Піліп Мядзьведзь
Пілі́п Дзям’я́навіч Мядзьве́дзь (1889/1890, в. Масева, Пружанскі павет, Гарадзенская губэрня, Расейская імпэрыя — 27 лістапада 1937, Масква) — савецкі дзяржаўны дзяяч, удзельнік барацьбы за ўсталяваньне савецкай улады ў БССР і РСФСР. Адзіны беларус-старшыня органаў дзяржбясьпекі ў БССР[1][2].
Піліп Мядзьведзь | ||||
Старшыня УНКУС СССР па Ленінградзкай вобласьці | ||||
---|---|---|---|---|
15 ліпеня 1934 — 3 сьнежня 1934 | ||||
Папярэднік: | — | |||
Наступнік: | Якаў Агранаў | |||
Старшыня ДПУ пры СНК Беларускай ССР | ||||
7 красавіка 1924 — 3 сьнежня 1925 | ||||
Папярэднік: | Станіслаў Пінталь | |||
Наступнік: | Раман Піляр | |||
Старшыня Маскоўскага губэрнскага аддзелу ДПУ | ||||
7 сакавіка 1922 — 24 сьнежня 1923 | ||||
Старшыня Петраградзкай губэрнскай НК | ||||
5 траўня 1919 — 30 жніўня 1919 | ||||
Старшыня Тульскай губэрнскай НК | ||||
верасень 1918 — 1919 | ||||
Папярэднік: | Дзьмітры Пракудзін | |||
Наступнік: | Дзьмітры Пракудзін | |||
Асабістыя зьвесткі | ||||
Нарадзіўся: |
1890 в. Масева, Пружанскі павет, Гарадзенская губэрня | |||
Памёр: |
27 лістапада 1937 Масква, РСФСР | |||
Партыя: | РСДРП | |||
Узнагароды: |
|
Жыцьцяпіс
рэдагавацьНавучаўся ў Варшаўскай тэхнічнай вучэльні Вавэльбэрга і Ротванда(pl), пасьля трэцяга курсу (1906) выключаны за ўдзел у забастоўцы.
У 1906—1917 працаваў тэхнікам-будаўніком у магістраце Варшавы, у 1907 па рэкамэндацыі Фэлікса Дзяржынскага прыняты ў Сацыял-дэмакратыю Каралеўства Польскага і Літвы(pl). У сакавіку 1917 пераехаў у Маскву і ўладкаваўся на працу ў майстэрню. Зь лістапада 1917 да траўня 1918 пасьлядоўна займаў пасады сябра Сакольніцкага раённага вайскова-рэвалюцыйнага камітэту, старшыні 1-га Маскоўскага рэвалюцыйнага атраду, вайсковага камісара Сакольніцкага раёну.
Ад траўня 1918 на працы ў Надзвычайнай камісіі: сябра Кантрольнай калегіі ВЧК пры Саўнаркаме РСФСР, ад верасьня — старшыня Тульскай губэрнскай НК. 27 сакавіка 1919—1920 — сябра калегіі ВЧК пры СНК РСФСР, адначасна з 5 траўня 1919 да 30 жніўня 1919 старшыня Петраградзкай губэрнскай НК. Адзін з арганізатараў «чырвонага тэрору» ў Петраградзе, асабіста кіраваў здушэньнем паўстаньня ў фартох(ru) Кранштату.
30 жніўня 1919 — кастрычнік 1919 — старшыня Асобага аддзелу ВЧК Заходняга фронту, пасьля загаднік Аддзелу прымусовых працаў НКУС РСФСР. У сьнежні ізноў вернуты на пасаду старшыні Асобага аддзелу ВЧК Заходняга фронту, ад студзеня 1921 спалучаў таксама пасаду паўнамоцнага прадстаўніка ВЧК па Заходнім краі.
Лістапад 1921 — сьнежань 1923 — старшыня Маскоўскага акруговага транспартнага аддзелу НК, намесьнік старшыні Маскоўскага губэрнскага аддзелу НК, старшыня Асобага аддзелу ВЧК — ДПУ — АДПУ Маскоўскае вайсковае акругі.
7 красавіка 1924 — 3 сьнежня 1925 — паўнамоцны прадстаўнік АДПУ пры СНК СССР па Заходнім краі, старшыня ДПУ пры СНК БССР. Удзельнічаў у апэрацыі па арышце ў Менску Барыса Савінкава (1924)[3], пры ім была арыштаваная большая частка сябраў Беларускае епархіяльнае ўправы Аўтакефальнай праваслаўнай царквы[4].
12 лютага 1926 — сьнежань 1929 — паўнамоцны прадстаўнік АДПУ пры СНК СССР па Далёка-Ўсходнім краі. З 1 жніўня 1929 таксама старшыня Асобага аддзелу Асобнай Чырванасьцяжнай Далёка-Ўсходняй арміі.
Ад 8 студзеня 1930 — старшыня Асобага аддзелу АДПУ (да 20 красавіка 1932), старшыня Ленінградзкага акруговага транспартнага аддзелу АДПУ (да 20 красавіка 1934), паўнамоцны прадстаўнік АДПУ пры СНК СССР па Ленінградзкай вайсковай акрузе (да 10 ліпеня 1934). Адначасна з 22 лістапада 1931 да 10 ліпеня 1934 — сябра калегіі АДПУ пры Саўнаркаме СССР. 15 ліпеня — 3 сьнежня 1934 — старшыня Ўправы НКУС СССР па Ленінградзкай вобласьці. У Ленінградзе кіраваў арыштамі і высылкай прыхільнікаў Троцкага і Зіноўева, «кулакоў». На загад Кірава зладзіў масавую высылку ў Сыбір дзясяткаў тысячаў асобаў «непралетарскага паходжаньня».
Арыштаваны ў сьнежні 1934 року пасьля забойства Кірава. 23 студзеня 1935 па абвінавачаньні ў «злачыннай халатнасьці» прыгавораны да трох рокаў выпраўленчых працаў і сасланы на Калыму. Працаваў намесьнікам начальніка Аратуканскага горна-прамысловага раёну, начальнікам Паўднёвае горна-прамысловае ўправы Галоўнае ўправы будаўніцтва Далёкай Поўначы НКУС СССР. 7 верасьня 1937 ізноў арыштаваны, 27 лістапада расстраляны за «ўдзел у польскай вайсковай арганізацыі». Рэабілітаваны 17 сьнежня 1957.
Узнагароды
рэдагавацьДва ордэны Чырвонага Сьцягу (1922, 1930).
Знак «Ганаровы работнік ВЧК-ДПУ» (1932)[5].
Сям’я
рэдагавацьЖонка Раіса Міхайлаўна і 14-гадовы сын Міхаіл падзялілі лёс бацькі[6]. Сымбалічны кенатаф Піліпа Мядзьведзя і ягонай сям’і разьмешчаны ў Маскве на Новых Данскіх могілках, каля магілаў ягоных бацькоў, братоў і сястры[6].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Панкавец, Зьміцер (21 красавіка 2012) За гады савецкай улады толькі адзін беларус узначальваў спэцслужбы БССР. «наша Ніва». Праверана 29 кастрычніка 2018 г.
- ^ Кароткія біяграфіі кіраўнікоў Гісторыя органаў дзяржаўнай бяспекі. КДБ РБ. Праверана 29 кастрычніка 2018 г.
- ^ Мядзведзь Піліп. Slounik.org. Праверана 26 студзеня 2012 г.
- ^ Уладзімер Навіцкі. Палітыка расколу Расейскай праваслаўнай царквы ў Беларусі (1920-я гг.) // Беларускі гістарычны часопіс : часопіс. — 2003. — № 2-3 (46-47). — С. 40-48; 18-24. — ISSN 1993-1999.
- ^ Медведь Филипп Демьянович (рас.) История повседневности Праверана 26 студзеня 2012 г.
- ^ а б Медведь Филипп Демьянович (1890—1937) (рас.) Руководители органов госбезопасности, внутренних дел, суда Праверана 1 лістапада 2018 г.