія пісьменьнікі : біябібліяграфічны слоўнік. — Т. 4. — Мн., 1994.
Вонкавыя спасылкі Рэдагаваць
- Творы Рыгора Няхая на Беларускай Палічцы