Прыднястроўскі канфлікт

Прыднястроўскі канфлікт 1991—1992 гадоў — ваенны канфлікт паміж рэгулярнай арміяй і паліцыяй Малдовы, і вайсковымі фармаваньнямі Прыднястроўскай Малдаўскай Рэспублікі, выкліканы незадаволенасьцю славянскага насельніцтва рэгіёну, якое складае большасьць, прарумынскай арыянтацыяй кіраўніцтва Малдовы, увядзеньнем румынскага сьцягу, пераходам малдаўскай мовы на лацінскую графіку, а асабліва адмовай уладаў прызнаць афіцыйны статус моваў нацыянальных меншасьцяў (расейцаў, украінцаў, гагавузаў) нават у месцах іх кампактнага пражываньня і магчымай пэрспэктывай уваходжаньня Малдовы ў склад Румыніі.

Перадгісторыя канфлікту

рэдагаваць

У 1988—1989 гадах на хвалі перабудовы ў Малдове пачалі зьяўляцца антысавецкія і антырасейскія арганізаціі, якія актыўна распальвалі міжнацыянальную варожасьць і заклікалі да дыскрымінацыі іншых нацыянальнасьцяў. Нацыяналісты аб’ядноўваюцца ў Народны Фронт. Нацыяналістычныя настроі падтрымліваюцца тагачасным кіраўніцтвам краіны, якое пачало ствараць канцэпцыю Малдовы як другой Румынскай дзяржавы. У лютым 1989 году апублікаваны праект закону «Аб функцыянаваньні моваў на тэрыторыі Малдаўскай ССР», які прадугледжваў адміністратыўную і крымінальную адказнасьць за карыстаньне іншай мовай, акрамя малдаўскай, якая абвяшчалася адзінай дзяржаўнай. Гэта выклікала забастоўкі, пачалі стварацца саветы працоўных калектываў і орган іх кіраваньня — Аб’яднаны савет працоўных калектываў — правобраз органаў самакіраваньня. Тыраспальскі гарсавет заклікаў Вярхоўны Савет прыняць закон аб функцыянаваньні на тэрыторыі Малдовы расейскай і малдаўскай моваў.

31 жніўня ВС прымае Закон «Аб функцыянаваньні моваў», у якім адзінай дзяржаўнай мовай абвешчаная малдаўская на аснове лацінскай графікі. З 21 жніўня ў краіне пачалася масавая палітычная забастоўка, на тэрыторыі Прыднястроўя ў ёй прынялі ўдзел больш за 200 тысячаў чалавек, г. зн. практычна ўсе актыўнае насельніцтва рэгіёну. Мясцовыя саветы Бэндэру і Тыраспалю прыпыняюць на своёй тэрыторыі дзеяньне закону.

У студзені 1990 году ў Тыраспалі праведзены гарадзкі рэфэрэндум, згодна зь якім Тыраспаль аб’яўлены самастойнай тэрыторыяй, такія ж рашэньні прымаюцца і ў іншых раёнах Прыднястроўя.

У пачатку 1990 году прайшлі новыя выбары Вярхоўнага Савету МССР, якія прывялі да далейшай палярызацыі сіл. Парлямант прымае новы сьцяг, абвяшчае дзяржаўную самастойнасьць Малдовы, старшынём ВС абраны прадстаўнік Народнага Фронту Мірча Сьнегур. У той жа час Ігар Сьмірноў абраны старшынём гарадзкога Савету Тыраспалю. Гарсаветы Тыраспалю, Бэндэру, Рыбніцы прыпыняюць на іх тэрыторыях дзеяньне закону аб дзяржаўным сьцягу. У траўні 1990 году каля 100 дэпутатаў, якія знаходзіліся ў апазыцыі да Народнага Фронту, пасьля шматлікіх пагроз і зьбіцьцяў прыпыняюць удзел у працы Вярхоўнага Савету. У червені 1990 праходзіць I Зьезд дэпутатаў Прыднястроўя, на якім была выказана ідэя аб незалежнасьці рэгіёну. Малдаўскія ўлады абвясьцілі Зьезд незаконным.

У ліпені — жніўні ў Прыднястроўі праводзяцца рэфэрэндумы па пытаньні аб уступленьні ў Прыднястроўскую АССР у выпадку яе стварэньня, на якіх пераважная большасьць насельніцтва галасуе станоўча. 21 жніўня было абвечшана аб стварэньні Гагавускай ССР, а 2 верасьня Надзвычайны Зьезд дэпутатаў Прыднястроўя абвясьціў стварэньне Прыднястроўскай Малдаўскай ССР і абраў яе часовы Вярхоўны Савет, старшынём якога быў прызначаны Ігар Сьмірноў.

Пачатковая стадыя і разьвіцьцё канфлікту

рэдагаваць

Восень 1990 году — пачатак узброеных сутыкненьняў паміж арміяй і паліцыяй Малдовы і прыднястроўцамі. Першыя ахвяры зьявіліся 2 лістапада, калі малдаўская паліцыя прымяніла зброю супраць мірнай дэманстрацыі ў Дубасарах: 3 чалавекі загінулі, 16 паранена. У лістападзе Часовы Вярхоўны Савет пераймяноўвае Прыднястроўскую Малдаўскую ССР у Прыднястроўскую Малдаўскую Рэспубліку, праводзяцца выбары ў Вярхоўны Савет ПМР.

На працягу 1991 году адбываюцца шматлікія сутыкненьні на Дубасарскім кірунку, арышты дзяржаўных дзеячоў ПМР, у тым ліку і Ігара Сьмірнова. IV Зьезд дэпутатаў прымае рашэньне аб зацьвярджэньні канстытуцыі, сьцягу і гербу ПМР, пачалося фармаваньне народнага апалчэньня і Ўзброеных Сілаў ПМР — Рэспубліканскай гвардыі. Пад ціскам грамадзкасьці ПМР, што заблякавала чыгуначныя магістралі, улады Малдовы вымушаны былі выпусьціць актывістаў ПМР. У сьнежні на першых прэзыдэнцкіх выбарах ПМР Ігар Сьмірноў набірае 65% галасоў. На праходзячым адначасова рэфэрэндуме аб незалежнасьці станоўча галасуюць 98% прыднястроўцаў. На выбарах у Малдове перамог Мірча Сьнегур. У Дубасарах зноў адбыліся жорсткія сутыкненьні.

2 сакавіка пачаўся паўнавартасны вайсковы канфлікт, калі вайсковыя фармаваньні Малдовы ў чарговы раз атакавалі Дубасары, падчас чаго былі забітыя і параненыя. Непасрэдным пачаткам адкрытай вайны стала забойства ў Дубасарах малдаўскімі паліцэйскімі капітана дубасарскай міліцыі Ігара Сіпчанкі, паехаўшага на выклік, які быў правакацыяй малдаўскай паліцыі. Пачаліся перастрэлкі паміж казакамі і гвардзейцамі з прыднястроўскага боку, і атрадам паліцыі асобага прызначэньня і малдаўскімі і румынскімі валанцерамі — з малдаўскага. Прыднястроўцам удалося захапіць у палон некалькі дзясяткаў паліцэйскіх. Малдаўскія часьці захапілі Качыерскі полк 14-й расейскай арміі, які неўзабаве адбілі часьці ПМР. У ноч з 3 на 4 сакавіка ў Дубасарах расстраляная машына хуткай дапамогі. Загінула цяжарная жанчына і яшчэ некалькі людзей. 6 сакавіка ў Дубасарскім раёне абвешчана надзвычайнае становішча. 14 сакавіка на тэрыторыі Прыднястроўя адбыўся шэраг тэрактаў, у гэты ж дзень малдаўская паліцыя на БТР-ах напала на прыднястроўскія ваенныя фармаваньні непадалёк ад сяла Кошыца. Прыднястроўцам удалося адбіць атаку і падбіць адзін БТР.

Гэтая чарговая параза малдаўскай паліцыі прывяла да ўзмацненьня радыкальна нацыяналістычных настрояў у малдаўскім грамадзтве. Пачалася мабілізацыя рэзэрвістаў у малдаўскую армію, Малдова зьвярнулася па ваенную дапамогу да Румыніі і захапіла маёмасьць савецкай арміі на сваёй тэрыторыі. У адказ на гэта Ігар Сьмірноў увеў у Прыднястроўі надзвычайнае становішча і падпісаў загад аб народным апалчэньні зь мясцовых жыхароў і расейскіх дабравольцаў. Адбываюцца баі паміж паліцыяй і гвардзейцамі і бэндэрскімі апалчэнцамі. 9 красавіка на дапамогу малдаўскім паліцэйскім і валянтэрам накіраваныя часьці рэгулярнай арміі Малдовы. Да сярэдзіны траўня вайна прыняла пазыцыйны характэр. З абодвух бакоў выкарыстоўвался цяжкая артылерыя і бронетэхніка.

Да сярэдзіны чэрвеня праходзіла сьцягваньне малдаўскіх войскаў да Прыднястроўя, забесьпячэньне іх тэхнікай і навабранцамі. Фармаваліся атрады румынскіх дабравольцаў. 19 чэрвеня малдаўскія войскі атакавалі Прыднястроўе на Бэндэрскім, Рыбніцкім, Кошніцкім і Качыерскім напрамках (усяго ад 7700 да 9000 чалавек, больш за 100 адзінак артылерыі і каля 40 адзінак бронетэхнікі). У Бэндэры разгарнуліся жорсткія крывавыя баі з мноствам ахвяраў. Малдаўскі бок прымяніў авіяцыю. Малдаўская армія не змагла дасягнуць якіх-небудзь значных посьпехаў, і 22 чэрвеня фронт стабілізаваўся.

25 чэрвеня рэзка абвастрылася абстаноўка пад Дубасарамі. Пасьля артылярыйскага абстрэлу Дубасарскай ГЭС і цэнтральнай часткі Дубасараў малдаўская армія перайшла ў наступ пры падтрымцы авіяцыі. Але посьпеху ён ня меў. Да 29 червеня вялася моцная артылерыйская страляніна па пазыцыях прыднястроўцаў. Малдаўскі бок падцягваў да раёну баявых дзеяньняў цяжкую артылерыю. У Бэндэры ішлі баі. Страты сярод цывільнага насельніцтва наблізіліся да 600 забітых і 3000 параненых. Горад пакінулі каля ста тысячаў чалавек.

2 ліпеня малдаўскі бок зноў абстраляў Дубасары, зьявіліся забітыя і параненыя. У выніку ўдару была разбураная сыстэма кіраваньня турбінамі на ГЭС, што прывяло да рэзкага ўздыму вады, які пагражаў экалягічнай катастрофай абодвум берагам. У адказ у ноч з 2 на 3 ліпеня прыднястроўская артылерыя нанесла самы моцны ўдар за ўвесь час вайны сіламі васьмі дывізіёнаў і шасьці мінаметных батарэй. Ён прывеў да шматлікіх ахвяраў з малдаўскага боку і дэмаралізацыі малдаўскай арміі, якая ўбачыла, што няма ніякіх прызнакаў аслабленьня сілаў прыднястроўцаў.

У пачатку ліпеня было дасягнута пагадненьне аб замірэньні. 21 чэрвеня паміж прэзыдэнтамі Расеі Б. М. Ельцынам і Малдовы М. Сьнегурам падпісана пагадненьне «Аб асноўных прынцыпах урэгуляваньня ўзброенага канфлікту ў Прыднястроўскім рэгіене Рэспублікі Малдова», якое паклала канец актыўным баявым дзеяньням.

Постканфліктны пэрыяд

рэдагаваць

Пасьля вайны працягваюцца перамовы аб статусе рэспублікі, якая дэ-факта зьяўляецца незалежнай. Праведзены выбары прэзыдэнта і парлямэнту, прынятая канстытуцыя. Паступова адрадзілася эканоміка. 17 верасьня 2006 году ў Прыднястроўі быў праведзены рэфэрэндум, на якім, згодна з афіцыйнымі зьвесткамі Цэнтарвыбаркаму ПМР, 97,1% удзельнікаў рэфэрэндуму прагаласавалі за незалежнасьць з далучэньнем у будучыні да Расеі, 2,3% — за далучэньне да Малдовы.