Пётар Бакач
Пётар Бакач (к. 1910, Вільня ці к. Ізабэліна[2] — ?) — беларускі грамадзка-культурны дзяяч. Кандыдат філязофіі[3].
Пётар Бакач | |
Дата нараджэньня | 1 красавіка 1907 |
---|---|
Месца нараджэньня | |
Дата сьмерці | невядома |
Месца вучобы |
|
Занятак | палітык, філёляг, публіцыст, гісторык літаратуры |
Навуковая сфэра | сацыяльная ангажаванасьць[d][1], філялёгія[1], публіцыстыка[1] і гісторыя літаратуры[d][1] |
Месца працы | |
Сябра ў | Беларускі камітэт самапомачы і Беларуская цэнтральная рада |
Жыцьцяпіс
рэдагавацьВучыўся ў Віленскай беларускай гімназіі. У лістападзе 1932 асуджаны на чатыры гады зьняволеньня за працу ў Грамадзе.
Пасьля вызваленьня выехаў у Прагу, скончыў Карлаў унівэрсытэт, браў удзел у працы беларускай эміграцыі ў Чэхаславакіі. Працаваў на розных падсобных працах. Сябраваў з Ларысай Геніюш[2].
Аўтар «Падручніка нямецкага языка для Беларусаў». Кніга выдавалася вельмі пасьпешна, паводле ўспамінаў выдавецкай групы: «Кніжка гэтая, у пачатку сваім апрацаваная кандыдатам філёзофіі Петрам Бакачом, у кароткім часе (няпоўныя тры месяцы), падчас здаваньня яе часткамі ў друк, зьмянялася і дапаўнялася»[3]. У апрацоўцы падручніка супрацоўнічалі з аўтарам бэрлінскія дзеячы Мікалай Шкялёнак, Э. і Анатоль Шкуткі і С. Саўчук, а праскі прадпрымальнік В. Русак аказваў Бакачу матэрыяльную дапамогу падчас яго працы над рукапісам. Падручнік зацікавіў бэрлінская выдавецкая фірма Bernard und Graefe, якая яго надрукавала ва ўласнай друкарні ў красавіку або на пачатку траўня 1941 г. Нягледзячы на даволі значны аб’ём (357 старонак) і наклад у некалькі тысячаў асобнікаў, ні аўтар, ні выдавецтва не баяліся фінансавай рызыкі, паколькі запатрабаваньне на гэтую кнігу перавышала ўсе разьлікі і спадзяваньні. Як паведамлялася ў прадмове, ужо падчас друку падручніка была прададзена авансам амаль палова накладу[4].
Напрыканцы 1940 тэхнічны супрацоўнік выдавецтва «Карэспандэнцыйных курсаў беларусаведы»[4].
Пісаў артыкулы ў часопісе «Іскры Скарыны» (Прага) і «Рэха» (Парыж), дасьледчык гісторыі беларускай літаратуры.
Сакратар Самапомачы ў Празе. Як згадвала Ларыса Геніюш: «Камітэт ніякай дзейнасьці не праводзіў, а невялікую суму членскіх узносаў я проста аддавала пад распіску Бакачу, бо сапраўды ён ня меў з чаго жыць»[2].
Высланы Ермачэнка на працу ў Нямеччыну. Напрыканцы 1943 узначаліў бэрлінскі філіял Беларускага камітэту самапомачы, працаваў у беларускім аддзеле міністэрства прапаганды. 20 студзеня 1945 уведзены ў склад Беларускай цэнтральнай рады. Пасьля капітуляцыі Нямеччыны арыштаваны СМЕРШам у Бэрліне, сасланы ў Магаданскі лягер, зь якога пасьля сьмерці Сталіна быў вызвалены.
Далейшы лёс невядомы.
Творчасьць
рэдагаваць- Падручнік нямецкага языка для Беларусаў. — Бэрлін, 1941
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б в г Нацыянальная служба Чэскай рэспублікі
- ^ а б в Ларыса Геніюш. Споведзь(недаступная спасылка). — Мн.: «Мастацкая літаратура», 1993. — 271 с.: іл. ISBN 5-340-00876-2.
- ^ а б Барыс Сачанка. Беларуская эміграцыя. — Мн.: Рэдакцыя газеты «Голас Радзімы», 1991. — 112 с.
- ^ а б Аўтары і выдаўцы // Туронак Ю. Беларуская кніга пад нямецкім кантролем (1939—1944). — Менск: Беларускі Гістарычны Агляд, 2002. — (Бібліятэка часопіса «Беларускі Гістарычны Агляд»).
Літаратура
рэдагаваць- Бакач Пётар // Туронак Ю. Беларуская кніга пад нямецкім кантролем (1939—1944). — Менск: Беларускі Гістарычны Агляд, 2002. — 144 с. — (Бібліятэка часопіса «Беларускі Гістарычны Агляд»). — 300 ас.