І́гар Мікала́евіч Сьмірно́ў (па-расейску: И́горь Никола́евич Смирно́в; нарадзіўся 23 кастрычніка 1941 году ў Петрапаўлаўску-Камчацкім, Расейская СФСР, СССР) — першы прэзыдэнт непрызнанай Прыднястроўскай Малдаўскай Рэспублікі (1991—2011).

Біяграфія

рэдагаваць

Пасьля заканчэньня вучылішча рамёстваў працаваў на Златавустаўскім мэталюргічным заводзе. З 1959 па 1987 год — на Электрамашынабудаўнічам заводзе ў Новай Кахоўцы. Прайшоў шлях ад зваршчыка да намесьніка дырэктара па вытворчасьці. У 1974 скончыў завочна Запароскі машынабудаўнічы інстытут.

З 1987 па 1990 год — дырэктар завода «Электрамаш».

Актыўны ўдзельнік акцыяў пратэсту расейскамоўнага насельніцтва Малдовы супраць праяваў малдаўскага нацыяналізму ў жніўні — верасьні 1989 году. У лютым 1990 году выбраны дэпутатам гарсавету Тыраспалю і народным дэпутатам Вярхоўнага Савету МССР.

У красавіку 1990 году абраны старшынём Тыраспальскага гарадзкога савету. На І Зьездзе дэпутатаў усіх узроўняў Прыднястроўя выбраны старшынём Каардынацыйнага Савету сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця рэгіёну. На ІІ Надзвычайным Зьездзе дэпутатаў усіх узроўняў 2 верасьня 1990 году, які абвесьціў стварэньне прыднястроўскай дзяржавы, выбраны Старшынём Часовага Вярхоўнага Савету ПМССР. Перамог на выбарах прэзыдэнта ПМР у 1991 годзе.

Падчас Прыднястроўскага канфлікту ўзначаліў абарону ПМР, стварыўшы Рэспубліканскую гвардыю і народнае апалчэньне.

Быў абраны прэзыдэнтам яшчэ двойчы — у 1996 і 2001 гадах.

Вярхоўны Галоўнакамандуючы ўзброенымі сіламі самаабвешчанай Прыднястроўскай Малдаўскай Рэспублікі. Доктар эканамічных навук.

Узнагароджаны ўрадавымі ўзнагародамі СССР, ўзнагародамі Расейскай праваслаўнай царквы і Ўкраінскай праваслаўнай царквы (кананічнай).

Мае жонку, двух сыноў.