Радыкулі́т (лац. radicula + itis — карэньчык + запаленьне) — пашкоджаньне карэньчыкаў сьпіннамазгавых нэрваў, што выклікае страту рухомасьці ў выніку раптоўнага болю. Пасьля наступнага працяглага знаходжаньня ў аднолькавай паставе боль узмацняецца праз парушэньне кровазвароту ў вобласьці сьпіны[1]. Прычынай служыць запаленьне у карэньчыках нэрваў. Бывае востры і хранічны, першасны (інфэкцыйны і таксічны) і другасны (абумоўлены ўплывам суседніх тканак пры зьменах у хрыбетніку)[2].

Папярэджаньне

рэдагаваць

Прадухіленьню хваробы спрыяе штодзённая расслабляльная разьмінка цягліцаў сьпіны. Дастаткова прылегчы на сьпіну, абхапіць рукамі сагнутыя ў каленях ногі, прыцягнуць ногі да грудзей і 5-кратна паківацца на падлозе ў прынятай паставе. Адначасна пальцамі рук варта ўпірацца і паціскваць у падкаленную ямку. Іншае карыснае практыкаваньне прадугледжвае закідваньне нагі за нагу ў сядзячым стане з наступным яе выпростваньнем пад прамым кутом. Пагатоў ступня другой нагі мае цалкам абапірацца на падлогу. Для выніковасьці стае 5-кратнага выкананьня практыкаваньня для кожнай нагі. Затым варта цягам 30 сэкундаў паціскаць мезенец кожнай рукі[1].

Чыньнікі

рэдагаваць

Узьнікненьню хваробы спрыяе астэахандроз (адкладаньне соляў), пашкоджаньне хрыбетніка, міжпазванковая кіла, стрэс, парушэньне абмену рэчываў, заражэньне і ўздым цяжару[3].

Хвароба выяўляецца праз раптоўны боль у сьпіне бяз бачнай прычыны. Можа суправаджацца павышэньнем тэмпэратуры, спазмамі страўніка, болем у грудзях і цяжкім дыханьнем. Таксама боль у сьпіне можа аддаваць у калена і ступню[1]. Назіраецца зьніжэньне цяглічнай сілы, здранцьвеньне, паколваньне і сьверб у канцавінах[3].

  • Паясьнічны (паясьнічна-крыжавы; ішыалгія). Найбольш распаўсюджаны, у тым ліку найбольш распаўсюджаная хвароба пэрыфэрычнай нэрвовай сыстэмы[2]. Паражае сядалішчную нэрву ў паясьнічным аддзеле хрыбетніка. Выклікае рэзкі і раптоўны боль у паясьніцы, які можа аднабакова аддаваць у сьцягно і крумянкі. Уначы можа турбаваць страляльны боль у паясьніцы і назе. Адзначаецца зьніжэньне цяглічнай сілы ў нагах. Часам адчувальнасьць ног зьнікае цалкам.
  • Грудны. Выклікае боль, паколваньне, здранцьвеньне і зьніжэньне цяглічнай сілы рук у выніку паражэньня ў грудным аддзеле хрыбетніка. Прычынай узьнікненьня бывае артроз, міжпазванковая кіла, остэафіт і пашкоджаньне хрыбетніка.
  • Шыйны. Выклікае раптоўны боль у шыі, які распаўсюджваецца на цягліцы рук. Можа зьявіцца пры згінаньні галавы і ўзмацняцца пры павароце галавы. Уначы можа турбаваць рэзкі колючы боль у шыі і руках. Назіраецца істотнае аслабленьне цяглічнай сілы ў руках да поўнай страты адчувальнасьці.
  • Шыйна-грудны.
  • Шыйна-плечавы[3].
  1. ^ а б в Вольга Шаўко. Прыхапіла паясьніцу // Зьвязда : газэта. — 14 верасьня 2005. — № 175 (25507). — ISSN 1990-763x.
  2. ^ а б Уладзімер Кульчыцкі. Радыкуліт // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2001. — Т. 13. — С. 239. — 576 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0216-4
  3. ^ а б в Радыкуліт // Сайт «Няма хворага», 2016 г. Праверана 25 кастрычніка 2016 г.